Лічэбнік
Лічэ́бнік — часьціна мовы, якая абазначае адцягненую колькасьць (лік) або парадак прадметаў пры іх лічэньні: адзін, два, сем, дзесяць; адна пятая; двое, трое; другі, шосты, дзясяты.
Паводле значэньня лічэбнікі дзеляцца на:
- колькасныя
- парадкавыя.
Колькасныя лічэбнікі
рэдагавацьКолькасныя лічэбнікі адказваюць на пытаньне колькі ?. У спалучэньні з назоўнікамі яны абазначаюць колькасьць прадметаў, а без назоўнікаў — адцягнены лік: сем вучняў, дзесяць сталоў, дванаццаць кніг; дванаццаць дзеліцца на тры.
Колькасныя лічэбнікі дзеляцца на тры віды:
- лічэбнікі, якія абазначаюць цэлыя лікі: адзін, тры, пяць, пятнаццаць
- дробавыя лічэбнікі, якія абазначаюць дробавыя лікі: адна шостая, сем пятых
- зборныя лічэбнікі, якія абазначаюць сукупнасьць прадметаў: двое, трое, шасьцёра
Парадкавыя лічэбнікі
рэдагавацьПарадкавыя лічэбнікі адказваюць на пытаньне ’які ? каторы ?'. Яны паказваюць на парадкавы лік прадмета сярод іншых прадметаў пры пералічэньні: другая хата, пяты двор, восьмы паверх, шаснаццаты дзень, семдзясят другі год.
Колькасныя лічэбнікі самыя распаўсюджаныя сярод лічэбнікаў.
Лічэбнікі па складах
рэдагавацьПаводле складаў лічэбнікі падзяляюцца на:
- простыя: адзін, тры, восем
- складаныя: дваццаць, сямідзясяты
- састаўная: трыццаць сем, сто шэсьдзясят пяты
Склоны і сказы
рэдагавацьЛічэбнікі зьмяняюцца па склонах. Лічэбнікі адзін, два, абодва зьмяняюцца па родах, а лічэбнік адзін — і па ліках: адзін дом, адна кніга, адно акно; два дамы, дзьве кнігі, два акны; абодва дамы, абедзьве кнігі, абодва акны; адны сані.
Лічэбнікі могуць быць любым членам сказу:
Дзевяць[a] і восем[b] — семнаццаць[c].
Дзелім сорак[d] на дваццаць[e].
Цяпер у дваццатае[f] школе сустрэча з бацькамі.
Лічэбнік з назоўнікам можа ўтвараць спалучэньне, якое выступае адным членам сказу:
Дваццаць[g] вучняў працавала на прышкольным участку.
З двух[h] палотнішчаў сшылі сьцяг.
Перадача пачынаецца а сёмай[i] гадзіне.
Ужываньне лічэбнікаў з назоўнікамі
рэдагавацьНазоўнікі пры колькасных лічэбніках два (дзьве), абодва (абедзьве), тры, чатыры, а таксама прыметнікі, дзеепрыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, займеньнікі, што ўваходзяць у словазлучэньні з гэтымі лічэбнікамі, маюць гучаньне назоўнага склону множнага ліку: два дубы, абодва хлопцы, тры першыя новыя дамы, усе чатыры прачытаныя вершы.
У дробавых лічэбніках пры словах два (дзьве), тры, чатыры парадкавыя лічэбнікі і прыметнікі стаяць у назоўным склоне множнага ліку: дзьве шостыя, тры пятыя, чатыры сёмыя.
Пры лічэбніку паўтара (паўтары) назоўнікі стаяць у родным склоне адзіночнага ліку, калі гэтыя лічэбнікі ўжываюцца ў назоўным і вінавальным склонах: паўтара кіляграма, паўтары тоны. У іншых склонах пры лічэбніку паўтара (паўтары) назоўнікі ўжываюцца ў множным ліку: паўтара кіляграмам, паўтары тонам, паўтара кіляграмамі, паўтары тонамі, у паўтара кіляграмах, у паўтары тонах.
Пры абазначэньні адлегласьці паміж прадметамі лічэбнік з назоўнікам у беларускай мове ўжываецца з прыназоўнікам за: Спыніліся за дзесяць кілямэтраў ад места.
Правапіс лічэбнікаў
рэдагавацьКолькасныя лічэбнікі два (абодва), дзьве (абедзьве), тры, чатыры ў творным склоне маюць на канцы -ма: двума (абодвума), дзьвюмя (абедзьвюмя), трыма, чатырма.
У колькасных лічэбніках пяць, шэсьць, дзевяць — дваццаць, трыццаць мяккі знак пішацца на канцы слова, а ў лічэбніках пяцьдзясят, шэсьцьдзясят, пяцьсот, шэсьцьсот, дзевяцьсот — пасьля першага кораня.
У лічэбніку восем ва ўскосных склонах, акрамя вінавальнага, пасьля с пішацца ь: васьмі, васьмю.
Лічэбнікі адзінаццаць — дваццаць і трыццаць пішуцца з двума ц (цц) у сярэдзіне слова.
У лічэбніках пяць, дзевяць — дваццаць, трыццаць у творным склоне падаўжаецца апошні зычны асновы: пяцьцю, дзевяцьцю, дзесяцьцю, дзевятнаццацьцю, трынаццацьцю.
Складаныя парадкавыя лічэбнікі з апошняй часткай -тысячны, -мільённы, -мільярдны пішуцца ў адно слова: стотысячны, пяцьсотдваццацімільённы, трыццацімільярдны.
Калі ў гэтых лічэбніках перад часткай -тысячны, -мільённы, -мільярдны колькасьць абазначана лічбай, то пасьля лічбы пішацца злучок: 100-тысячны, 520-мільённы, 30-мільярдны.