Саюз барацьбы за свабодную Беларусь

«Саюз барацьбы за свабодную Беларусь» — беларуская кансьпірацыйная арганізацыя зь мястэчка Барысава. Арганізацыя мела на мэце здабыць незалежнасьць Беларусі.

Саюз барацьбы за свабодную Беларусь
Дата ўтварэньня восень 1941 году
Дата спыненьня існаваньня чэрвень 1942 году
Тып нелегальная
Месцазнаходжаньне Барысаў
Язэп Даўгалаў

Перадумовы рэдагаваць

У ліпені 1941 году ў Барысаў прыбыў як прыватная асоба Іван Ермачэнка. Увосені 1941 году ён узначаліць Беларускую народную самапомач. Тут у яго жылі сваякі, ён сустрэў свайго земляка Язэпа Даўгалава, былога супрацоўніка барысаўскай міліцыі, звольненага ў 1938/39 з органаў напярэдадні паходу Чырвонай Арміі на захад з прычыны шляхецкіх каранёў. Іван Ермачэнка прапанаваў апошняму арганізаваць у Барысаве «Саюз барацьбы за свабодную Беларусь».

Асноўная падпольная дзейнасьць «Саюзу барацьбы за свабодную Беларусь» павінная была зводзіцца да таго, каб заняць максімальную колькасьць ключавых пастоў у створанай немцамі тутэйшай цывільнай адміністрацыі і паліцыі і рыхтаваць сілы і сродкі для заваёвы незалежнасьці Радзімы, калі Нямеччына і СССР аслабнуць у ходзе крывавай вайны.

Дзейнасьць рэдагаваць

Выкарыстоўваючы свае магчымасьці і сувязі, Іван Ермачэнка дапамог заняць шэраг ключавых пасадаў у створанай нямецкімі акупантамі управе тым, каго рэкамендаваў туды Язэп Даўгалаў. Сярод іх была і Вольга Карнюшка, адна зь першых барысаўскіх жанчынаў-міліцыянтаў, звольненая ў 1938 годзе зь міліцыі з прычыны шляхецкіх каранёў. Сам Даўгалаў стаў дырэктарам сталовай на шклозаводзе.

Створанае Іванам Ермачэнкам і Язэпам Даўгалавым падпольле займалася ў тым ліку патаемным рыхтаваньнем і складаваньнем недзе па-за мястэчкам зброі. Збольшага яна было ліквідаваная акупантамі і калябарацыяністамі ў траўні-чэрвені 1942 году. Частка падпольнікаў загінула. Кіраўнік Саюзу, нягледзячы на жорсткія катаваньні, нікога, у тым ліку Ермачэнку, ня выдаў. Некаторыя з пакінутых у жывых падпольнікаў далучыліся да камуністычнага крыла падпольля.

Сябры рэдагаваць

Сябрамі арганізацыі былі загадчык аддзелу аховы здароўя ўправы А. Чайкін, начальнік сельскагаспадарчае камэндатуры Альфонс Імшанецкі і іншыя.

Можна меркаваць, што «Саюз барацьбы за свабодную Беларусь» меў шчыльныя кантакты з Крупскім падпольлем на чале з бургамістрам раённай управы даваенным настаўнікам Вікенціем Петрайцісам. Крупскае нацыянальна арыентаванае падпольле было выкрытае і ліквідаванае акупантамі і калябарацыяністамі летам 1942 году ўсьлед за барысаўскім Саюзам.

Памяць рэдагаваць

У 1975 годзе на фасадзе галоўнага будынка барысаўскага шклозаводу імя Ф.Э. Дзяржынскага зьявілася памятная дошка загінулым кіраўнікам падпольля, на якой напісаныя імёны галоўнага інжынэра прадпрыемства ўкраінца Ўладзімера Лазоўскага, які стаў на патрабаваньне Даўгалава дырэктарам шклозаводу, і імя самога Язэпа Даўгалава, хаця абодва не былі камуністамі (пра што ёсьць паваенныя запісы краязнаўцаў апытаньня сваякоў Язэпа Даўгалава). Але ў той час ніяк інакш, як групай партыйна-патрыятычнага падпольля места Барысава, назваць іх ніхто ня меў права. І гэта адзін зб нямногіх памятных знакаў у Беларусі, прысбвечаных нацыянальна арыентаваным антынацысцкім падпольнікам.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць