Унівэрсытэт Арыстотэля ў Салёніках
Унівэрсытэт імя Арыстотэля ў Салёніках (па-грэцку: Αριστοτέλειο Πανεπιστήμιο Θεσσαλονίκης, часта завецца па-паспалітаму Арыстоцелеўскі ўнівэрсытэт) — самая буйная акадэмічная ўстанова як у самой Грэцыі, гэтак і наагул на Балканах, што дзейнічае ў Салёніках. Заснаваны ў 1925 годзе па рэкамэндацыі тагачаснага прэм’ер-міністра Александраса Папанастасіў у час Другой Грэцкай рэспублікі; спачатку зваўся Фэсалёніцкі ўнівэрсытэт. Пераназваны ў 1954 годзе.
Унівэрсытэт носіць імя філёзафа Арыстотэля, а на эмблему ВНУ намаляваны сьв. Дзімітрый Салунскі, які зьяўляецца апекуном гораду Салёнікі.
Унівэрсытэт налічвае каля 12 факультэтаў. Большасьць факультэтаў знаходзіцца на тэрыторыі ўнівэрсытэцкага гарадка (кампуса), разьмешчанага ў цэнтральнай частцы гораду. Яго тэрыторыя складае каля 230 тыс. м². Іншыя факультэты і лябараторыі знаходзяцца як у межах гораду, гэтак і па-за яго граніцамі.
У наш час у ВНУ навучаецца 95 тыс. студэнтаў, у тым ліку 86 тыс. у бакаляўрыяце, 9 тыс. атрымлівае пасьлядыплёмную адукацыю. Акрамя таго, выкладчыцкі і навукова-дасьледчы склад налічвае 2248 чалавек, уключаючы 716 прафэсараў, 506 ад’юнкт-прафэсараў, 576 дацэнтаў, і 450 лектараў.
Асноўнай мовай навучаньня зьяўляецца навагрэцкая, у той жа самы час ва ўнівэрсытэце дзее нямала аддзяленьняў для замежных студэнтаў, на якіх выкладаньне ўжыцьцяўляецца на англійскай, францускай і нямецкай мовах.