Эдлі Стывэнсан

палітык, дыплямат ЗША
(Перанакіравана з «Эдлі Стывенсан»)

Эдлі Эўінг Стывэнсан II (анг. Adlai Ewing Stevenson II; 5 лютага 1900 — 14 ліпеня 1965) — амэрыканскі палітык і дыплямат, належыў да Дэмакратычнай партыі, увасабляў яе лібэральную плыню, атрымаў усясьветную вядомасьць пад час Карыбскай крызы, востра і пераканаўча супроцьстаяўшы агрэсіўным памкненьням тагачаснага савецкага кіраўніцтва і іх прадстаўнікоў у ААН.

Эдлі Стывэнсан

Біяграфія

рэдагаваць

Эдлай нарадзіўся ў Лос-Анжалесе (Каліфорнія) і паходзіў зь вядомага ў амэрыканаскай палітыцы роду. Дзед Эдлай Эвінг Стывэнсан І быў віцэ-прэзыдэнтам ЗША ў 1893-1897 гадах. Бацька Льюіс Стывэнсан быў сакратаром ураду штату Ілінойс. Маці звалі Хэлен Дэвіс-Стывэнсан. Сям’я была заможнай і належала да вышэйшага сьвету гораду Блумінгтон (штат Ілінойс), дзе і прайшло дзяцінства Эдлая. Калі яму было 12 гадоў, у яго жыцьці і жыцьці сям’і адбылося надзвычайнае здарэньне. У выніку няшчаснага выпадку хлопчык застрэліў сваю знаёмую. ”Я павінен жыць за дваіх” — пісаў ён пазьней. Пасьля вучобы ў школе служыў у ВМФ матросам, затым паступіў у [[Прынстанскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў гісторыю і літаратуру, а затым у Гарвардзкі ўнівэрсытэт на юрыспрудэнцыю. Вучоба там не склалася і далей ён вывучаў права ўжо ў Паўночна-Заходнім унівэрсытэце (штат Ілінойс), дзе і атрымаў ступень бакаляўра ў 1926 годзе. Працоўную дзейнасьць пачаў у вядомай чыкаскай юрыдычнай фірме. У 1928 годзе ажаніўся з Элен Бордэн, якая паходзіла са шляхетнага роду Чыкага. У іх нарадзілася тры сыны — Эдлай Стывэнсан ІІІ, будучы сэнатар, Бордэн Стывэнсан і Джон Стывэнсан. Сям’я набыла зямельны надзел у прэстыжным прадмесьці Чыкага Лібэртвіль, дзе пабудавала дом, стаўшы яе рэзыдэнцыяй.У 1949 сужэнства распалася і Эдлай Стывэнсан надалей заставаўся халастым. Належыў да аднаго з напрамкаў пратэстантызму -Унітарыянскай царквы.

У 1933 годзе распачалася яго кар’ера ў дзяржаўных установах, што праўда, вельмі непрацяглая, бо ўжо ў 1935 годзе ён павярнуўся да праўнай практыкі, якую спалучаў з грамадзкай дзейнасьцю, зьвязанай з дапамогай ваюючай ужо Вялікабрытаніі. З 1940 году працаваў ў міністэрстве ВМС ЗША, а з 1945 году ў Дзяржаўным дэпартамэнце, дзе займаў пасаду дарадцы амэрыканскай дэлегацыі на Сан-Францыскай міжнароднай канфэрэнцыі. У 1946-1947 гадах — дэлегат ЗША на сэсіях Генэральнай асамблеі ААН. У 1948 Стывэнсан стаў кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі на пасаду губэрнатара штату Ілінойс і перамог з годнай перавагай. Асноўную ўвагу пад час свайго кіраўніцтва надаваў рэфармаваньню дзяржаўнае паліцыі, барацьбе з карупцыяй, незаконнымі азартнымі гульнямі, рэформамі ў галіне занятасьці насельніцтва штату і паляпшэньню стану яго інфраструктуры. Гэтую пасаду ён займаў да 1953 году, але інэрцыя, наданая рэформамі Стывэнсана працавала ажно да канца 1960-х, калі былі прыняты канстытуцыйныя прапановы яго аўтарства. Губэрнатарства Стывэнсана супала з часам антыкамуністычнай гістэрыі, зьвязанай зь дзейнасьцю сэнатара Джозэфа МакКарці. Асноўнае пярэчаньне Стывэнсана на захады па абмежаваньню грамадзянскіх правоў у сувязі з “падрыўной дзейнасьцю” палягала на абароне традыцыйных амэрыканскіх каштоўнасьцяў чалавека і грамадзяніна. Стывэнсан хутка набыў рэпутацыю папулярнага прамоўцы, які меў высокі інтэлектуальны пазём і па-майстэрску выкарыстоў уласнае пачуцьцё гумару. Але яму ўсё ж давялося даваць паказаньні пад прысягай па справе аднаго зь яго калегаў, зь якім ён працаваў ў Дзярждэпартамэнце, што потым ня раз выкарыстоўвалася яго палітычнымі супернікамі.

У 1952 годзе, у сувязі з адмовай Г.Трумэна пераабірацца на другі прэзыдэнцкі тэрмін, Дэмакратычная партыя высунула кандыдатуру Эдлая Стывэнсана, якому давялося супроцьстаяць рэспубліканскаму кандыдату Дўайту Эйзэнгаўэру. Двубой завершыўся на карысьць Эйзэнгаўра. Асноўным “недахопам” дэмакратычнага кандыдата стаўся яго залішні, на думку выбарцаў, арыстакратызм. Суадносіны пры галасаваньні былі 55 на 45 адсоткаў не на карысьць Стывэнсана. Нягледзячы на паразу, Стывэнсан стаў лідэрам Дэмакратычнай партыі, і лідэрам плённым — праз два гады дэмакраты атрымалі кантроль над абедзьвюма палатамі Кангрэсу і павялічэньне губэрнатарскага прадстаўніцтва па краіне. Сваю наступную кандыдацкую кампанію на выбарах 1956 году ён вёў больш агрэсіўна і інтэнсіўна. Прагрэсіўная павестка заклікала выбарцаў на “марш да новай Амэрыкі”. Аднак марш не адбыўся, выбарцы ва ўмовах абвастрэньня міжнароднай напружаннасьці аддалі перавагу баявому генэралу. Пасьля паразы Стывэнсан вяртаецца да юрыдычнай практыкі. На пачатку 1960 году ён абвесьціў, што ня будзе болей балятавацца. У гэты час на палітычным небасхіле ўзыходзіла зорка Дж.Ф.Кенэдзі. Ён прапанаваў Стывэнсану стаць яго хаўрусьнікам, абяцаючы пасаду Дзяржаўнага сакратара ў выпадку свайго абраньня. Прапанова была адхілена праз асабіста напружаныя адносіны. У выніку Стывэнсан быў уцягнуты ва ўнутрыпартыйную барацьбу за намінацыю ад Дэмакратычнай партыі і пацярпеў моцную паразу. Аднак кіраўніцтва партыі, значная частка якога была на баку Стывэнсана, аказвалі ціск на зноў абранага прэзыдэнта і той прапанаваў на выбар Стывэнсану некалькі другарадных пасадаў. Ён абраў пасаду пасла ў ААН. У красавіку 1961 году ён выставіў сябе некампэтэнтным пад час інцыдэнту ў затоцы Качынас праз адсутнасьць інфармармацыі аб сапраўдным стане рэчаў. Спэцслужбы ЗША змаглі перагуляць ўласных дыпляматаў. Прашэньне аб адстаўцы Стывэнсана было адхілена. Абвастрэньне сытуацыі вакол Кубы ўнесла імя пасла ЗША ў ААН Эдлая Стывэнсана ў сусьветную гісторыю. Яго спрэчка з паслом СССР у ААН Валерыянам Зорыным стала адным з вастрэйшых момантаў Карыбскае крызы. Прамова Стывэнсана са знакамітым выразам “Пакуль пекла не пакрыецца лёдам” ("until Hell freezes over") і эфэктна ўнесеныя ў залю фотавыявы, зробленыя з самалёта-выведніка Локхід U-2, забясьпечылі США інфармацыйную перамогу. Стывэнсан таксама прысутнічаў на крызісных паседжаньнях у Белым Доме, дзе прапанаваў абмен, які б дазволіў дзьвюм звышдзяржавам годна выйсьці з сытуацыйнага тупіку — СССР выводзіць свае ракеты з Кубы, а ЗША выдаляе састарэлыя ракеты “Юпітэр” з Турэччыны. І гэта прапанова была прынята і зрэалізавана, што было адным з найваважнійшых крокаў па прадухіленьню магчымае ядзярнай вайны.

22 лістапада 1963 году ў Даласе быў забіты Джон Фіцджэральд Кенэдзі. За месяц да гэтага Стывэнсан пасьля наведаваньня Даласу папярэджваў аб “пужаючых” настроях у Тэхасе. Ён працягваў займаць пост пасла пры ААН да сваёй раптоўнай сьмерці ад сардэчага прыступу ў Лёндане 14 ліпеня 1965 году. Пасьля паніхіды ў зале Генэральнай асамблеі ААН 19 ліпеня быў пахаваны на сямейнай дзялянцы гарадзкіх могілак г.Блумінгтан.