BelarusDocs — анлайн-фэстываль актуальнага беларускага дакумэнтальнага кіно. Праграма анлайн-фэстывалю фармуецца з фільмаў, зьнятых беларускімі рэжысэрамі на беларускую тэматыку. Праводзіцца з 2016 года.

BelarusDocs
Гады ад 2016 г.
Краіна Беларусь
Тэматыка Кіно

Анлайн-фэстываль BelarusDocs

рэдагаваць

BelarusDocs-2016

рэдагаваць
Файл:Афіша BelarusDocs-2016.jpg
Афіша BelarusDocs-2016

Першы анлайн-фэстываль беларускага дакумэнтальнага кіно BelarusDocs прайшоў на партале TUT.BY з 4 па 10 кастрычніка 2016 года. На працягу тыдня інтэрнэт-карыстальнікі мелі магчымасьць глядзець найбольш адметныя беларускія негульнявыя фільмы, зьнятыя за апошнія тры гады, фільмы-удзельнікі і пераможцы вядучых кінафэстываляў Эўропы і краін СНД:

  • «Алмаз» (2013; рэжысэр — Віктар Асьлюк)
  • «Госьці» (2015; рэжысэр — Андрэй Куціла)
  • «Дудар» (2014; рэжысэр — Юрый Цімафееў)
  • «Мяжа Нарвілішак» (2014; рэжысэр — Дзьмітрый Махамет)
  • «Не адзін» (2014; рэжысэрка — Вольга Дашук)
  • «Вялікдзень» (2015; рэжысэрка — Дар’я Юркевіч)
  • «Скрыжаваньне» (2014; рэжысэрка — Настасься Мірашнічэнка)[1]

За 7 дзён фэстывалю фільмы сабралі больш чым 4,5 тысячы праглядаў. Фільмы праграмы глядзелі не толькі ў Беларусі (беларуская аўдыторыя склала 88 %), але таксама ў 36 краінах сьвету, найчасьцей — у Расеі, ЗША і Польшчы.

Найбольш папулярным фільмам сярод інтэрнэт-аўдыторыі стала «Скрыжаваньне» Настасьсі Мірашнічэнкі — 1060 праглядаў за адны содні трансляцыі. Самыя высокія адзнакі ад гледачоў TUT.BY атрымалі фільмы «Мяжа Нарвілішак» (9 пунктаў з 10), «Скрыжаваньне» (8,8 пункта) і «Не адзін» (8,3 пункта)[2].

BelarusDocs-2018

рэдагаваць

Другі анлайн-фэстываль BelarusDocs, як і папярэдні, прайшоў на пляцоўцы вядучага інтэрнэт-парталу Беларусі — TUT.BY 1-7 сакавіка 2018 года.

На працягу тыдня інтэрнэт-аўдыторыя змагла пазнаёміцца з сям’ю фільмамі: работамі як дзяржаўнай Студыі дакумэнтальнага кіно «Летапіс», так і незалежных аўтараў, як тытуляваных кінадзеячаў, так і маладых рэжысэраў новага пакаленьня. Кожны з сямі фільмаў быў даступны на працягу адных сутак у HD-якасьці з ангельскімі субцітрамі.

Праграма BelarusDocs-2018:

  • «Няхай жыве Маленькі прынц» (2016; рэжысэрка — Эва-Кацярына Махава)
  • «Фанат» (2017; рэжысэр — Андрэй Кудзіненка)
  • «Агмень» (2017; рэжысэр — Юрый Цімафееў)
  • «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам» (2017; рэжысэрка — Вольга Дашук)
  • «Мінск…Орша…Мінск…» (2016; рэжысэрка — Юлія Ралко)
  • «Янка Купала» (2017; рэжысэр —Віктар Аслюк)
  • «25» (2016; рэжысэр — Андрэй Куціла)[3]

Як і падчас першага фэстывалю, за 7 дзён фільмы сабралі больш за 4,5 тысячы праглядаў. Фільмы праграмы глядзелі пераважна ў Беларусі (88 % аўдыторыі), але таксама ў 57 краінах сьвету, найчасцей — у Расеі, ва Украіне і ў Польшчы.

Найбольш папулярным фільмам сярод інтэрнэт-аўдыторыі стаў «Фанат» Андрэя Кудзіненкі — 1269 праглядаў за адны содні трансляцыі.

BelarusDocs-2020

рэдагаваць

Трэці анлайн-фэстываль прайшоў з 7 па 13 красавіка на афіцыйным сайце belarusdocs.com. У праграме было сем фільмаў беларускіх аўтараў пра беларускую рэчаіснасьць.

Праграма BelarusDocs-2020:

  • «Трэнэр» (2019; рэжысэрка — Вольга Абрамчык)
  • «Дэбют» (2017; рэжысэрка — Настасься Мірашнічэнка)
  • «Лебедзі» (2018; рэжысэрка — Галіна Адамовіч)
  • «Перазімаваць» (2017; рэжысэрка — Эва-Кацярына Махава)
  • «Цар гары» (2017; рэжысэр — Андрэй Куціла)
  • «Фальклор і жыцьцё» (2020; рэжысэр — Юрый Цімафееў)
  • «Полацкі вальс» (2019; рэжысэрка — Вольга Дашук)[4]

Фільмы праграмы сабралі больш за 6,4 тысячы праглядаў. Упершыню былі адзначаны фільмы пераможцы: сярод прафэсійнага і глядацкага журы. У абодвух намінацыях перамогу атрымаў фільм Настасьсі Мірашнічэнкі «Дэбют».

Глядацкае журы складалася з 32 аматараў кіно з Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны, Германіі і Швэйцарыі. Тройка найлепшых фільмаў па вэрсіі гледачоў:

  1. «Дэбют» — 9,0
  2. «Трэнэр» — 8,0
  3. «Полацкі вальс» — 7,8[5]

У складзе прафэсійнага журы былі вядучы тэарэтык дакумэнтальнага кіно з ЗША Майкл Рынаў (Michael Renov), дырэктар праграм Адкрытага фэстывалю дакумэнтальнага кіно “Расея” (Екацярынбург) Іна Дзямежка, беларускі кінакрытык Антон Сідарэнка, беларускі гісторык і тэарэтык выяўленчых мастацтваў Сяргей Харэўскі, выкладчык кінадысцыплін Крысцін Экам (Christine Acham). Яны адзначылі наступныя фільмы фэстывалю:

  1. «Дэбют» — 9,0
  2. «Трэнэр» — 8,3
  3. «Лебедзі» — 7,6[6]

Наступны анлайн-кінафэстываль BelarusDocs плянуецца на красавік 2021 года.

Спасылкі

рэдагаваць