Беларускі сьцяг на Доме губэрнатара 19—22 лютага 1918 году
Беларускі сьцяг на Доме губэрнатара 19—22 лютага 1918 году

Беларуска-польская адміністрацыя Менску — пераходны пэрыяд у гісторыі Менску падчас І сусьветнай вайны, які працягваўся некалькі дзён, пачынаючы ад раззбраеньня бальшавіцкіх сілаў 19 лютага 1918 году да перадачы ўлады нямецкай адміністрацыі 21 лютага таго ж самага году; характэрызаваўся двоеўладзьдзем, у часе якога большая частка гораду знаходзілася пад кантролем польскіх добраахвотных вайсковых атрадаў, а меншая частка — беларускіх; у гэты пэрыяд упершыню на будынку дзяржаўнай адміністрацыі Менску зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг незалежнай Беларусі.

Здабыцьцё ўлады ў Менску беларускімі і польскімі вайсковымі атрадамі 19—21 лютага 1918 году мела асаблівае значэньне для беларускага нацыянальнага руху. Гэта быў адзін зь першых рэальных посьпехаў яго прадстаўнікоў. Палітычныя рашэньні, якія тады былі прынятыя — стварэньне першага беларускага ўраду, Беларускага народнага сакратарыяту — моцна дапамаглі нараджэньню і фармаваньню беларускай дзяржаўнасьці. Наступствам гэтага было абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. Гэта быў таксама адзін зь першых выпадкаў, калі беларускія вайсковыя фармаваньні выказалі ініцыятыву, прынялі барацьбу і выканалі свае абавязкі.

Зь іншага боку, палякі, якія занялі большую частку Менску і вымусілі беларусаў да абароны, ня здолелі палітычна выкарыстаць гэтую акцыю. Частка зь іх выказвала задавальненьне прыходам немцаў і лічыла бальшавікоў нашмат большай пагрозай. Іншая частка меркавала, што новая акупацыя будзе чарговым ударам для польскай ідэнтычнасьці гэтай зямлі. Страты польскага боку ў выніку акцыі былі невялікімі — загінуў адзін афіцэр і некалькі жаўнераў, 17 чалавек атрымалі раненьні.
(артыкул цалкам…)