Іван Трухан

беларускі географ

Іва́н Іва́навіч Трухан (11 сьнежня 1915, в. Каменка, Бабруйскі павет Менскай губэрні, цяпер Бабруйскі раён — 16 чэрвеня 2000) — беларускі навуковец у галіне эканомікі і эканамічнай геаграфіі, дэкан геаграфічнага факультэта БДУ (1958—1962), рэктар Беларускага дзяржаўнага інстытуту народнай гаспадаркі (зараз Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт) (1962—1965).

Біяграфія

рэдагаваць

Паходзіць зь сялянскае сям’і. У 1934—1938 навучаўся ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі на факультэце народнагаспадарчага ўліку. Потым паступіў у асьпірантуру на катэдру эканамічнай геаграфіі ў БДУ.

У гады Вялікае Айчыннае вайны працаваў у Пензенскай вобласьці ў адной зь сярэдніх школ, затым дырэктарам Сардэбскае пэдагагічнае вучэльні.

У 1944—1946 вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК ВКП (б). У 1946—1949 працаваў галоўным рэдактарам Саўінфармбюро пры Савеце Міністраў СССР і па сумяшчальніцтве выкладчыкам у Маскоўскую вышэйшую тэхнічную вучэльню ім. Баўмана (зараз завецца Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт імя Баўмана).

У 1949 годзе абараняе дысэртацыю на ступень кандыдата геаграфічных навук на тэму «Льнаводзтва і льняная прамысловасьць у БССР». Пасьля абароны пераведзены на працу ў Менск у БДУ. У 1954 прысвоена званьне дацэнта, а ў 1977 — прафэсара.

З 1958 па 1962 працуе дэканам геаграфічнага факультэта БДУ.

У 1962—1965 — рэктар БДІНГ. З 1965 быў дырэктарам НДІ эканомікі і ЭММ пры Дзяржпляне БССР, затым на выкладчыцкай працы.

У 1967 І. І. Трухан зноў вяртаецца ў БДУ, узначальвае катэдру эканамічнай геаграфіі БССР і 14 год зьяўляецца яе бязьзьменным загадчыкам. На пэнсіі ад 1982 году.

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць

Яго навуковыя інтарэсы ў асноўным былі зьвязаныя з эканамічнай геаграфіяй Беларусі. Пад яго навуковым кіраўніцтвам праводзіліся навуковыя дасьледаваньні па геаграфіі галін і рэгіёнаў Беларусі, у прыватнасьці па Беларускім Палесьсі, пэрспэктывах разьвіцьця гарадоў і вёсак рэспублікі.

За гады навуковай дзейнасьці І. І. Труханам апублікавана больш за 50 навуковых прац. Ён зьяўляўся адным з аўтараў падручніка для ВНУ «Геаграфія Беларусі». Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага Атляса Беларусі, эканамічнай геаграфіі СССР, даведнікаў пра СССР, рэспублікі Прыбалтыкі, Беларусь, Украіну, Малдову, Маскву.

Ім падрыхтавана 6 кандыдатаў і 2 доктары навук.

І. І. Трухан у 1963 годзе ў складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.