Цені забытых продкаў (аповесьць)

аповесьць Міхайла Кацюбінскага

«Цені забытых продкаў» (па-ўкраінску: Тіні забутих предків)— аповесьць украінскага пісьменьніка Міхайла Кацюбінскага, напісаная пад уражаньнем яго побыту на Гуцульшчыне у 1911 годзе.

Цені забытых продкаў (аповесьць)
па-ўкраінску: Тіні забутих предків
Жанр: аповесьць[d]
Аўтар: Міхаіл Кацюбінскі
Мова арыгіналу: украінская мова
Публікацыя: 1912

У творы апісваецца каханьне гуцулаў Івана і Марычкі з варагуючых родаў, што трагічна завяршаецца для абодвух. У аповесьці яскрава перададзена гуцульскі побыт і жыцьцё з элемэнтамі фальклёру.

У 1960 годзе па аповесьці пастаўлены балет на музыку Віталя Кырэйкі. У 1964 годзе повесьць экранізаваў Сяргей Параджанаў.

Сюжэт рэдагаваць

У вёсцы ля ракі Чэрэмош растуць двое дзяцей, Іван і Марычка. З-за нелюдзімасьці і цікаўнасьці да вядзьмарства і нячыстай сілы маці Івана нават лічыла яго падмененым д’яблам. Калі яму спаўняецца 7 гадоў, аднойчы, пасучы кароў, Іван чуе дзіўную песьню, хоць побач няма людзей. Пасьля ён даведаецца пра даўнюю варожасьці свайго роду Палійчукоў з Гутэнюкамі, і становіцца сьведкам нападу на свайго бацьку, які пасьля памірае ад ранаў. Дзеля помсты ён б’е Марычку, бо тая зьяўляецца дачкой забойцы, і выкідвае ў раку яе стужкі з валасаў. Яна выхваляецца, што мае лепшыя, Іван з зайздрасьці пачынае выхваляцца сам і ў канцы дзеці забываюць пра крыўду.

Іван з Марыяй пачынаюць разам пасьвіць авечак і з часам ўлюбляюцца адзін у аднаго. З трынаццаці гадоў яны любяць і мараць пра жаніцьбу. Аднак пасьля сьмерці бацькі гаспадарка прыходзіць у заняпад. Юнак адпраўляецца на лета на заробкі працаваць на пашу. Там разам зь іншымі гуцуламі ён пасе авечак, доіць іх і вырабляе будз і брынзу.

Калі Іван застаецца вартаваць вогнішча, яму мроіцца Марычка. Вярнуўшыся з даліны, ён даведаецца, што Марычка загінула падчас паводкі. Сьпярша ён не верыць, лічачы гэта чуткамі Гутэнюкоў, але потым знаходзіць цела каханай. Прыгнечаны стратай, Іван блукае па горах, сілкуючыся аднымі ягадамі. У вёсцы яго лічаць загінулым.

За шэсьць гадоў Іван вяртаецца дадому і распавядае, што працаваў у вугорцаў пастухом. Ён ажэніцца на дзяўчыне з багатага роду Палагне і добра вядзе гаспадарку. Аднак Палагна пачынае зьмяняць яго з мальфарам Юрам, што нібыта валодае магутным чараўніцтвам. Іван з-за гэтага б’ецца зь Юрам на валашках у карчме і раніць яго, але супернік ламае яго зброю. Пасьля гэтага Іван зноў чэзьне і падазрае, што мальфар павольна забівае яго вядзьмарствам. Яму ўдаецца падгледзець, як Юра пры Палагне штрыхуе ляльку, насылаючы хваробу і сьмерць.

Наведаўшы месца, дзе ён гуляў з Марычкай, Іван сустракае яе ў выглядзе маўкі. Яны гутараць пра тое як разам забаўляліся, паступова паглыбляючыся ў лес. Нечакана Марычка зьнікае, Іван распальвае вогнішча, да якога прыходзіць чугайстар і пытаецца, дзе маўка. Ведаючы, што паводле паданьня чугайстар палюе на мавак, Іван не выдае, што быў з прывідам Марычкі. Чугайстар кліча яго ў скокі, граючы тую самую песьню, што Іван чуў у дзяцінстве. Пасьля танцу Іван падае зьнясілены, але голас маўкі падахвочвае яго адправіцца на пошукі каханай. Ідучы скрозь нэтры, ён падае ў абрыў. На наступны дзень пастухі знаходзяць Івана ледзь жывым, але хутка ён памірае.

Хаваюць Івана па мясцоваму звычаю з танцамі і песьнямі. Хутка пахаваньне ператвараецца ў гульню зь весялосьцю і ад танца цела Івана само пачынае трэсьціся, нібы жывое, пад гук трабітаў.

Пераклады на беларускую мову рэдагаваць

У 2005 годзе выдадзена кніга на беларускай мове ў перакладзе Вячаслава Райгошы.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Бондаренко Ю. Про першопочатки історії людства у повісті «Тіні забутих предків» Михайла Коцюбинського (розвиток історичної свідомості школярів засобами літератури) // Дивослово. — 2006. — № 12. — С.4-10.http://lib.ndu.edu.ua/dspace/handle/123456789/658
  • Новий довідник: Українська мова та література. — К.: ТОВ «КАЗКА», 2005. — 864 с ISBN 966-8055-08-X
  • Піддубняк О. Тернистим шляхом: До історії ювілейного видання у 1929 році повісті Михайла Коцюбинського «Тіні забутих предків». «Дзвін», 2004, Ч. 11-12, 150—162.
  • У вінок Михайлу Коцюбинському / Збірник статей і повідомлень. З нагоди 100-річчя з дня народження і 50-річчя з дня смерті видатного українського письменника. — К., 1967.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць