Цыры
Адна з галоўных дзеючых асобаў цыклу раманаў Анджэя Сапкоўскага. Імёны: Цыры́лла, Ластаўка, Zireael (Старэйшая мова) Поўнае імя: Цырылла Фьёна Элен Рыанон.
Народжаная ў 1249 годзе падчас сьвята Бэлетэ́йн. Былая княгіня Цынтры. Маці — Паве́та, бацька — Дані (Ёж з Эрэнвальду). Унучка каралевы-«ільвіцы» Калантэ. Легендарнае «дзіця-неспадзёўка», што было абяцанае Геральту. Дзяцінства правяла ў Цынтры пры двары свае бабулі. У час зьнішчэньня Цынтры была ўратаваная ныльфгаардзкім рыцарам Кахірам. Падчас вайны хаваецца ў Садэне. Геральт знаходзіць яе й забірае ў Каэр Морхэн, дзе з дапамогай Вэсэміра й Эскеля атрымоўвае вядзьмарскае выхаваньне, аднак пазьбягае «выпрабаваньня травамі».
Мае вялікі магічны патэнцыял, які выпадкова ў ёй знаходзіць Трыс Мерыгольд. Менавіта яна пачынае вучыць Цы́ры магіі.Пасьля Цыры працягвае магічную адукацыю ў храме «Маткі Зямлі», пад кіраўніцтвам Нэнэке. Менавіта там Цыры сустракаецца з Еніфэр. Страчвае мажлівасьць карыстацца магіяй у пустцы Карах, аднак пазьней часткова верне свае здольнасьці чараўніцы. Еніфэр забірае Цыры на востраў Танэнд у школу чараўнікоў, адкуль зьбягае праз магічны партал у час бунту Вільгэфорца. Такім чынам трапляе ў пустку Карах. Там ледзьве ня гіне ад голаду, але яе знаходзяць лаўцы нявольнікаў. У хуткім часе ўцякае з чальцом банды «Пацукоў» і далучаецца да іх. Пасьля таго, як «Пацукоў» зьнішчае Банарт, становіцца яго нявольніцай, але ў хуткім часе зьбягае й трапляе да пустэльніка Высаготы.
Нягледзячы на свой малады ўзрост, Цыры выдатна валодае мячом, амаль што як ведзьмары, толькі што не прайшла «выпрабаваньне травамі». Прадстаўленая як валявая асоба, якая ведае, чаго хоча. Упершыню ўзгадваецца ў апавяданьні «Меч прызначэньня».