Склада́ныя сло́вы — словы, утвораныя з двух ці больш словаў. Складаныя словы ўтвараюцца ў выніку складаньня асноў пры дапамозе злучальных галосных о (а), е (я):

  • ільно і валакно — ільновалакно
  • закон і праект — законапраект
  • зямля і карыстаньне — землекарыстаньне
  • край і від — краявід
  • сталь і варыць — сталявар
  • час і пісаць — часопіс
  • кіно і часопіс — кіначасопіс
  • карона і вірус — каранавірус

Некаторыя складаныя словы ўтвараюцца без злучальных галосных: Калінінград, Салігорск, радыёэлектроніка, інжынэр-канструктар, пяцігодка, дванаццаціпавярховы (першая частка двух апошніх словаў — від роднага склону лічэбнікаў).

У складаных словах могуць быць два націскі — асноўны й дадатковы (пабочны). Пабочны націск маюць тыя словы, ў якіх асноўны націск прыпадае не на першы склад другой часткі, а на які-небудзь іншы (другі, трэці і г. д.): во́далячэ́бніца, во́дазабясьпячэ́ньне, ву́глездабы́ча, ву́глепрамысло́васьць.

У складаных словах з адным націскам напісаньне галосных падпарадкоўваецца агульным правілам (ненаціскное о пераходзіць у а; е, ё — у я): вадавоз, хлебароб, землямер, разнастайны, мнагазначны. Ненаціскное э ў першае частцы складаных словаў захоўваецца: мэтазгодны, рэдкалесьсе, шэравокі, шэсьцьсот (але: шасьцюстамі і г. д.).

Калі ў складаным слове два націскі, тады пад пабочным, як і пад асноўным націскам, пішуцца налосныя о, ё: водаправод, водапрыёмнік, рознагалосы, многагалосьсе, многамільённы, жывёлагадоўля, лёгкаатлет[a].

Знак о пішацца і ў складаных словах з часткамі мота-, грос-, контр-, а таксама што-, сто-, проці-: мотакрос (але: матацыкль), гросмайстар, контрамера, штогод, стотысячны (але: стагодзьдзе), процілеглы, процівага.

Праз злучок пішуцца:

  • складаныя назоўнікі, якія складаюцца з двух самастойных словаў: тэлефон-аўтамат, выстаўка-продаж, генэрал-палкоўнік
  • складаныя адзінкі вымярэньня: кіляват-гадзіна, чалавек-дзень
  • складаныя ўласныя імёны: Дунін-Марцінкевіч, Салтыкоў-Шчадрын, Камянец-Падольск, Гусь-Хрустальны, Растоў-на-Доне, Усьць-Ілім, Івана-Франкоўск (але: Наваполацак, Новарасейск, Старадуб, Верхнядзьвінск)
  • складаныя прыметнікі, утвораныя на аснове спалучэньня двух словаў са злучнікам і, у тым ліку ўсе прыметнікі, якія абазначаюць колеры і іх адценьні — рабочы і сялянскі — рабоча-сялянскі, літаратурны і музычны — літаратурна-музычны, расейскі і беларускі — расейска-беларускі, чырвона-зялёны, цёмна-сіні, малочна-белы
  • складаныя прыметнікі, утвораныя ад назваў напрамкаў сьвету, у тым ліку і ўласныя назвы: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні, Усходне-Сыбірскае мора, Паўднёва-Асэтынская аўтаномная вобласьць.

Частка слова паў- пішацца праз злучок, калі яна стаіць перад уласным імем: паў-Эўропы, паў-Менску, але: паўяблыка, паўлімона, паўгода.

  1. ^ У некаторых складаных словах пабочны націск праяўляецца й тады, калі асноўны на першым складзе другой часткі: мовазнаўства, збожжаўборка, торфакрошка, фондасховішча.