Oberon
Oberon (Абэро́н) — мова праграмаваньня, створаная ў 1986 годзе прафэсарам Ніклаўсам Віртам і яго групай у Цюрыскім Інстытуце кампутарных сыстэмаў ETHZ. Назва мовы паходзіць ад назвы спадарожніка плянэты Уран. Oberon першапачаткова быў распрацаваны для выкарыстаньня ў аднайменнай апэрацыйнай сыстэме Oberon System на ўласнай плятформе — працоўнай станцыі Ceres. Пазьней кампілятар Oberon быў перанесены на іншыя плятформы. Апэрацыйная сыстэма Oberon таксама была распрацаваная для шэрагу папулярных кампутарных плятформаў.
У Oberon Вірт працягнуў выкарыстоўваць сваю стратэгію спрашчэньня мовы без губленьня моцы. Па сутнасьці, першапачаткова Oberon задумваўся як далейшае разьвіцьцё Modula-2 з паўнавартаснаю рэалізацыяй канцэпцыі аб’ектна-арыентаванага праграмаваньня шляхам адрозным ад C++ і Smalltalk. У сваёй новай мове Вірт уводзіць мажлівасьць пашырэньня структурных тыпаў, разам з тым вымае варыянтныя запісы, пералічэньні і дыяпазоны, якія можна сустрэць у тым ліку ў ранейшых працах Вірта.