Сьцяг Паўночнай Македоніі
Сьцяг Паўночнай Македоніі ўяўляе сабой чырвонае палотнішча з малюнкам сонца жоўтага колеру з васьмю разьбежнымі прамянямі. Сьцяг увасабляе «новае сонца волі» (па-македонску: ново сонце на слободата), апетае ў нацыянальным гімне Паўночнай Македоніі. Сьцяг быў прыняты ў 1995 годзе.
Папярэднія вэрсіі сьцяга
рэдагавацьДа 1995 году на сьцягу было намалявана «Сонца Вэргіны», знак цара Старажытнай Македоніі Філіпа II, бацькі Аляксандра Македонскага. Як і назва краіны, гэтая вэрсія сьцяга выклікала пратэсты з боку суседняй Грэцыі. Улады Македоніі пайшлі на частковыя саступкі, зьмяніўшы сьцяг, але пакінуўшы назву краіны. Назва была зьмененая ў 2018 годзе.
Да 1991 году, калі Сацыялістычная Рэспубліка Македонія ўваходзіла ў склад Югаславіі, сьцяг уяўляў сабой чырвонае палотнішча з залатым контурам зоркі ў верхнім куце каля тронка.