Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны: розьніца паміж вэрсіямі
Новая старонка: thumb|right|Беларуская бібліятэка ў Лёндане'''Бібліятэка й музэй Францішка ... |
(Розьніцы няма)
|
Вэрсія ад 15:40, 19 лістапада 2008
Бібліятэка й музэй Францішка Скарыны ў Лёндане зьяўляецца адзінай па-за межамі Беларусі бібліятэкай, што спэцыялізуецца выняткова на Беларусі й беларускай тэматыцы. Калекцыя бібліятэкі ёсьць самай вялікай у сваёй катэгорыі ў Заходняй Эўропе. Бібліятэкай апякуецца дабрачынны траст.
Калекцыі
Велічыня калекцыі акаштоўваецца ў недзе 30 000 тамоў, сярод якіх болей за 20 былі надрукаваныя перад 1800-ым годам. Найболей грунтоўна прадстаўленыя гісторыя, літаратура, мова, рэлігія, нацыянальны й рэгіянальны фальклёр, бібліяграфія, музыка й мастацтва. Да дыспазыцыі чытачоў ёсьць таксама ўсе эталёнавыя выданьні з розных дзядзінаў ведаў. Дастаткова добра прэзэнтаваная эмігранцкая проза й паэзія ў асобных выданьнях ды ў пэрыёдыцы. Бібліятэка рэгулярна купляе як новыя публікацыі й творы, што выдаюцца ў Беларусі, так і іншамоўныя працы, што датычаць беларускай тэматыкі. Пераважную бальшыню калекцыі складаюць творы на беларускай мове; досыць вялікая частка надрукаваныя па-расейску й па-польску, меней - па-нямецку, па-француску й іншымі мовамі.
Бібліятэка падпісаная й рэгулярна дастае болей за 40 пэрыядычных выданьняў зь Беларусі й замежжа. Калекцыя пэрыёдыкі налічвае болей за 200 назоваў, сярод іх ёсьць выдадзеныя да 1939 году. Картаграфічная калекцыя зьмяшчае болей за 100 мапаў з датамі выданьня ад шаснаццатага стагодзьдзя. Беларуская музыка грунтоўна прадстаўленая калекцыяй кружэлак; запісы на касэтах або CD сустракаюцца радзей й зьмяшчаюць збольшага фольк, рок ды клясычную музыку.
Вялізарны архіў бібліятэкі зьяўляецца пакуль найменей вывучанай часткай калекцыі. Ён зьмяшчае царкоўныя дакумэнты, датаваныя васямнаццатым ды дзевятнаццатым стагодзьдзямі, матэрыялы пэрыяду Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), архівы беларускіх арганізацыяў на выгнаньні й дзеячаў эміграцыі.
Гісторыя
Ахвіцыйнае адкрыцьцё бібліятэкі адбылося ў 1971. На той момант яна зьмяшчала 6,500 тамоў бібліятэкі Беларускай каталіцкай місіі на Ангельшчыне (заснаваная ў 1948-ым годзе, у 1958-ым пераназваная ў Bibliotheca Alboruthena). Першапачатковую калекцыю складалі тамы Беларускай каталіцкай місіі й кнігі, перададзеныя бібліятэцы трыма грэка-каталіцкімі сьвятарамі - Чэславам Сіповічам, Лявом Гарошкам ды Аляксандрам Надсанам.
У бібліятэцы таксама ладзяцца міжнародныя сэмінары й канфэрэнцыі.
Вонкавыя спасылкі
- Бібліятэка й музэй Францішка Скарыны ў Лёндане - старонка бібліятэкі на бачыне, прысьвечанай беларусам у Брытаніі (па-беларуску й па-ангельску).
- Балтыйскія й славянскія бібліятэкі ў Брытаніі - дасьледаваньне па балтыйскіх і славянскіх бібліятэках у Брытаніі пасьля Другой Сусьветнай Вайны, зьмяшчае інфармацыю па Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане.