Юры Тур

беларускі тэатральны мастак

Юры Тур (4 сакавіка 1937, Менск - 14 сакавіка 2003) - тэатральны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977).

Юры Тур
Дата нараджэньня 4 сакавіка 1937(1937-03-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 14 сакавіка 2003(2003-03-14) (66 гадоў)
Занятак сцэнічны дызайнэр
Узнагароды
Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Менску. Яго бацька яшчэ да вайны працаваў у тэатры машыністам сцэны, таму хлопец з маленства бачыў і вывучаў тэатар знутры і з выбарам прафэсіі вызначыўся хутка. Яшчэ падчас навучаньня ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце таленавіты студэнт працаваў над афармленьнем як народных, так і прафэсійных спэктакляў. Пасьля атрыманьня дыплёму ў 1962 годзе, накіраваўся ў Кемераўскі абласны драматычны тэатар імя А.В. Луначарскага (Расея). Праз год ён вярнуўся на радзіму і стаў працаваць у Дзяржаўным акадэмічным расейскім драматычным тэатры імя А.М. Горкага.

Праца ў расейскім драматычным тэатры

рэдагаваць

За гады працы аформіў каля шасьцідзесяці спэктакляў у гэтым тэатры, сярод якіх: «Куды ідзеш, Сяргей?» А. Маўзона і «Дзеці сонца» М. Горкага (1965), «Шчыт і меч» паводле В. Кажэўнікава (1967), «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі (1968), «Апошняя інстанцыя» М. Матукоўскага (1974), «Васіль Цёркін» паводле А. Твардоўскага і «Энэргічныя людзі» В. Шукшына (абодва 1975), «Пайсьці і не вярнуцца» (1978) і «Знак бяды» паводле В. Быкава (1985), «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М. Шатрова (1979), «Вішнёвы сад» А. Чэхава (1981), «Бабскае царства» Ю. Нагібіна (1984), «Апошні наведвальнік» У. Дазорцава (1986), «Ноч анёла» А. Розанава, «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л. Разумоўскай (абодва 1987), «І быў дзень…» («Злом») А. Дударава, «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю. О’Ніла (абодва 1988), «Курыныя галовы» Д. Шапіры, «Тут жывуць людзі» А. Фугарды (абодва 1989) і інш. У сваіх дэкарацыях ён арганічна спалучаў зрокавыя вобразы з характарам падзей спэктакля, умела выкарыстоўваў жывапіс і асьвятленьне.

Афармленьне спэктакля «Дзеля жыцьця» («Першы ўрок») К. Губарэвіча (1968) адрозьнівалася ляканічнасьцю: у якасьці дамінуючага элемэнта сцэнаграфіі Юры Тур выкарыстаў бронзавыя барэльефы, як даніну памяці загінуўшым. У 1974 годзе тэатрам быў падрыхтаваны «Макбет» У. Шэксьпіра. Спэктакль атрымаўся аскэтычна суровым, графічна выразным, чаму спрыяла яго мастацкае афармленьне: халодная трохпавярховая канструкцыя – напаўспаленыя сьцены з дошак, на якіх цудам захаваліся фрэскі; вязаная, нібыта кальчуга, вопратка актораў. Падзеі ў спеэктаклі «Трохграшовая опэра» Б. Брэхта (1976) разгортваліся пад дахам старога, прабітага дажджом і непагадзьдзю шапіто – у сьвеце злодзеяў, бандытаў, прастытутак. Замкнёная, напаўкруглая прастора, створаная з дзесятка крывабокіх сходаў, акрэсьлівала арэну, дзе кожны біўся не на жыцьцё, а на сьмерць за сваё месца за «сталом удачы».

У 1977 годзе тэатар прапанаваў гледачам п’есу У. Маякоўскага «Лазьня». Юрый Тур разьмясьціў на сцэне арыгінальны «тэатар» з цыркавым манэжам у цэнтры. Гэты манэж і зьяўляўся галоўным месцам дзеяньня: тут знаходзілася і «машына часу», і кабінэт Пабеданосікава, і прыёмная Аптымісьценкі і г.д. Над спэктаклем «Узьнятая цаліна» паводле М. Шолахава, дзе сцэнічная прастора нагадвала вялізную яму, куды спаўзалі і людзі, і падзеі, Юрый Тур працаваў разам з Я. Волкавым. Сцэнічная пляцоўка ў спэктаклі «Вяртаньне ў Хатынь» паводле А. Адамовіча (1977) – чатырохвугольны подыюм, што нагадваў сваім абрысам вядомы Хатынскі мэмарыял – разьмяшчалася пасярэдзіне глядзельнай залі. Незабыўнае ўражаньне стваралі пражэктары, чырвонае сьвятло якіх павольна ахоплівала гледачоў і пераўтварала глядзельную залю ў велізарнае вогнішча. Створанае з дапамогай шэрагу пляцовак-пакояў, пабудаваных на розных узроўнях, мастацкае афармленьне п’есы М. Горкага «Ягор Булычоў і іншыя» (1982), спрыяла выкананьню рэжысёрскай задумы.

У 1984 годзе тэатар ажыцьцявіў пастаноўку «Гамлета» У. Шэксьпіра. На сцэне, аформленай Юрыем Турам, разьмяшчаліся выявы чалавечых рук, ног, вушэй вялізных памераў, сярод якіх хадзілі, пакутавалі, кахалі адзін аднаго людзі. Сцэна нагадвала то майстэрню скульптара, то могілкі. Спэктакль пераўтварыўся ў яркае тэатральнае відовішча, якое выклікала супярэчлівыя меркаваньні. У гэтым спэктаклі талент Юрыя Тура зазьзяў новымі гранямі.

Праца ў Тэатры юнага гледача

рэдагаваць

У 1970–1973 гг. працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Ім былі аформлены спэктаклі «Бялее ветразь адзінокі» В. Катаева (1970), «Несьцерка» В. Вольскага (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасьці» А. Махнача, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець…» паводле Я. Купалы і М. Чарота, «З любімымі не расставайцеся» А. Валодзіна (усе 1972). У спэктаклі па п’есе А. Валодзіна дэкарацыі сталі люстэркавым адбіткам глядзельнай залі з такімі ж бальконамі і крэсламі, аднак іх займалі акторы. Сцэна ўспрымалася як мэтафарычны «тэатар жыцьця», як заля суда і як завадзкі клюб, дзе адбываюцца безгустоўныя забаўляльныя мерапрыемствы.

Супраца зь іншымі тэатрамі

рэдагаваць

Юры Тур супрацоўнічаў і з іншымі тэатрамі Беларусі. Вынікам працы мастака ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры стала афармленне спектакляў «На бойкім месцы» А. Астроўскага (1972), «Таблетку пад язык» А. Макаёнка (1973), «Каварства і каханьне» Ф. Шылера (1974). У Беларускім тэатры імя Я. Коласа Юрый Тур працаваў над сцэнаграфіяй «Пяці рамансаў у старым доме» У. Аро (1982) і «Блытаных сьцежак» («На вастрыі») К. Крапівы (1983).

Запомніліся гледачам работы Юрыя Тура ў Дзяржаўным тэатры опэры і балету Беларусі: опэры «Сівая легенда» Д. Смольскага (1978), «Сьцежкаю жыцьця» Г. Вагнера (1980), балет «Курган» Я. Глебава (1982) і інш. Падчас падрыхтоўкі да пастаноўкі опэры Г. Вагнера «Сьцежкаю жыцьця» мастаком была ўзятая за аснову мабільная кампазыцыя, што дапамагло пазьбегнуць тыповасьці і трафарэтнасьці ў вырашэньні «ваеннага» сюжэту, дазволіла канкрэтызаваць зьмест сцэн, эпізодаў, ярчэй паказаць галоўную лінію разьвіцця падзей. Сцэнаграфія опэры была неардынарнай: строгае мастацкае афармленььне, двайны плян сцэны – усё было накіравана на раскрыцьцё галоўнага канфлікту і ідэі твора. Прапанаванае Юрыем Турам для опэры Д. Смольскага «Францыск Скарына» (1988) афармленьне адпавядала гістарычнай сутнасьці эпохі першадрукара.

За сваё жыцьцё мастак выпусьціў больш за 85 спэктакляў, якія сёньня лічацца выдатнымі ўзорамі сцэнаграфіі. За творчыя посьпехі Туру ў 1977 годзе было прысуджана ганаровае званьне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі»[1].

Апошняй работай мастака стала сцэнаграфія да спэктаклю «Свабодны шлюб» Д. Фо і Ф. Рашэ (1994) у Дзяржаўным акадэмічным расейскім драматычным тэатры імя М. Горкага.

  1. ^ Юры Тур Беларусь ў асобах і падзеях

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыкляпэдыя : у 18 т. – Мінск, 2003. – Т. 16. с. 33-34
  • Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1949–2004) / А. А. Каляда. – Мінск, 2005. с.99
  • Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. Т. 3, кн. 2 : Тэатр савецкай эпохі, 1962–1984 гг. – Мінск : Навука і тэхніка, 1987. – 431 с.
  • Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2015. – Т. 6. с.405
  • Мастакі беларускага тэатра, кіно, тэлебачання = Художники белорусского театра, кино, телевидения = The artists of the byelorussion theatre, cinema, TV : альбом- каталог / аўтары-складальнікі: Н. В. Шаранговіч (галоўны рэдактар) і інш.]. – Мінск, 2003. – 78-79
  • Мастацтва. – 2007. – № 6. с.18-19