Зьнішчальнік танкаў

Тып бранятэхнікі
(Перанакіравана з «Супрацьтанкавая САУ»)

Зьнішча́льнік та́нкаў або супрацьта́нкавая САУ — тып баявой бранямашыны, узброенай праманаводнай артылерыйскай гарматай ці ракетнай устаноўкай, прызначаная для барацьбы зь іншымі браняванымі машынамі. Ад танкаў адрозьніваюцца меншай апэратыўнасьцю.

Эгіпецкі танказьнішчальнік Т-100(ru)

Пасьля Другой сусьветнай вайны іхнія функцыі цалкам выконваюць асноўныя баявыя танкі, таму зьнішчальнікі сталі непатрэбнымі. У асобных выпадках прымяняюцца лёгкаўзброеныя перавозчыкі супрацьтанкавых кіраваных ракетаў і (з аднаўленьнем экспэдыцыйных войнаў) гэтак званыя «абароненыя гарматныя сыстэмы», якія маюць зьнешняе падабенства да зьнішчальнікаў танкаў, аднак выкарыстоўваюцца для непасрэднай агнявой падтрымкі ў малаінтэнсіўных апэрацыях кшталту войнаў у Іраку або Аўганістане.

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Нямецкі танказьнішчальнік Hummel у Мюнстэрскім музэі

Упершыню танказьнішчальнікі сталі адыгрываць важкую ролю ў часе Другой сусьветнай вайны. Прымяненьне іх было розным: ад часовага выкарыстаньня да ўсталяваньня супрацьтанкавых гарматаў на гусенічную плятформу і больш складаных распрацовак. Акрамя амэрыканскіх мадэляў, усе зьнішчальнікі танкаў у гэтую пару ня мелі вежаў і паваротных канструкцыяў. Бязьвежавы корпус дазваляў заставацца незаўважным у засадах, дзе адсутнасьць паваротнай вежы была не такой істотнай. Акрамя таго, гэта дазваляла ўсталёўваць замест звычайнай танкавай магутнейшую супрацьтанкавую гармату з даўжэйшым ствалом і павялічыць таўшчыню брані корпусу, а з мэтай зьмяншэньня вагі зьверху мог адсутнічаць дах. Вытворчасьць бязьвежавых установак абыходзілася таньней, хутчэй і прасьцей, чым танкаў на гэтых жа плятформах. Пасьля першых выпрабаваньняў у баёх былі дадаткова ўсталяваныя супрацьпехотныя кулямёты, аднак іхняе прымяненьне таксама было менш эфэктыўным з-за непаваротлівасьці машыны.

У 1960-я рокі з разьвіцьцём супрацьтанкавых ракетаў, здольных быць усталяванымі ці не на любы транспарт, канцэпцыя танказьнішчальнікаў пераўтварылася ў лёгкія ракетныя ўстаноўкі. Паколькі вага асноўных баявых танкаў вырасла да 40-70 тонаў, спатрэбіліся лягчэйшыя баявыя адзінкі, якія маглі б быць дастаўленыя паветраным шляхам. Як вынік, зьявіліся некалькі ўзораў лёгкіх зьнішчальнікаў, напрыклад савецкая авіядэсантная самаходная ўстаноўка АСУ-85, брытанская бранямашына Hornet Malkara для запуску ракетаў, амэрыканскія безадкатная шматствольная ўстаноўка Ontos і лёгкая штурмавая бранямашына Sheridan. Апошняй да гэтай катэгорыі можна аднесьці расейскую супрацьтанкавую гармату 2С25 «Спрут-СД», здольную таксама запускаць ракеты тыпу 9К119 «Сьвір».

 
Помнік СУ-100 у Мар’інай Горцы

У цяперашні час кожны пяхотны ўзвод мае баявыя машыны пяхоты (БМП) з супрацьтанкавымі ракетамі, ды і ўдарныя вэрталёты здольныя наносіць удары па танках з паветра. Тым ня меней, застаюцца супрацьтанкавыя ўстаноўкі з ракетамі дальняга радыюсу дзеяньня, а таксама прызначаныя для паветранага выкарыстаньня.

Існуюць супрацьтанкавыя ўстаноўкі, збудаваныя на шасі бронетранспартэраў ці бронеаўтамабіляў. Сярод прыкладаў можна прывесьці амэрыканскі M901 ITV і нарвэскі NM142 БТР-ы для запуску кіраваных ракетаў з аптычным сачэньнем, некалькі савецкіх пускавых установак на шасі разьведвальных машынаў БРДМ, брытанскія FV438 Swingfire і FV102 Striker, нямецкую сэрыю Raketenjagdpanzer.

Для ракетавозцаў, аднак, існуе асобнае азначэньне супрацьтанкавы ракетны транспарт(en).

У некаторых краінах засталіся на ўзбраеньні і гарматныя зьнішчальнікі танкаў: кітайскія гусенічны PTZ89 і колавы PTL02; колавыя італьянскі Centauro ды амэрыканскі M1128 Stryker з дыстанцыйным кіраваньнем і аўтазарадкай.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Зьнішчальнік танкаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў