Камсамол
Усесаю́зны ле́нінскі камуністы́чны саю́з мо́ладзі (УЛКСМ; па-расейску: Всесоюзный ленинский коммунистический союз молодёжи (ВЛКСМ) ), скарочана камсамо́л (рас. комсомол), — моладзевая арганізацыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, створаная 29 кастрычніка 1918 року. З распадам СССР камсамол самараспусьціўся. Зь цягам часу на поставецкай прасторы паўсталі лічаныя арганізацыі, якія лічаць сябе правапераемніцамі камсамолу.
Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі | |
Всесоюзный ленинский коммунистический союз молодёжи (ВЛКСМ) | |
Дата ўтварэньня | 29 кастрычніка 1918 (106 гадоў таму) |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 28 верасьня 1991 (33 гады таму) |
Тып | Моладзевая арганізацыя |
Штаб-кватэра | Масква |
Месцазнаходжаньне | вул. Марасейка, д. 3/13 |
Першы сакратар ЦК РКСМ | Яфім Цэтлін (першы) |
Першы сакратар ЦК УЛКСМ | Уладзімер Зюкін (апошні) |
Матчына кампанія | Камуністычная партыя Савецкага Саюзу |
Зьвязаныя кампаніі | Усесаюзная піянэрская арганізацыя імя У. І. Леніна |
Мінуўшчына
рэдагавацьЛютаўская рэвалюцыя 1917 року спрыяла павелічэньню грамадзка-палітычнай актыўнасьці моладзі. Пачалі зьяўляцца моладзевыя арганізацыі працоўных «Праца і сьвятло» ды іншыя, сябры якіх арыентаваліся на сацыялістычныя партыі. У 1917 року ў Петраградзе арганізацыйна аформіўся арыентаваны на бальшавікоў Сацыялістычны саюз працоўнай моладзі (ССПМ). 29 кастрычніка — 4 лістапада 1918 року адбыўся I Усерасейскі зьезд саюзаў працоўнай і сялянскай моладзі, на якім было абвешчанае стварэньне Расейскага камуністычнага саюзу моладзі (РКСМ). Датай заснаваньня лічыцца 29 кастрычніка 1918.
Першыя камсамольскія значыкі выдаваліся ня ўсім, паколькі наклады былі маленькімі, і хутчэй былі ўзнагародай для найлепшых камсамольцаў. Адзін зь першых падобных значыкаў уяўляў зь сябе сьцяжок з зоркаю і чатырма літарамі «Р. К. С. М.» У кастрычніку 1922 року на V зьезьдзе быў зацьверджаны адзіны выгляд значыку: на сьцяжку ў цэнтры зоркі літары «КИМ» (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі). Надпіс «ВЛКСМ» зьявіўся на значыках толькі ў 1947 року, а канчатковы выгляд з профілем Леніна значыкі ВЛКСМ атрымалі толькі ў 1956 року.
У 1924 року арганізацыі прысвоенае імя У. І. Леніна — Расейскі ленінскі камуністычны саюз моладзі (РЛКСМ). У сакавіку 1926 року ў сувязі з утварэньнем у 1922 СССР РЛКСМ быў перайменаваны ва Ўсесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі.
Неўзабаве камсамол застаўся адзінай у РСФСР, а пазьней і ў СССР палітычнай моладзевай арганізацыяй. Празь ейную структуру зьдзяйсьнялася ідэалягічнае выхаваньне моладзі, рэалізоўвалі палітычныя й сацыяльныя праекты. Пад кіраўніцтвам камсамолу ў 1922 року была створаная дзіцячая палітычная арганізацыя: Усерасейская, пасьля Ўсесаюзная піянэрская арганізацыя імя Леніна.
У часе масавых рэпрэсіяў 1937—1939 рокаў былі арыштаваныя і растраляныя шматлікія заснавальнікі і кіраўнікі РКСМ/УЛКСМ: Оскар Рыўкін, Л. Шацкін, Яфім Цэйтлін, Аляксандар Косараў ды інш. Генэральны сакратар ЦК УЛКСМ Аляксандар Мільчакоў (1928—1929) правёў 16 гадоў у лягерох.
У 1941 року налічвалася больш за 10 млн камсамольцаў. Каля 1 млн зь іх сталі «варашылаўскімі стралкамі»(ru), тры з паловай тысячы сталі Героямі Савецкага Саюзу, тры з паловай мільёны былі ўзнагароджаныя ордэнамі і мэдалямі.
З пачаткам перабудовы ў камсамольскім руху зьявіліся дэідэалягізаваныя і камэрцыйныя плыні. У 1989 року пра сваю самастойнасьць абвясьцілі Камуністычныя саюзы моладзі Летувы і Эстоніі. 27—28 верасьня 1991 адбыўся XXII Надзвычайны зьезд УЛКСМ, на якім адбыўся роспуск арганізацыі[1]. 29 дэлегатаў не ўхвалілі рашэньне пра самароспуск і пакінулі зьезд. Асобныя сябры УЛКСМ, нязгодныя з рашэньнем зьезду (сярод іх і беларус Сяргей Вазьняк), стварылі аргкамітэт па адраджэньні УЛКСМ. У 1993 року іхнімі намаганьнямі ў Расеі быў створаны Расейскі камуністычны саюз моладзі.
У Беларусі
рэдагавацьЛенінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі (ЛКСМБ) быў заснаваны 24 верасьня 1920 року[2].
Найвышэйшы кіроўны орган — зьезд дэлегатаў. Паміж зьездамі кіраваньне зьдзяйсьняў цэнтральны камітэт (ЦК), абраны зьездам; паміж паседжаньнямі цэнтральнага камітэту — бюро цэнтральнага камітэту, абранае ЦК. Найвышэйшая кіроўная пасада — першы сакратар цэнтральнага камітэту, выканаўчы орган — сакратарыят ЦК.
Пасьля распаду СССР і самароспуску УЛКСМ адбыўся XXX Зьезд ЛКСМБ (сьнежань 1991), дзе было прынятае рашэньне пра пераўтварэньне ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ). На XXXVII зьезьдзе ў 1995 року ён быў перайменаваны ў Беларускі саюз моладзі, а ў 2002 року аб’яднаны зь Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (заснаваным у 1997) у адзіную арганізацыю, якая атрымала назву Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі[3]. БРСМ падтрымліваецца дзяржавай.
У іншых дзяржавах
рэдагавацьУ Казахстане[4], Малдове[5], Расеі[6], Украіне[7] камсамольскія арганізацыі існуюць як моладзевыя арганізацыі камуністычных партыяў. У балтыйскіх дзяржавах камсамольскія арганізацыі забароненыя нароўні з камуністычнымі.
У іншых дзяржавах:
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Российский — Российский Ленинский — Всесоюзный Ленинский коммунистический Союз молодёжи (рас.) Справочник по истории Коммунистической партии и Советского Союза 1898—1991 Праверана 16 лістапада 2018 г.
- ^ Жданко, Валянцін (25 кастрычніка 2018) Юбілей якога камсамолу сьвяткуюць у Беларусі. Радыё «Свабода». Праверана 16 лістапада 2018 г.
- ^ Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі Інфаграфіка. БелТА (29 кастрычніка 2018). Праверана 16 лістапада 2018 г.
- ^ Қазақстан коммунистік жастар одағы (рас.). Камуністычны саюз моладзі Казахстану. Праверана 16 лістапада 2018 г.
- ^ Коммунистический союз молодежи Молдовы (рас.). Камуністычны саюз моладзі Малдовы. Праверана 16 лістапада 2018 г.
- ^ Российский Коммунистический Союз Молодежи (рас.). Расейскі камуністычны саюз моладзі. Праверана 16 лістапада 2018 г.
- ^ Комсомол Украины (ЛКСМУ) (рас.). Ленінська Комуністична Спілка Молоді Україні. Праверана 16 лістапада 2018 г.