Чазенія (аповесьць)

аповесьць Уладзімера Караткевіча, выдадзеная ў 1967 року
(Перанакіравана з «Чазенія (Караткевіч)»)

«Чазе́нія» — рамантычная аповесьць беларускага пісьменьніка Уладзімера Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосьць» у 1967 годзе. Таксама вядомая як «паэма ў прозе(d)», аб чым гавораць і песенныя назвы разьдзелаў. У цэнтры аповесьці ляжыць каханьне маладых навукоўцаў: фізыка Севярына Будрыса і натураліста Гражыны Арсайлы — абое родам з паўночна-заходняй Беларусі. Падзеі адбываюцца ў далёкім Прыморскім краі РСФСР, першыя тры разьдзелы ва Ўладзівастоку, далей героі перамяшчаюцца ў запаведнік «Тыгравая падзь», сканчваецца кніга ў Маскве. Назву аповесьці дала далёкаўсходняя вярба чазенія (Chosenia arbutifolia) — гонкае, прыгожае, сьвятлолюбівае дрэва, што расьце на бясплодных галечніках уздоўж горных рэк, там, дзе нішто болей не расьце.

Чазенія
Чазенія
Жанр: аповесьць[d] і паэма ў прозе[d]
Аўтар: Уладзімер Караткевіч
Мова арыгіналу: беларуская мова
Год напісаньня: 1965—1966
Публікацыя: «Маладосьць» №№ 2—3 (1967)

Задума напісаць твор пра мужных людзей, пра першабытную прыроду зьявілася ў Караткевіча падчас наведваньня ў 1965 року Далёкага Ўсходу і Прыморскага краю. Пісьменьнік адзначаў, што штуршком для напісаньня аповесьці сталі ўражаньні, атрыманыя падчас паездкі, а героі ягонай аповесьці маюць рэальных прататыпаў. Не апошнюю ролю ў задуме гэтага твору адыграла і трагедыя ў Хірасіме[1].

Севярын Будрыс — малады фізык, удзельнік нейкага таямнічага, але вельмі значнага праекту. Цяжкая, магчыма, занадта бесчалавечная для ягонай узьнёслай натуры праца, сьмерць блізкага сябра — усё гэта разладжвае ягоную нэрвовую сыстэму. І начальства адпраўляе Будрыса ў бестэрміновы адпачынак у самае далёкае, якое толькі можна ўявіць, савецкае места — Уладзівасток. Але і тут жахлівыя атамныя сны перасьледуюць Севярына. Аднойчы ён знаёміцца з Васілём Паўлавым — выбітным майстрам ветразёвага спорту зь вялікай душой наросхрыст. Гэтае знаёмства крыху дапамагае яму акрыяць. Падчас салюту ў гонар перамогі над Японіяй у Амурскай затоцы вір натоўпу выштурхоўвае да парапета, дзе стаіць Будрыс, маладую дзяўчыну. Яны знаёмяцца, а пасьля Севярын праводзіць дзяўчыну да катэра, што меў забраць яе ў запаведнік Тыгравую падзь. За гэтыя некалькі гадзінаў Будрыс высьветліў, што дзяўчыну завуць Гражынай, што яна натураліст, і што ейныя продкі ўдзельнічалі ў паўстаньні 1863 року, і паабяцаў прыехаць да яе ў запаведнік першым жа катэрам.

 
Караткевіч быў уражаны жыцьцястойкасьцю і самаахвярнасьцю чазеніі. «Яна пры поўнай адсутнасьці спрыяльных умоваў, фактычна на камянях, пышна раскідала свой султан драбналістых галін там, дзе іншыя б дрэвы загінулі.»

Але катэра праз шторм не было, і нецярпліваму Севярыну прыйшлося дабірацца бурлівым морам спачатку з аватнурным Паўлавым на ягонай шкарлупінцы, пасьля па паспакайнелым моры на сэйнэры. Далей яго вяла таёжная сьцежка, везла дрызіна, падстаўляў плячо перавал — і ў рэшце рэшт Севярын аказаўся ў «штаб-кватэры» запаведніка, дзе яго гасцінна сустрэў начальнік Захар Іракліевіч Дзянісаў. На наступны дзень Будрыс у суправаджэньні белай лайкі Амура выправіўся ўверх па цячэньні ракі Тыгравай і без асаблівых прыгодаў, але зь мехам флярыстычных уражаньняў, дайшоў да паляўнічай хаткі, побач зь якой сустрэў Гражыну і яшчэ двух навукоўцаў — мужа і жонку, — што дапамагалі ёй у вывучэньні матылёў і неўзабаве тактоўна сышлі на іншую стаянку.

Севярын і Гражына размаўлялі, лавілі рыбу, гатавалі вячэру, і ва ўсіх гэтых няхітрых справах дзяўчына станавілася ўсё болей роднай, зразумелай і жаданай. Тым ня менш, за спрэчкаю паміж фізыкам і лірыкам паміж імі прабегла прафэсійна-сьветапоглядная шчыліна, якая да ночы чамусьці ператварылася ў прорву. Гражына пакінула Севярына каля вогнішча і пайшла ў хатку. І тут на дапамогу ледзь ня згасламу каханьню прыйшоў крыху неадэкватны леапард, які напужаў Амура і, хоць і сам спужаўся Севярына, стаў хадзіць коламі і пакрыўджана выць. Севярын перабраўся ў хату і лёг побач з Гражынай, але толькі пасьля сну з сынхрафазатронам дзяўчына (нарэшце!) убачыла ягоную душу, і вось тут ужо полымя каханьня асьвятліла ўсю паляўнічую хатку. Новы дзень адзначыўся паходам у джунглі, дзе каханьне запалала яшчэ мацней; а новая ноч — канчатковай перамогай Будрыса і Амура над леапардам, які, захвастаны абвугленымі доўбнямі, прызнаў паразу і сышоў назаўжды.

Далей было расстаньне і абяцаньне Гражыны прыехаць ва Ўладзівасток зь першым (або з другім) катэрам, але Будрыс і Амур чакалі дарэмна. Гражына вырашыла, што такое моцнае каханьне ня зможа палаць усё жыцьцё і абавязкова згасьне, а гэтага яна не перажыве, і пасьпешліва ўцякла ад Севярына. Аб гэтым ён даведаўся зь ліста, які атрымаў ад цяжарнай Гражыны праз два з паловай месяцы ўжо ў Маскве, на ранейшай працы. І, хоць дзяўчына просіць не шукаць яе, Севярын ведае, што абавязкова яе знойдзе.

Аляксей Русецкі гаворыць, што ў творы «б’ецца неспакойная, трывожная думка нашага сучасьніка пра будучыню чалавецтва, пра адказнасьць за асобу, за кожнага чалавека, за грамадзтва і цывілізацыю». Польскі дасьледчык Флярыян Няўважны лічыць, што аповесьць «Чазенія» — гэта твор «пра сілу жыцьця, трываласьць дружбы, пра сілу каханьня і спачуваньня, магутнасьць дабра, чалавечнасьці і праўды, што выяўлена ня толькі ў вобразах галоўных герояў, іхніх сяброў, але таксама ў зьявах прыроды, якая выступае тут, хто ведае, ці не галоўным героем і паказчыкам прагрэсу». Дасьледчык Галіна Гарадко адзначае, што Ўладзімер Караткевіч вырашае ўзьнятыя праблемы «ня проста на аснове асабістых узаемаадносін герояў, а галоўным чынам праз адносіны пэрсанажаў твора да гэтых праблемаў». Адам Мальдзіс сьцьвярджае: «„Чазенія“ — гэта ўзьнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе».

Асобныя дасьледчыкі вызначаюць жанр «Чазеніі» як «аповесьці рамантызаванай, паэтычнай і дынамічнай» (Сэрафім Андраюк). Іншыя лічаць яе «паэмай у прозе, дзе спалучаны лірыка-рамантычны пачатак з эпічным дзеяньнем» (Аляксей Русецкі, Флярыян Няўважны).

Аўдыёспэктакль

рэдагаваць

У 2018 року акторы Купалаўскага тэатру запісалі аўдыёспэктакль паводле «Чазеніі». Усяго ў запісе прынялі ўдзел каля паўсотні актораў, уключаючы тых, чыімі галасамі яшчэ ў 1986 загаварылі героі кнігі «Каласы пад сярпом тваім» — Віктар Манаеў, Валянцін Салаўёў[2], Аляксандар Малчанаў[3].

  1. ^ Уладзімер Караткевіч — Чазенія — ГДЗ Кароткі зьмест Праверана 4 лютага 2021 г.
  2. ^ „Чазенія“ Владимира Короткевича впервые на волнах Белорусского радио (рас.) Новости культуры. Белтэлерадыёкампанія (20 жніўня 2018). Праверана 4 лютага 2021 г.
  3. ^ Радиотеатр готовит премьеру! (рас.) Новости культуры. Белтэлерадыёкампанія (19 верасьня 2018). Праверана 4 лютага 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць