Спра́ва Аўтухо́вічакрымінальны працэс у Беларусі па абвінавачаньні шэрагу асобаў на чале зь Міколаю Аўтуховічам, якога затрымалі 8 сьнежня 2020 году па падазрэньні ў стварэньні «тэрарыстычнае групы».

Перадгісторыя

рэдагаваць

У 2009 годзе М. Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесьніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале хаты начальніка ваўкавыскай міліцыі. Праўда, асудзілі яго ў 2010 годзе толькі за захоўваньне боепрыпасаў: за 5 патронаў для паляўнічай стрэльбы Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў і 2 месяцы турмы. Тады праваабаронцы прызналі яго вязьнем сумленьня.

8 сьнежня 2020 году стала вядома пра затрыманьне прадпрымальніка й вэтэрана Аўганскае вайны Міколы Аўтуховіча, якога абвінавацілі ў стварэньні «тэрарыстычнае групы», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гарадзенскае вобласьці, падпальвала аўтамабілі й хаты супрацоўнікаў МУС[1]. Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель паведаміў 17 сьнежня, што Мікола Аўтуховіч хаваўся ў гаражы ў Берасьцейскай вобласьці ў свайго даўняга знаёмага й яго затрымалі «пры выхадзе ў краму». Разам з М. Аўтуховічам былі затрыманыя ягоныя жонка Любоў, сын і праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч[2]. У парушэньне ўсіх нормаў заканадаўства й Канстытуцыі, міжнародных абавязнасьцяў Беларусі Мікола Аўтуховіч быў пазбаўлены юрыдычнае дапамогі з боку адваката па рознага роду надуманых прычынах: позьні час і праз COVID-19[3].

25 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што затрыманая ў сьнежні «група МІколы Аўтуховіча» рыхтавала тэракты па ўсёй краіне й завозіла «тонамі зброю цераз Украіну»[4]. У гэты ж дзень сьпікер Міністэрства замежных справаў Украіны(uk) Алег Ніколенка заявіў, што «Украіна катэгарычна адхіляе чарговыя інсынуацыі Аляксандара Лукашэнкі» й што мантра пра «зброю з Украіны» дакладна ўпісваецца ў ягоную палітыку па запалохваньні беларускага народу[5].