Цагліна (электроніка)
Цаглі́на — электронная прылада (мабільная, гульнявая кансоля, маршрутызатар, кампутар і пад.), якая не функцыянуе з прычыны сапсаванага праграмнага, апаратнага забесьпячэньня ці іншага пашкоджаньня. Тэрмін спасылаецца на карыснасьць цагліны ў сучасным тэхналягічным сьвеце.
Найчасьцей да пераўтварэньня электроннай прылады ў цагліну прыводзіць спыненьне працэсу ейнага праграмнага абнаўленьня(d). Такія прылады дазваляюць абнаўленьне, аднак калі ў гэты час адбудзецца адключэньне сілкаваньня, умяшаньне карыстальніка ці якая-кольвек іншая праблема, існае ўшытае забесьпячэньне будзе перазапісанае толькі часткова і стане непрыдатным. Іншымі прычынамі ацагліньваньня могуць стаць абнаўленьне непрыдатным для гэтай мадэлі праграмным забесьпячэньнем; запускам шкодных праграмаў(d); праграмаў з памылкамі.
У залежнасьці ад здольнасьці прыладаў функцыянаваць іх можна падзяліць на два тыпы:
- «Мяккая цагліна» можа падаваць прызнакі жыцьця, аднак не загружаецца ці выдае памылку. Такія памылкі звычайна выпраўляюцца параўнальна проста падключэньнем да іншай прылады і загрузкай праграмы зь яе;
- «Цьвёрдая цагліна» не падае прызнакаў жыцьця. Такія прылады аднавіць цяжэй, бо для гэтага могуць спатрэбіцца дадатковыя прылады і праграматары нізкага ўзроўню. Пашкоджаньне ж мікрасхемаў ці працэсара патрабуе замены няспраўных дэталяў ці блёкаў.