Юзэф Саўндэрз (па-ангельску: Joseph Saunders; 1773, Ангельшчына — 1845) — мастак, графік і гравёр на медзі; доктар філязофскіх навук.

Біяграфія

рэдагаваць

Родам ангелец. Працаваў у Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII ст. і напачатку XIX ст.

З 1794 г. па 1810 г. працаваў у Санкт-Пецярбургу. Запрашэньню Саўндэрза ў Расею і яго паступленьню ў 1796 г. на службу ў Эрмітаж у якасьці гравёра садзейнічалі не толькі пратэкцыя высокапастаўленай асобы (былога каралеўскага гравёра Фітлера), але і высокі аўтарытэт, які мела ў ХVІІІ ст. англійская рэпрадукцыйная гравюра. У 1800 г. быў абраны Імпэратарскай Акадэміяй мастацтваў у акадэмікі за прадстаўленыя ёй гравюры «Даччынае каханьне рымлянкі» з карціны Г. Рэні і «Раніца галяндзкай дамы» («Раніца маладой дамы») з карціны Франса ван Мірыса Старэйшага. Быў таксама чальцом Стакгольмскай Акадэміі мастацтваў. Пасада мастака пры двары Паўла І адчыніла яму дзьверы ў вышэйшы сьвет і забясьпечыла выгаднымі заказамі. Напачатку валадараньня расейскага імпэратара Аляксандра I лічыўся гравёрам ягонай вялікасьці і знаходзіўся пры Эрмітажы.

Гравіраваў разцом. Аўтар віньетак, тытульных лістоў шэрагу выданьняў («Новый российский Песенник или Собрание разных песен с приложенными нотами и которые можно петь на голосах, играть на Гуслях, Клавикордах, скрипках и духовых инструментах», Санкт-Петербург, 1792; «Правила поэзии» М. Ф. Асталопава і іншыя), ілюстрацый («Анакреонтические песни Державина» (1804), творы Васіля Капніста, «Якуцкі шаман выклікае духаў» у кнізе «Путешествие флота капитана Сарычева по северо-восточной части Сибири, Ледовитому морю и Восточному океану с 1785 по 1793 г.» (1802) і іншыя). Найважнейшымі ягонымі працамі могуць лічыцца: сорак восем гравюр (у нарысах) з карцін Эрмітажа ў апісаньні галерэі гэтага музэя, выдадзеным у 1805 году Ф. І. Лабеньскім, «Madonna della misericordia» з карціны Фра Барталамеа, «Цырульнік» па арыгінале Готфрыда Схалькена.

Галоўнае месца ў творчасьці пецярбурскага пэрыяду занялі гравіраваныя партрэты каранаваных асоб і вышэйшай знаці. Сярод іх — партрэты імпэратара Паўла І (1801), вялікай княгіні Кацярыны Паўлаўны (1808), П.Багратыёна (1805). У партрэце апекуна мастацтваў А. Л. Нарышкіна (1801, медзярыт, 22,3 х 16,9, паводле арыгінала Р.Аўгустына па малюнку Рыта), дакладнае падабенства спалучаецца з псыхалягічнай зьмястоўнасьцю вобраза, бездакорнай чысьцінёй штрыха, што робіць гравюру адной з лепшых станковых прац Саўндэрса, выкананых у Пецярбургу. Таксама высокімі мастацкімі і тэхнічнымі якасцямі адзначаны гравіраваны партрэт Джакама Кварэнгі (па малюнку А.Вігі, 1802) — архітэктара, чалавека, блізкага мастаку жыцьцёвым і творчым шляхам.

Знаёмства з блізкім дарадцам імпэратара Аляксандра І Адамам Ежы Чартарыйскім адкрыла яму шлях у Вільню — на пасаду прафэсара ў Віленскім унівэрсытэце, дзе сваю пэдагагічную дзейнасьць Саўндэрс распачаў дакладам «Аб уплыве і карысьці пераймальных мастацтваў» на адкрыцьці 1810/11 навучальнага года, які прагучаў на францускай мове. Творча Саўндэрс працаваў у Вільні няшмат і у асноўным рэзаў гравюры для мясцовага выдавецтва паводле твораў Я. Рустэма і Я. Дамеля. Галоўнае месца па-ранейшаму займалі партрэты. Сярод іх «Партрэт Я. Рустэма» (паводле аўтапартрэта Я. Рустэма), «Партрэт прафэсара Фрыдэрыка Нішкоўскага» (1818, паводле арыгінала Я. Рустэма), «Партрэт генэрала кавалерыі героя войны 1812 года Ф. С. Калагрывава» (1815), «Партрэт астранома П. Славінскага», «Партрэт Тадэвуша Чацкага» (1812, паводле арыгінала Матэа Бачэлі).

Натуральна, што ў творчасьці Саўндэрса пераважала на той час мясцовая тэматыка. Гравюра «Апатэоз Яна Замойскага» была заказана Ю. Саўндэрсу як франтысьпіс да кнігі А. Данцішуса (Адама Казіміра Чартарыйскага — бацькі Адама Юрыя Чартарыйскага) «Роздум пра польскую літаратуру з заўвагамі аб спосабе напісаньня розных матэрый» (1812, Вільня). Малюнак для гэтай працы рабіў Я.Дамель паводле ўжо існуючай гравюры Яна Масарды (па арыгінале Яна Міхала Мараў). У гэтай жа кнізе была зьмешчана і ягоная гравюра «Арыстарх і александрыйскія граматыкі» (іншая назва — «Тры філёзафы»). Шэсьць палосных фігуратыўных ілюстрацый да «Тысячы і адной ночы», выкананых Саўндэрсам па заказе Ю. Завадзкага ў тэхніцы медзярыту.

Вайну расейцаў з французамі 1812 г. ён перажыў у Вільні, не з’ехаўшы ў Пецярбург ці Вену, як іншыя іншаземцы ды не вітаў Напалеона на вуліцах Вільні. Пры ўсіх цяжкасьцях ваеннага і паваеннага часу мастацкую і пэдагагічную працу вёў спраўна. Празь некалькі гадоў працы гравёрнага класа сярод яго вучняў вылучыліся асобы, якія падавалі надзеі дасягнуць вялікіх посьпехаў. Пасьля заканчэньня вучобы М. Падалінскі, Б. Кіслінг і В. Славецкі атрымалі ступені кандыдатаў мастацтва (сталі прэтэндэнтамі на замяшчэньне вакантных месцаў у дзяржаўных установах). У Вільні склалася моцная група мясцовых гравёраў — «гравёрная школа Саўндэрса», як з павагай называлі яе ў мастацкіх колах. Ён быў членам масонскай ложы «Gorliwy Litwin» ды належаў да Біблейскага таварыства, пры дапамозе якога выдаў Новы Запавет.

З-за прыступаў астмы ў 1818 годзе Саўндэрс паехаў на лячэньне ў Італію — як меркавалася, на год. Жонка з дзецьмі засталіся ў Вільні. Так скончыўся віленскі перыяд мастака. Апошнія дваццаць сем гадоў жыцця не прынеслі яму душэўнага супакаення. Не затрымліваючыся доўга на адным месцы, мастак жыў у Флярэнцыі, Пізе, выязджаў у Вільню (1822), на нейкі час спыніўся ў Адэсе (да 1824 г.), пасьля зноў Італія, Адэса… Не без праблем пачынае атрымліваць пэнсію заслужанага прафэсара… З унівэрсытэтам яго зьвязваюць дзелавыя кантакты і прыватная перапіска з А. Чартарыйскім. Пасьля таго, як пахаваў у Вільні сына (1839), невядома, ці наведваў калі яшчэ гэты горад.

Апошнія гады Саўндэрс правёў у Крамянцы Валынскай губэрні і памёр на 72 годзе жыцьця — у першы дзень 1845 года.

Літаратура

рэдагаваць
  • Рынкевіч У. Патрыярх вучонага гравёрства. // Мастацтва. № 7. Мінск. 2007. С. 52-55.