Хвалісты папуга

від папугаеў
(Перанакіравана з «Хвалісты папугай»)

Хва́лісты папу́га, чыю́к (Melopsittacus undulatus) — птушка атраду папугаепадобных.

Хвалісты папуга
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы (Animalia)
ТыпХордавыя (Chordata)
КлясаПтушкі (Aves)
АтрадПапугаепадобныя (Psittaciformes)
СямействаPsittaculidae
РодMelopsittacus
ВідХвалісты папуга
Бінамінальная намэнклятура
Melopsittacus undulatus
(Shaw, 1805)
Арэал

Зьнешні выгляд

рэдагаваць

Невялікія, стройныя даўгахвостыя птушкі. Даўжыня цела 17—19,8 см, крыла — 9,3 — 9,4 см, хваста — 8-10 см; вага 40-45 г. Дзякуючы хвасту візуальна падаецца значна буйнейшым. Асноўная афарбоўка апераньня ахоўнага травяніста-зялёнага колеру. Пярэдняя частка галавы і горла жоўтыя. На шчоках па адной выцягнутай фіялетавай пляме, якія пакрываюць адну з двух-трох разьмешчаных з кожнага боку горла чорных плямак.

Лад жыцьця

рэдагаваць

Засяляюць паўпустэльныя й стэпавыя мясцовасьці, аддаючы перавагу дзялянкам з рэдкімі дрэвамі. Гэтыя чыюкі імклівыя ў палёце й хуткія ў рухах, добра ходзяць па зямлі й лазяць па дрэвах. Жывуць чародамі. Чароды могуць налічваць ад 20 да некалькіх соцень асобін.

Утрыманьне ў няволі

рэдагаваць
 

Хвалістыя папугайчыкі цудоўна пачуваюцца ў клетцы, заўжды вясёлыя, здольныя да перайманьня гукаў, добра размнажаюцца ў няволі.

Трымаюць папугайчыкаў у клетцы простакутнай формы з мінімальнымі памерамі 60×40×40 см на адну пару, 100×40×40 см на дзьве пары. Клетку абсталёўваюць, як для канарэек. Хоць і ня ўсе зь іх любяць купацца, але купальня ў клетцы патрэбна. Часам папугайчыкі з задавальненьнем купаюцца ў мокрай зеляніне.

Кормяць птушак зерневай сумесьсю (проса, авёс ці аўсяныя крупы, насеньне сланечніку, канапель, канарэечнае, ільняное семя). Насеньне алейных культур мусіць складаць не больш за 10—12 % содневага рацыёну. 3 дадатковага корму можна даваць кашу, варанае курынае яйка, тварог, змочаную ў малацэ ці ў вадзе булку, сухары, печыва, сухую садавіну, а таксама зялёны корм — моркву, яблыкі, зялёнае лісце. У клетцы заўсёды мусіць стаяць рачны пясок, перамешаны з крэйдаю ці шкарлупінамі ад яек. Содневая норма на аднаго папугайчыка — 1 сталовая лыжка (15—20 г) зерневай сумесі.

Расплоджвацца папугайчыкі пачынаюць ва ўзросьце каля году. Лепшы час для іх спароўваньня — лета й пачатак восені. За год яны могуць рабіць некалькі носак (ад 3 да 8 яек у кожнай). Для носкі яек птушкам неабходна павесіць гняздо з вонкавага боку клеткі (фанэрная скрынка памерам 20×20×25 см) з бакавым лятком, на дно якога насыпаюць апілкі зь лісцевых дрэў. Наседжваньне яек працягваецца 18—20 содняў (доб). Пары ў папугайчыкаў вельмі дружныя й ствараюцца на ўсё жыцьцё. Самец увесь час клапоціцца аб самцы, корміць яе ў перыяд наседжваньня, а потым корміць і птушанятаў, сагравае іх. Птушаняты, што зьявіліся на сьвет, на 6—7-я содні могуць бачыць, а да месячнага ўзросту пакрываюцца пер’ем і пачынаюць выглядваць зь яткі. Прыкладна праз 40 дзён яны свабодна лётаюць і кормяцца, а самка можа пачынаць новую носку.

Каб навучыць папугайчыка гаварыць, птушанят (лепш самца) трэба ўзяць з гнязда незадоўга да вылету і пасадзіць асобна ад астатніх птушак (каб яно не чула іх галасоў) і штучна выкормліваць. Абучэньне і прыручэньне патрабуе цярплівасьці, вытрымкі, настойлівасьці і блізкага кантакту з птушкаю.

Прафіляктыка хваробаў птушак заключаецца ў выкананьні гігіенічных правілаў утрыманьня й догляду, у правільным падборы корму з неабходнай колькасьцю мінэральных кампанэнтаў і вітамінаў. Калі выхаванцы ўсё ж захварэлі (сядзяць надзьмуўшыся, хаваюць галаву пад крыло, адмаўляюцца ад корму і г.д.), трэба зьвярнуцца да вэтэрынарнага лекара[1].

Гісторыя адкрыцьця для Эўропы

рэдагаваць

Хвалістых папугайчыкаў упершыню апісаў ў 1805 годзе ангельскі прыродазнаўца Джордж Шоў у сваёй працы «Naturists Miscellany» (1781—1813 год). Тады ж ягоны калега мастак Ґ. Нодэр зрабіў першы малюнак гэтай птушкі. У 1831 годзе наведвальнікі музэю грамадзтва імя Карла Лінэя ўпершыню ўбачылі чучала гэтай экзоты. Калі Аўстралію пачалі засяляць эўрапейцамі, яны сталі прыручаць птушак і зьмяшчаць іх у клетках.

Супрацоўнік музэю Лёнданскага заалягічнага таварыства арнітоляг Джон Ґульд у 1837 годзе ў кнізе «Handbook of birds of Australia» упершыню апісаў жыцьцё хвалістых папугайчыкаў ў прыродзе настолькі добра, што пазьнейшыя назіраньні не дадалі нічога істотнага да цяперашняга часу. Яму належыць першае апісаньне хвалістага папугайчыка ва ўмовах дзікай прыроды. Вялікі арнітоляг стварыў 36-томную працу «Птушкі Аўстраліі», у якім згадаў і аб гэтым разнавідзе папугаяў. У 1840 годзе хвалістыя папугайчыкі былі ўпершыню завезеныя ў лёнданскі заапарк. Існуе меркаваньне, што іх прывёз з Аўстраліі Ґульд.

Хвалістых папугайчыкаў дастаўлялі з Аўстраліі па моры, пры гэтым вялікая колькасьць птушак гінула, ня пераносячы працяглага (больш за 2 месяцаў) плаваньня. У выніку ўрад Аўстраліі быў вымушаны прыняць закон аб забароне вывазу любых птушак, якія жывуць на тэрыторыі краіны. У цяперашні час законам забаронена вывозіць з Аўстраліі любога прадстаўніка фауны, за выключэньнем тых, якія нарадзіліся ў няволі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць