Стоп-бэнзі́н — шэраг грамадзкіх акцыяў 2011 году, зладжаных рухам «За аўто» супраць павышэньня коштаў на аўтамабільнае паліва ў Беларусі.

Стоп-бэнзін-1

рэдагаваць

Перадумовы

рэдагаваць

З нуля гадзін 7 чэрвеня падвысіліся кошты на прадукцыю канцэрну «Белнафтахім». Адпаведны загад канцэрну ўвечары 6 чэрвеня атрымалі апэратары сетак АЗС. Цана нафтапрадуктаў падвысілася на 30—33%. Гэта было чацьвертым падвышэньнем кошту на паліва цягам году[1].

Падрыхтоўка

рэдагаваць

Аргкамітэт руху «За аўто» распаўсюдзіў плян акцыі «Стоп-бэнзін» 7 чэрвеня, у сувязі з павышэньнем цэн на паліва. Было прапанавана ў 19:20 усім незадаволеным разам выехаць на праспэкт Незалежнасьці, каб у 19:30 запоўніць яго. Удзельнікаў акцыі прапаноўвалася прывязваць белыя стужачкі да антэн сваіх аўтамабіляў, прыляпляць налепкі, уключаць аварыйку і рухацца з паніжанай хуткасьцю, паступова зьбіраючыся ў агульную калёну. Даваліся парады хаатычна спыняцца на розных палосах руху, адкрываць капот, багажнік, даставаць пустыя каністры і праводзіць 15-хвілінны «рамонт» свайго аўтамабіля, у якога нібыта скончыўся бэнзін.

Ініцыятары заклікалі не займаць крайнюю правую паласу, каб не перашкаджаць грамадзкаму транспарту. «Пры кантактах ці прэтэнзіях з боку праваахоўных органаў захоўвайце валоданьне сабой, не паддавайцеся на правакацыі, не ўступайце ў нэрвовыя сваркі. Будзьце годнымі грамадзянамі сваёй краіны, адстойвайце свае правы», — так сканчаюць зварот.

Ранейшыя акцыі «Стоп-бэнзін» адбываліся 28 красавіка і 24 траўня. Арганізатара Арцёма Шаркова напярэдадні акцыяў затрымлівалі.

Хада акцыі

рэдагаваць

На знак пратэсту супраць неадэкватнага кошту на паліва дзясяткі кіроўцаў выехалі на цэнтральны праспэкт Незалежнасьці. Дзьве калёны аўтамабіляў (адна ад Галоўпаштаму, другая ад плошчы Якуба Коласа) на мінімальных хуткасьцях рушылі насустрач адзін аднаму, пасьля чаго сустрэліся ў раёне плошчы Перамогі. Трэцяя калёна выехала ў раёне цырку. Цягам двух гадзінаў з уключанымі кляксонамі і аварыйнымі сыгналамі аўтааматары езьдзілі па цэнтральным праспэкце сталіцы. Кіроўцы пачалі хаатычна спыняцца ў розных палосах руху, адчынялі капоты і багажнікі, даставалі пустыя каністры з аўтамабіляў, у якіх нібыта скончыўся бэнзін[2].

Сотні гледачоў віталі аўтамабілістамі, крычалі «Стоп бэнзін!». Да ўдзельнікаў акцыі далучыліся байкеры і раварысты.

Аўтамабілісты блякавалі міліцэйскія эвакуатары, якія спрабавалі адцягнуць машыны, што спыняліся. Дзе-нідзе даішнікі пад агульны сьмех спрабавалі адкаціць іх уручную. ДАІ дзейнічала без агрэсіі.

А 21 гадзіне акцыя скончылася.

Гэта першая маштабная грамадзянская акцыя супраціву супраць падвышэньня коштаў і зьбядненьня народу ў 2011 годзе. У акцыі ўдзельнічалі некалькі соцен машын[3]. Акцыя адзначылася арганізаванасьцю і ўзаемадапамогай.

На наступны дзень пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі, па выніках судоў яны атрымалі штрафы[4]. Яшчэ празь дзень сума, неабходная для выплаты штрафаў, была сабраная грамадзкасьцю[5].

9 чэрвеня 2011 кошты на бэнзін былі зьніжаныя[6].

На наступныя дні пасьля правядзеньня акцыі яе ўдзельнікаў пачалі выклікаць на размову ў раённыя аддзяленьні ДАІ. 10 чэрвеня ў прэс-службе УДАІ ГУУС Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту паведамілі, што праваахоўнымі органамі вялася апэратыўная здымка, на падставе якой і меркавалася вылічыць парушальнікаў і прыцягнуць іх да адказнасьці. Нумары машын былі вылічаныя па базе і разам з усімі зьвесткамі, дыскамі з фатаздымкамі і відэа адпраўленыя ў раённыя ДАІ Менску, кожная зь якіх мусіла выклікаць «сваіх» парушальнікаў. Начальніка аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС Менскага гарвыканкаму Жанна Трайно паведаміла, што:[7]

У нас ёсьць фота і відэа ўсіх прысутных на акцыі аўтамабіляў. На іх адлюстраваныя і тыя, хто трапіў туды выпадкова. Але прыцягвацца будуць менавіта парушальнікі — тыя, хто мэтанакіравана спыняўся, ствараў затор, ехаў на чырвонае сьвятло або перасоўваўся па паласе для грамадзкага транспарту. У першую чаргу, вядома, зьвернем увагу на ўлёткі і налепкі на машынах. Зразумела, што калі аўтамабіль з такой налепкай спыніўся менавіта там і менавіта тады — справа ня ў тым, што ён «закіпеў». Тым больш што многія такія аўто адразу ж заводзіліся, як толькі да іх пад’язджаў эвакуатар.

Таксама Жанна Трайно паведаміла пра пагрозу штрафаў удзельнікам акцыі:[7]

Кожнаму канкрэтнаму выпадку прававая ацэнка будзе дадзеная асобна, будзе праводзіцца разгляд. І сума штрафу будзе залежыць ад правапарушэньня. Так, язда па паласе для грамадзкага транспарту — адно пакараньне, язда на чырвонае сьвятло — другое, стварэньне затору — трэцяе.

Увечары 10 чэрвеня актывісты інфармацыйна-асьветнай установы «За Аўто» ў адным зь менскіх аддзяленьняў «Беларусбанку» заплацілі за аштрафаваных удзельнікаў акцыі пратэсту «Стоп-бензін». Агульная сума штрафаў склала больш за 3,3 млн рублёў. Зь іх 100 тыс. актывісты перадалі купюрамі наміналам 10, 20 і 50 рублёў — гэта выкладзеная ў пакет дробязь важыла каля васьмі кіляграмаў. Пералік грошай доўжыўся 45 хвілін[8]. Грошы на выплаты штрафаў удзельнікам акцыі былі сабраныя беларускай грамадзкасьцю на добраахвотнай аснове і пасьля канчатковага падліку сума сабраных сродкаў перавысіла 5,2 млн рублёў. Як паведаміў дырэктар установы Арцём Шаркоў, прынамсі, 1 млн рублёў з рэшты сродкаў, сабраных грамадзкасьцю для аштрафаваных, актывісты «За Аўто» перададуць у дзіцячы дом[8].

Стоп-бэнзін-2

рэдагаваць
 
Перакрыцьцё праспэкту Незалежнасьці супрацоўнікамі ДАІ на перакрыжавньні пр. Незалежнасьці — вул. Сурганава

Сымбалем новай акцыі стала белыя стужачкі на антэнах аўтамабіляў. Удзельнікі акцыі стыхійна, сабраліся малымі групамі ў зручных для іх месцах, з тым, каб выехаць на праспэкт Незалежнасьці строга ў момант пачатку акцыі па ўсёй даўжыні ўчастка ад Нацыянальнай бібліятэкі да Палаца чыгуначнікаў. У 19:20 ўдзельнікі акцыі па пляну зьбіраліся выехаць на праспэкт, уключыць аварыйкі і рухаюцца з паніжанай хуткасьцю, паступова зьбіраючыся ў агульную калёну[9] Праспэкт з 18 гадзінаў паступова перакрываўся супрацоўнікамі ДАІ, з аднаго боку — з выезду на мост з вуліцы Маскоўская ў бок праспэкту Незалежнасьці, з другога боку паступова перакрываўся ад Плошчы Перамогі, далей перакрывалася перакрыжаваньне пр. Незалежнасьці — пр. Машэрава (аўтамабілі не пускалі на пр. Незалежнасьці, толькі грамадзкі транспарт), далей перакрыжаваньне пр. Незалежнасьці — вул. Сурганава, дзе таксама аўтамабілі разварачвалі ў аб’езд. У 20 гадзінаў большая частка машын, якія знаходзілася на праспэкце, спыніла рух, і ўключыла гукавы сыгнал. Зь некаторых машын гучала музыка В. Цоя «Хочу перемен!».

У Менску 21 ліпеня падчас акцыі «Стоп-бэнзін» было затрыманы 4 чалавекі (Дзьмітры Грынкевіч, Яўген Сайчук, Ігар Бялоў, Юлія Лабацэвіч). Іх даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску, і склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Д. Грыневіча спачатку спынілі і адабралі правы, загадаўшы ехаць да плошчы Перамогі. На плошчы невядомыя ў цывільным адабралі ў яго ключ і давезьлі яго на машыне да сквэру Янкі Купалы. Ад сквэру затрыманых і дастаўлялі ў Цэнтральны РУУС[10]. Аднаго з удзельнікаў спынілі непасрэдна на пл. Перамогі, бліжэй до Дому РСДРП. На антэне машыны разьвівалася белая стужка, на шкле быў плякацік акцыі — чалавек, с наведзенным да галавы пісталетам ад калёнкі-бэнзазапраўкі і надпісам «Стоп-бензин». Пакуль супрацоўнік ДАІ размаўляў з вышадшым з машыны вадзіцелем і правяроў яго правы, супрацоўнік у цывільным упарта здымаў машыну на відэакамэры, з асобой увагай здымаючы пасажыра, знаходзяўшагася ў машыне, не пытаючыся на тое дазволу ні вадзіцеля, ні пасажыра. Затым, да машыны, з боку кафэ «Бярозка», праз дарогу і праз увесь праспэкт хутка падбеглі яшчэ два супрацоўніка ў цывільным, зь відэакамэрай.

Стоп-бэнзін-3

рэдагаваць

Прадумовай да гэтай акцыі стала чарговае падаражэньне бэнзіну 20 жніўня, у гэты раз на 3%, шосты раз за 2011 год. 22 жніўня а 19-й гадзіне аўтааматары плянавалі стыхійна выехаць у цэнтар Менску, каб заблякаваць рух у знак пратэсту супраць падаражаньня паліва. ДАІ прымяніла сваю ўжо адладжаную тэхніку — перакрыцьцё праспэкту Незалежнасьці і прылеглыя вуліцы, справакаваўшы заторы.

Ужо ў 18 гадзін уздоўж праспэкту Незалежнасьці назіраліся пераапранутыя супрацоўнікі органаў з рацыямі і відэакамэрамі (каля дамоў пр. Незалежнасьці, 22, 42), і ў іншых месцах. Каля ўваходу ў парк Горкага стаяў аўтаза са спэцназам. У цэнтральнай частцы Менску — каля плошчаў Кастрычніцкай, Перамогі, Якуба Коласа — была самая вялікая колькасьць супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным, якія вялі апэратыўную відэаздымку. Былі перакрытыя выезды з прылягаючых вуліцаў на праспэкт. Да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта, што на вуліцы Карма Маркса 32, падагналі трактар-эвакуатар ДАІ.

На плошчы Якуба Коласа спынілі аўтамабіль карэспандэнта газэты "Наша Ніва і загадалі пераехаць на вуліцу Янкі Купалы. Аўтамабілі з праспэкту Пераможцаў скіроўвалі на Нямігу. Каля Опэрнага тэатру, з-за перакрыцьця праспэкту, ўтварыўся вялікі аўтамабільны затор. Каля цырку супрацоўнік ДАІ спыніў машыну, якая ехала на «аварыйцы», праверыў дакумэнты, загадаў рухацца ў бок вуліцы Багдановіча, нешта перадаўшы па рацыі. З боку Нацыянальнай бібліятэкі рух да цэнтру гораду перакрылі ля Дому друку, прымушаючы аўтаўладальнікаў паварочваць з праспэкту на вуліцу Сурганава. Каля будынку РСДРП і плошчы Перамогі сканцэнтравалася вялікая колькасьць супрацоўнікаў ДАІ, якія спынялі кіроўцаў і правяралі ў у іх дакумэнты. Каля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі, Менскага аблвыканкаму і Палацу рэспублікі рух аўтамабіляў быў цалкам закрыты.

Толькі а 20-й гадзіне пачалі разыходзіцца супрацоўнікі спэцслужбаў цывільным, у гэты ж час пачалі разьяжджацца таксама аўтамабілі ДАІ. Было зьнята абмежаваньне праезду на праспэкце, і рух, які намаганьнямі супрацоўнікаў ДАІ быў абмежаваны цягам гадзіны, аднавіўся[11].

  1. ^ Галіна Абакунчык. Кошт бэнзіну павышаюць у сэзон паездак // Радыё «Свабода», 6 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  2. ^ Ігар Карней. Абураныя аўтааматары паралізавалі галоўны праспэкт сталіцы // Радыё «Свабода», 7 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  3. ^ У Менску адбылася масавая акцыя пратэсту аўтамабілістаў // БелаПАН, 7 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  4. ^ Сямён Печанко. Удзельнікам акцыі «Стоп-бэнзін» далі штрафы // Наша Ніва, 8 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  5. ^ Алесь Пілецкі. Грошы на штрафы пакараным удзельнікам акцыі «Стоп-бэнзін» сабраныя // Наша Ніва, 9 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  6. ^ Пасьля пратэсту аўтамабілістаў Лукашэнка загадаў зьнізіць цэны на бэнзін // Наша Ніва, 8 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  7. ^ а б Вольга Пруднікава, «Беларускія навіны». Удзельнікаў акцыі «Стоп-бэнзін» «прабілі» па базе і выклікаюць у ДАІ // Наша Ніва, 10 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  8. ^ а б На штрафы пайшло 8 кілаграмаў рублёў // Белсат, 11 чэрвеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  9. ^ Аўтамабілісты зноў кажуць: Стоп-бэнзін // Радыё «Свабода», 21 ліпеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  10. ^ Падчас акцыі «Стоп-бэнзін» затрыманы 4 чалавекі // Радыё «Свабода», 22 ліпеня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.
  11. ^ Акцыя «Стоп-бэнзін» 22 жніўня. Онлайн-рэпартаж // Радыё «Свабода», 22 жніўня 2011 г. Праверана 22 красавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць