Узломшчыцы сэрцаў
«Узло́мшчыцы сэ́рцаў» (па-ангельску: Heartbreakers) — амэрыканскі рамантычны крымінальна-камэдыйны фільм 2001 году рэжысэра Дэйвіда Міркіна паводле сцэнару Робэрта Дана, Пола Гаэя і Стывэна Мазура. У фільме зьняліся Сыгурні Ўівэр, Джэніфэр Лаў-Г’юіт, Рэй Ліёта, Джэйсан Лі і Джын Гэкман. У гэтай кінастужцы ў апошні раз у жыцьці зьнялася Эн Бэнкрафт перад сваёй сьмерцю ў чэрвені 2005 году. «Узломшчыцы сэрцаў» атрымалі супярэчлівыя водгукі крытыкаў і назьбіралі больш за 57 мільёнаў даляраў. Ўівэр за выкананьне ролі была намінаваная на прэмію «Спадарожнік».
Сюжэт
рэдагавацьМаці і дачка Макс (Сыгурні Ўівэр) і Пэйдж (Джэніфэр Лаў-Г’юіт) Конэрз займаюцца ашуканствам мужчынаў. Іхняя схема палягае на тым, што маці ачароўвае мужчынаў і бярэ зь імі шлюб. У гэты час дачка спакушае новых мужоў маці да здрады, сьведкай якой заўсёды робіцца маці. У выніку «засмучаная» Макс патрабуе развод ад мужоў і пэўную грашовую кампэнсацыю. У пачатку фільму Конэрзы такім чынам ашукваць Дына Кумана (Рэй Ліёта), то бок уладальніка аўтасьлесарнага варштату і дробнага ашуканца.
Пасьля чарговай такой справы Пэйдж заяўляе, што хоча адысьці ад маці. Спачатку Макс саступае, але калі яны ідуць у банк, каб падзяліць свае здабытыя грошы, яны сутыкаюцца з агенткай падатковай службы (Эн Бэнкрафт), якая кажа пра віннасьць жанчынаў перад урадам значнай сумы ў дадатак да астатніх іхных ашчаджэньняў, якія ўжо былі канфіскаваныя. Пэйдж неахвотна згаджаецца на апошнюю афэру з Макс у Палм-Біч, каб атрымаць дастаткова грошай на сплату даўгоў. У якасьці мэты яны абіраюць удаўца Ўільяма Б. Тэнсі (Джын Гэкман), тытунёвага магната, які захапляецца ўласным прадуктам. У той жа час Пэйдж спрабуе сама-адна ашукаць каго-небудзь іншага паралельна з асноўнай «здабычай». Яна зьвяртае ўвагу на ўладальніка пляжнага бара Джэка (Джэйсан Лі), які таксама працуе бармэнам у сваёй установе. Яна прадстаўляецца як Джэйн, але адразу ў яе зьяўляюцца да хлопца шчырыя пачуцьці. Макс даведваецца пра гэта і загадвае Пэйдж скасаваць стасункі, што Пэйдж робіць неахвотна.
Тэнсі робіць прапанову Макс раней заплянаванага часу, але перш чым яны пасьпелі пабрацца шлюбам, ён выпадкова затохнуўся і загінуў. Пакуль Макс і Пэйдж вырашаюць, што рабіць зь целам, прыходзіць Дын, які высачыў Макс. Ён прагне папрасіць прабачэньня і зноў зрабіць ёй прапанову, аднак высьвятляе, што Макс і Пэйдж падманулі яго, і пагражае выклікаць паліцыю. Макс прапануе вярнуць Дыну грошы за развод, калі ён дапаможа ім зрабіць так, каб абставіць сьмерць Тэнсі як няшчасны выпадак. Макс выкрывае Пэйдж, што іхныя грошы насамрэч не забралі ўлады, а агенткай была махлярка Барбара, якая пагадзілася дапамагчы прадухіліць сыход дачкі. Аднак, калі Макс, Пэйдж і Дын ідуць у банк, высьвятляецца, што грошы скрала Барбара.
Каб дапамагчы Макс, Пэйдж вяртаецца да Джэка і прымае ягоную прапанову, плянуючы зладзіць звычайнае сваё махлярства. Пэйдж спадзяецца, што махлярства рассыплецца, і што Джэк ня здрадзіць ёй. Аднак ейнае сэрца разьбіваецца, калі ў іх шлюбную ноч яна засьпявае яго ў ложку з сваёй маці. Пакуль маладыя з праўнікамі абгаворваюць умовы пагадненьня аб разводзе, Дын спрачаецца з Макс наконт этыкі іхных афэраў, паказваючы, што нават такі «добры-добры» Джэк усяго толькі чалавек. Макс распавядае яму, што дочкаў жаніх насамрэч адмовіў ёй і яна яго ачмурыла, бо не жадала аддаваць дачку. Дын, шакаваны гэтым, змушае Макс выкрыць праўду дачцэ.
Макс кажа Пэйдж праўду, прызнаючы, што ейныя намаганьні абараніць дачку толькі нашкодзілі ёй. Пэйдж вяртаецца да Джэка, і абодва мірацца. Яна вяртае каханаму грошы, каб ён ня мусіў прадаваць свой бар, і называе яму сваё сапраўднае імя. Макс і Дын таксама мірацца, а Дын прызнаецца, што ўсё яшчэ кахае яе, не зважаючы на тое, што яна яму зрабіла. У апошнім кадры фільму Дын пад імём «Стэнлі» рамантуе з Барбарай, а Макс назірае за імі ў бінокль. Меркавана пара спрабуе ашукаць Барбару і вярнуць свае грошы.
Крытыка
рэдагаваць«Узломшчыцы сэрцаў» займелі супярэчлівыя водгукі крытыкаў пасьля свайго выхаду[9]. Роджэр Эбэрт надаў фільму тры зоркі з чатырох мажлівых, адзначыўшы, што фільм робіць тое, што мусіць рабіць кожная камэдыя, то бок прымушае нас сьмяяцца[10]. Энтані Скот з New York Times заявіў, што гэтая камэдыя, хоць і мае некалькі прыедлівых інструмэнтаў у сваім мяху трукаў, але мае кляс і прафэсіяналізм, каб добра адлюстраваць сумленнага і складанага ашуканца[11].
На Rotten Tomatoes 54% з 123 рэцэнзіяў крытыкаў маюць станоўчы характар. Паводле кансэнсусу крытыкаў парталу, не зважаючы на тое, што акторы ўкладваюць шмат энэргіі ў свае ролі, «Узломшчыцы сэрцаў» занадта зацягнутыя, а рамантычны сюжэт дрэнна спалучаны. Акрамя таго, жанчыны-махляркі не выклікаюць асаблівай сымпатыі[12]. На Metacritic фільм атрымаў 47 сярэднеўзважаных балаў з 100 магчымых, базуючыся на 32 крытычных водгуках, што сьведчыць пра зьмяшаныя або пасярэднія ацэнкі. Гледачы, апытаныя CinemaScore, паставілі фільму адзнаку B− паводле шкалы ад A+ да F.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г http://stopklatka.pl/film/wielki-podryw
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о http://www.imdb.com/title/tt0125022/
- ^ http://www.filmaffinity.com/es/film720301.html
- ^ а б в г д е ё ж з і к л Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
- ^ а б в http://www.metacritic.com/movie/heartbreakers
- ^ а б http://www.adorocinema.com/filmes/filme-29296/
- ^ выгрузка зьвестак Freebase — Google.
- ^ IMDb (анг.) — 1990.
- ^ Goodman, Jessica (23.03.2016). «'Heartbreakers' 15th anniversary: The best outfits». Entertainment Weekly.
- ^ Roger Ebert (23.03.2001). «Heartbreakers Movie Review & Film Summary (2001)». Chicago Sun-Times.
- ^ A.O. Scott (2001-03-23). «Film Review; It’s Take Your Daughter to Work Day». The New York Times.
- ^ «Heartbreakers». Rotten Tomatoes.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Узломшчыцы сэрцаў (анг.) на сайце IMDb
- Узломшчыцы сэрцаў на сайце «Rotten Tomatoes» (анг.)
- Узломшчыцы сэрцаў на Metacritic