Іван Тукеркес
Іва́н Ада́мавіч Туке́ркес (1882, Вільня — ?) — рэдактар і выдавец газэты «Наша доля».
Іван Тукеркес | |
Дата нараджэньня | 1882 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Занятак | журналіст |
Пасьля выхаду першага нумару «Нашай долі» паліцыя абвінаваціла рэдактара паводле арт. 129 Крымінальнага ўлажэньня, які пагражаў самым суровым пакараньнем у выдавецкай сфэры. Але тады Віленская судовая палата не зацьвердзіла гэтую пастанову, адмовіла ў закрыцьці газэты і скасавала накладзены на наклад арышт. Пасьля выхаду 4-га нумару ў рэдакцыі адбыўся раскол, частка аўтараў перайшла ў новую газэту «Наша ніва», што значна аслабіла літаратурны аддзел «Нашай долі». Затым (скарыстаўшыся знаходжаньнем Тукеркеса за мяжою) «нашаніўцы» дачасна абвясьцілі спыненьне выхаду газэты «Наша доля». Пасьля тэрміновага вяртаньня Іван Тукеркес даў у газэце «Северо-западный голос» абвяржэньне і назваў папярэднюю інфармацыю «хлусьлівымі чуткамі». Паміж І. Тукеркесам і «Нашай нівай» разгарнулася вострая палеміка. Адначасова на «Нашу долю» абрынуліся рэпрэсіі ўладаў. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзелу, спачатку «Наша ніва» была больш памяркоўная, чым «Наша доля». Усяго выйшла 6 нумароў «Нашай долі», зь якіх 4 былі канфіскаваны. 11 студзеня 1907 паводле судовага рашэньня газэту закрылі, а рэдактара асудзілі да году турэмнага зьняволеньня ў крэпасьці, «з забаронай прымаць на сябе званьне рэдактара ці выдаўца якога-небудзь пэрыядычнага выданьня на працягу трох гадоў». І. Тукеркес падаў касацыйную скаргу ў Сэнат, а ягоная маці ўнесла заклад у суме 100 руб. 4-ы аддзел крымінальнага касацыйнага дэпартамэнту ўрадавага Сэната 23 сакавіка 1907 адхіліў скаргу, і тады падсудны ўцёк у Парыж, а заклад пайшоў «на ўладкаваньне месцаў зьняволеньня». У 1936 року Тукеркес зьвяртаўся ў Віленскі архіў з просьбай выслаць яму копіі судовай справы і прысуду. Далейшы лёс Тукеркеса невядомы.
Літаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Шлюбскі А. Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. № 3;
- Александровіч С. Расказваюць архівы // Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
- Біч М. У змаганні за лепшую долю // Полымя. 1966. № 8.