Шчасьце трэба берагчы
«Шча́сьце трэ́ба берагчы́» (па-расейску: Счастье надо беречь) — мастацкі фільм (мэлядрама), зьняты ў 1958 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» па матывах аповесьці Аляксея Кулакоўскага «Нявестка». Прэм’ера фільму адбылася 9 красавіка 1958 году ў Маскве і ў траўні 1958 году — у Менску.
Шчасьце трэба берагчы | |
Счастье надо беречь | |
Жанр | драматычны фільм |
---|---|
Рэжысэр | Язэп Шульман |
Сцэнарыст | Андрэй Макаёнак |
Кампазытар | Дзьмітры Лукас, Ісак Любан |
Апэратар | Георгій Удавенкоў |
Вытворчасьць | Беларусьфільм |
Дата выхаду | 1958 |
Працягласьць | 84 хвіліны |
Краіна | СССР |
Мова | расейская |
Сюжэт
рэдагавацьПасьля заканчэньня тэрміну вайсковай службы Віктар вярнуўся ў родную вёску. На агульным сходзе ён быў прызначаны брыгадзірам і з вялікім энтузіязмам стаў працаваць ў калгасе. Даніла, бацька Віктара, увесь час пакутуе з-за бруднай плёткі — нібыта бацькам Віктара зьяўляецца ня ён, а былы брыгадзір Шандыбовіч. Шандыбовіч таксама працуе ў калгасе, па-бацькоўску раіць Віктару, як кіраваць калгаснай гаспадаркай: як атрымоўваць прэміі за звышплянавы ўраджай, як змагацца з бюракратычнай валакітай, як спісваць нястачу сьвіньняў.
На Віктара зьвяртаюць увагу ўсе вясковыя дзяўчыны, а асабліва Кацярына. Але Віктар любіць Ларысу і яна адказвае яму ўзаемнасьцю. Неўзабаве маладыя гуляюць вясельле. З гэтага часу Ларыса стала дапамагаць мужу, які сутыкаўся з цяжкасьцямі працы брыгадзіра (пачаў піць на працы) і спакусамі (падчас уборкі лёну ўзяў амаль усіх коней, каб прывезьці лес для новай хаты).
Вольга, дачка Шандыбовіча, знайшла ў бацькі акт аб неправамерным сьпісаньні сьвіней і паказала яго Ларысе. Калі Шандыбовіч даведаўся, што дачка ідзе супраць яго, ён выгнаў яе з хаты. Дзеяньні Віктара абмяркоўвалі на сходзе актыву камсамолу, дзе Вольга і Ларыса выступілі з абвінавачваньнямі супраць яго. Сумленная і прынцыповая калгасьніца Ларыса не магла скрываць праўду пра махінацыі мужа. Вярнуўшыся дадому, Віктар стаў вінаваціць жонку, што тая пайшла супраць яго, бо магла і прамаўчаць. У запале гневу выпаліў бацьку, што ён не бацька яму. Даніла пайшоў з дому ў Забалоцьце да стрыечнай сястры, але ня змог дабрацца. Старога знайшлі на балоце і адвезлі ў Каменку ў медпункт. Калі ён даведаўся, што Ларыса цяжарная, адразу вырашыў ехаць дадому.
Віктар таксама пайшоў з дому. Праз нейкі час ён прыйшоў да старшыні калгасу з пакаяньнем. Старшыня параіў вяртацца дадому, стаць на калені перад бацькам і жонкай і прасіць у іх прабачэньня. Калі яны даруюць, то і ён даруе. Віктар цалкам парваў усе кантакты з Шандыбовічам і прыйшоў дадому прасіць ва ўсіх прабачэньня.
Акторы
рэдагаваць- Канстанцін Скарабагатаў — Даніла Лукашонак
- Юры Саранцаў — Віктар Лукашонак, сын Данілы
- Данута Сталярская — Ларыса
- Віталь Паліцэймака — Шандыбовіч
- Ніна Дарошына — Вольга, дачка Шандыбовіча
- Барыс Кудраўцаў — старшыня калгасу
- Уладзімер Іваноў — Васіль, гарманіст
- Дзідра Рытэнбэрга — Кацярына
- Сьцяпан Хацкевіч — брат Данілы, нямы
- Аляксей Бараноўскі — Мікіта
- Стэфанія Станюта — жонка Мікіты
- Аляксандра Дзянісава — старая
- Галіна Макарава
- Ігар Дабралюбаў