Тэорыя ўсяго
Тэо́рыя ўсяго́ (ТУ), канчатко́вая тэорыя — гіпатэтычная ўсеахопная фізычная тэарэтычная канцэпцыя, прызваная напоўніцу патлумачыць і аб’яднаць усе фізычныя аспэкты існаваньня сусьвету. Адкрыцьцё тэорыі ўсяго — адна з галоўных неразьвязаных фізычных праблемаў. Цягам апошніх стагодзьдзяў былі распрацаваныя дзьве тэарэтычныя канцэпцыі, якія ў спалучэньні маглі б скласьці ТУ. Гэтымі дзьвюмя тэорыямі, на якіх грунтуецца ўся сучасная фізыка, ёсьць агульная тэорыя рэлятыўнасьці (АТР) і квантавая тэорыя поля (КТП). АТР — тэарэтычная канцэпцыя, арыентаваная толькі на гравітацыі дзеля разуменьня сусьвету ў буйнамаштабных і адначасна буйнамасавых галінах: зорак, галяктык, галяктычных клястэраў і да т. п. КТП, зь іншага боку, — тэарэтычная канцэпцыя, арыентаваная толькі на тры негравітацыйныя сілы дзеля разуменьня сусьвету ў дробнамаштабных і адначасна дробнамасавых галінах: субатамных часьцінак, атамаў, малекулаў і да т. п. КТП пасьпяхова адаптавала стандартную мадэль і аб’яднала ўсе ўзаемадзеяньні (так званая Тэорыя вялікага аб’яднаньня) паміж трыма негравітацыйнымі сіламі: слабым, моцным і электрамагнітным узаемадзеяньнем.
У працэсе шматгадовых дасьледаваньняў фізыкі з надзвычайнай дакладнасьцю пацьвердзілі экспэрымэнтальна практычна ўсе прадказаньні абодвух названых тэорыяў у іхняй галіне прымяненьня. У выніку дасьледаваньняў навукоўцы таксама высьветлілі, што АТР і КТП у сваёй цяперашняй фармулёўцы ўзаемна несумяшчальныя — паколькі выключаюць адна другую. З гэтай прычыны ў залежнасьці ад галіны выкарыстаньня ў той ці іншай сытуацыі можа быць прымененая ці толькі першая, ці толькі другая з канцэпцыяў. Дзеля разьвязаньня канфлікту між дзьвюмя тэорыі і прапанавана вынайсьці больш агульную тэорыю, якая б аб’яднала гравітацыю з трыма іншымі ўзаемадзеяньнямі; адзіную тэорыю, здольную патлумачыць усемагчымыя зьявы. У пошуках такой тэорыі навукоўцы заняліся дасьледаваньнем квантавае гравітацыі.
У выніку зьявілася агульная тлумачальная канцэпцыя тэорыі сусьвету, названая «тэорыяй струнаў». Яна сьцьвярджае, што ў пачатку існаваньня сусьвету (каля 10−43 сэкундаў пасьля Вялікага выбуху) чатыры фундамэнтальныя сілы былі адзінай фундамэнтальнай сілай. Паводле гэтай жа тэорыі, кожная часьцінка ў сусьвеце на самым мікраскапічным узроўні (Плянкава даўжыня) складаецца з разнастайных камбінацыяў вібруючых струнаў (ці скруткаў) зь перадвызначнаымі ўзорамі вібрацыяў. Дзякуючы гэтым узорам хістаньняў струнаў ствараецца ўнікальная маса і сілавы зарад (то бок, напрыклад, электрон складаецца са струнаў, якія вібруюць адным чынам, а верхні кварк складаецца са струнаў, якія вібруюць інакш).
Пачаткова тэрмін «тэорыя ўсяго» выкарыстоўваўся ў іранічным сэнсе ў дачыненьні да розных тэорыяў абагульненьня. У тэхнічную літаратуру гэты тэрмін увёў фізык Джон Эліс[1] у публікацыі ў часопісе «Nature» у 1986[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Physics gets physical (correspondence) (анг.) // Nature. — 2002. — В. 6875. — Т. 415. — С. 957. — DOI:10.1038/415957b
- ^ The Superstring: Theory of Everything, or of Nothing? // Nature. — 1986. — В. 6089. — Т. 323. — С. 595—598. — DOI:10.1038/323595a0
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТэорыя ўсяго — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- «Элегантны сусьвет» — навуковы тэлесэрыял пра пошукі Тэорыі ўсяго
- «Тэорыя ўсяго» — відэа Vega, BBC і Адкрытага ўнівэрсытэту