Стыў Розэнбэрг

брытанскі журналіст

Стыў Розэнбэрг (па-ангельску: Steve Rosenberg, нарадзіўся ў 1968 годзе) — журналіст брытанскага тэлеканалу BBC, у якім ён спэцыялізуецца на Ўсходняй Эўропе.

Стыў Розэнбэрг
Імя пры нараджэньні Steve Rosenberg
Род дзейнасьці журналіст
Дата нараджэньня 1968
Месца нараджэньня
Грамадзянства Вялікабрытанія
Месца вучобы Лідскі ўнівэрсытэт
Занятак журналіст, карэспандэнт
Месца працы Маскоўскае бюро BBC

Паходжаньне

рэдагаваць

Розэнбэрг нарадзіўся ў 1968 годзе ў брытанскім горадзе Эпінг і гадаваўся у Чынгфардзе на поўначы Лёндану. Прадзед Розэнбэрга Хаім Гнесін паходзіў зь беларускага Шклова. 18 ліпеня 1894 году ва ўзросьце 24 гадоў ён эміграваў у Вялікую Брытанію з Расейскай імпэрыі праз балтыйскі порт Лібаву (цяперашняя Ліепая).

Розэнбэрг зацікавіўся радзімай прадзеда ў дзяцінстве, і ў 1990 годзе пабываў у Шклове[1].

Адукацыя і кар’ера

рэдагаваць

У 1991 годзе Стыў Розэнбэрг скончыў Лідскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «русістыка» і выправіўся ў Маскву. Першапачаткова ён уладкаваўся працаваць выкладчыкам ангельскай мовы ў Расейскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт. Але неўзабаве пачаў працаваць у маскоўскай рэдакцыі амэрыканскага каналу CBS. Там Розэнбэрг правёў шэсьць гадоў — спачатку працаваў перакладчыкам, затым асыстэнтам прадусара, і ўрэшце атрымаў пасаду прадусара. З 1994 па 1996 гады знаходзіўся ў складзе здымачнай групы і асьвятляў вайну ў Чачэніі.

У 1997 годзе Розэнбэрг стаў прадусарам маскоўскага бюро BBC, а праз тры гады — карэспандэнтам тэлеканалу ў Маскве. Ён асьвятляў крушэньне падводнай лодкі «Курск», тэракт у тэатры на Дуброўцы і захоп закладнікаў у школе ў Бяслане. У 2015 годзе Розэнбэргу і яшчэ некалькім журналістам урад Украіны забараніў уезд у краіну, убачыўшы ў іх працы «пагрозу нацыянальным інтарэсам» і прапаганду «тэрарыстычнай дзейнасьці». Аднак, пасьля таго як BBC назвала забарону «ганебным нападам на свабоду СМІ», ужо празь дзень украінскія ўлады яе адмянілі.[1]

Інтэрвію з Лукашэнкам

рэдагаваць

У лістападзе 2021 году Розэнбэрг узяў інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі, у якім, сярод іншага, выцягнуў прызнаньне аб дапамозе беларускіх уладаў нелегальным мігрантам незаконна трапіць у Эўразьвяз[2].