Сьвятыя Дзьверы
Сьвятыя Дзьверы (таксама: Сьвятая Брама; лац. Porta Sancta) — адмысловыя дзьверы, што адчыняюцца з нагоды пачатку Юбілейнага Году ў адной з галоўных базылік Рыму:
- Базыліка Сьвятога Пятра
- Базыліка Сьвятога Паўла за мурамі
- Лятэранская базыліка Сьвятога Яна
- Базыліка Санта-Марыя Маджорэ
У пэрыяд паміж юбілеямі брамы зачыненыя, а ў Базыліцы Сьв. Пятра з унутранага боку базылікі, браму засланяе мур, пабудаваны пасьля заканчэньня Юбілейнага Году. Яго зносяць перад адкрыцьцём наступнага сьвятога году.
Сьвятая Брама зьвязана з ранейшай традыцыяй сьвяткаваньня Юбілейных Гадоў, калі адпуст грахоў можна было атрымаць толькі пасьля пілігрымцы ў Рым. Праход праз браму сымбалізаваў магчымасьць атрыманьня індульгенцыі.
Гісторыя
рэдагавацьЮбілейную традыцыю распачаў папа Баніфацыюс VІІІ, абвяшчаючы 22 лютага 1300 году Сьвяты Год, падчас якога можна было атрымаць поўны адпуст грахоў. У рымскія базылікі сьв. Пятра і сьв. Паўла за мурамі тады прыбыло 300 тысяч пілігрымаў. Папа хацеў, каб Юбілейны Год сьвяткаваўся праз кожныя 100 гадоў, але паступова гэты пэрыяд зьменшыўся да 50-ці (як у Старым Запавеце) і 33-х гадоў (узрост Хрыста), з 1475 году яго пачалі абвяшчаць праз 25 гадоў, каб кожнае пакаленьне адзін раз магло перажыць юбілей[1].
Юбілейны Год не адбыўся толькі ў 1800 годзе, калі пасьля сьмерці папы Піюса VI у францускай няволі ў жніўні 1799 году новы папа Піюс VII быў абраны ў сакавіку 1800 году, а ў Рым змог прыехаць у ліпені.
У ХХ ст. да звычайных Сьвятых Гадоў дадаліся яшчэ Надзвычайныя Юбілеі: 1933 і 1983 гады, абвешчаныя з нагоды 1900 і 1950 гадавіны збаўленьня. Чарговы Надзвычайны Юбілей — Сьвяты Год Міласэрнасьці — распачаўся 8 сьнежня 2015 году і закончыцца 20 лістапада 2016 году. Сьвяты Год да гэтага часу адзначаўся 28 разоў (апошні ў 2000 годзе).
Аднак пачатак юбілею не быў зьвязаны з адкрыцьцём Сьвятых Дзьвярэй — сымбалам пераходу ад граху да Божай ласкі, згодна са словамі Езуса: «Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены» (Ян 10, 9).
Першы Папа, які ў 1423 годзе адчыніў Сьвятыя Дзьверы у базыліцы сьв. Яна на Лятэране, быў Мартын V. У 1499 годзе Сьвятыя Дзьверы ўпершыню былі адчыненыя ў базыліках сьв. Пятра, Санта-Марыя Маджорэ і сьв. Паўла за мурамі.
Сьвятыя Дзьверы ў базыліцы сьв. Пятра зьяўляюцца творам скульптара Віка Кансорці (1902—1979), які выйграў конкурс, абвешчаны перад Сьвятым 1950 Годам. Ахвярадаўцам стаў ардынарый Базыля і Лугана, біскуп Франц фон Стрэнг, які разам з вернікамі хацеў падзякаваць Богу за захаваньне Швэйцарыі ад жахаў вайны. Праз 11 месяцаў дзьверы былі адчыненыя ў Вігілію Божага Нараджэньня 1949 году.
З 1983 году індульгенцыі таксама даюць пры наведваньні іншых буйных цэркваў па ўсім сьвеце, але звычай адчыняць вароты застаўся.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сьвятыя Дзьверы, Ave Maria, 16.12.2015