Дзіцячы фонд ААН
ЮНІСЭФ (па-ангельску: United Nations International Children’s Emergency Fund) — фундацыя Аб’яднаных Нацыяў для дапамогі дзецям.
Гэтая арганізацыя ўваходзіць ў ААН. Была створана па ініцыятыве Людвіка Рэйхмана 11 сьнежня 1946 году ў выніку рашэньня Генэральнай асамблеі ААН. Галоўнай мэтай дзеяньня ЮНІСЭФ зьяўляецца забесьпячэньне атрыманьня дзецьмі паўнавартаснай ежы, аховы здароўя, адукацыі і г. д. Геаграфічных абмежаваньняў дзеяньня арганізацыі няма.
Першапачаткова ЮНІСЭФ займалася дапамогай дзецям, якія жылі ва ўмовах зруйнаванай пасьля Другой сусьветнай вайны Эўропы лекамі, адзеньнем, ежай і г. д. Пасьля 1953 году, калі ЮНІСЭФ быў далучаны да ААН, сфэра яго дзейнасьці значна пашырылася. Фундацыя пачала займацца ня толькі аховай здароўя дзяцей, але і забесьпячэньнем элемэнтарнай адукацыі маці і дзяцей у краінах, якія разьвіваюцца. За сваю дзейнасьць у 1965 годзе ЮНІСЭФ атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
Фонд прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы ААН у 1989 годзе Канвэнцыі аб правах дзіцяці.
У 2001 годзе ў сувязі з тым, што ЮНІСЭФ падтрымлівае аборты (выдае 1% гадавога бюджэта на датацыю абортаў) ад спонсарства фундацыі адмовіўся Ватыкан.
Штаб-кватэра ЮНІСЭФ знаходзіцца ў Нью-Ёрку.