Рыгор Жалязьняк
Рыгор Самуілавіч Жалязьняк (верасень 1914, Віцебск — 1942, Мга, Мгінскі раён, Ленінградзкая вобласьць, РСФСР) — беларускі паэт і крытык. Кандыдат філялягічных навук (1941).
Рыгор Жалязьняк | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | верасень 1914 |
Памёр | жнівень 1942 (27 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | літаратуразнаўца, паэт |
Мова | беларуская мова |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў верасьні 1914 году ў Віцебску ў сям’і рабочага. Скончыўшы сямігодку, вучыўся ў 1930—1931 гадох у Віцебскай фабрычна-заводзкай вучэльні чыгуначнікаў. У 1931—1932 гадох працаваў у дэпо, літаратурным супрацоўнікам у газэце «Віцебскі пралетарый» (1931—1932). У 1932—1933 гадох займаўся ў Віцебскім кінатэхнікуме на сцэнарным аддзяленьні. Паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны інстытут гісторыі, філязофіі, літаратуры і лінгвістыкі, а ў 1936 годзе перавёўся на філялягічны факультэт Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту (1938) вучыўся тры гады ў асьпірантуры. З 1934 году — сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР.
24 чэрвеня 1941 году абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Паэзія М. А. Багдановіча». 2 ліпеня 1941 году вучоны савет Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту зацьвердзіў Жалязьняка ў навуковай ступені кандыдата філялягічных навук.
У ліпені 1941 году сышоў у войска, ваяваў на Ленінградзкім, а затым на Волхаўскім фронце, быў камандзірам мінамётнай батарэі. Старэйшы лейтэнант Жалязьняк загінуў у жніўні 1942 году пры абароне Ленінграду ў раёне Мгі і быў пахаваны ў працоўным пасёлку № 8 Мгінскага раёну Ленінградзкай вобласьці[1].
Творчасьць
рэдагавацьПершыя творы надрукаваў у 1931 годзе ў газэце «Віцебскі пралетарый». У 1933 годзе ў Віцебску ў суаўтарстве з Браніславам Люгоўскім быў выдадзены зборнік паэзіі на беларускай мове «Першы вытап»[2]. У 1934 годзе ў Віцебску выйшаў зборнік вершаў «Вясновыя будні».
Шэраг вершаў былі надрукаваныя ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949) і «Крывёю сэрца» (1967). Творы Жалязьняка ўвайшлі ў трохтомнік пад агульнай назвай «Скрыжалі памяці», прысьвечаны паэтам і пісьменьнікам Беларусі, удзельнікам нямецка-савецкай вайны, выдадзены ў 2005 годзе ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор».
Паэзія Рыгора Жалязьняка прасякнута любоўю да Радзімы, жаданьнем аддаць усе сілы дзеля яе росквіту, гатоўнасьцю абараняць ад варожага нападу. Вершам паэта ўласьцівыя напорыстасьць, энтузіязм удзельніка і сьведкі вялікіх падзеяў, публіцыстычны напал. Акрамя вершаў Жалязьняк пісаў таксама нарысы.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Багдановіч, І. Э. Жалязняк Рыгор / І. Э. Багдановіч, У. М. Ларчанка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]; маст. рэд. В. Г. Загародні. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 2 : Верабей-Іваноў. — С. 437—438.
- Жалязняк Рыгор Самуілавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2003. — Кн. 2. — С. 529.
- Жалязняк Рыгор Самуілавіч // Пісьменнікі — нашы землякі : (біяграфічныя звесткі) / Віцебская абласная бібліятэка, Аддзел бібліятэказнаўства і навуковых даследаванняў; [склад. А. М. Лемеш]. — Віцебск, 1996. — С. 12.
- Краснова-Гусачэнка, Т. За Радзіму — у смертны бой / Т. Краснова-Гусачэнка // Літаратура і мастацтва. — 2010. — 2 ліп. — С. 12.
- Ларчанка, Р. С. Жалязняк Рыгор Самуілавіч / Р. С. Ларчанка // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : [у 12 т.] / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1971. — Т. IV : Графіка-Зуйка. — С. 405.
- Рыгор Жалязняк // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 200.
- Рыгор Жалязняк // Радзіме — радок і жыццё: памяці беларускіх паэтаў, якія гераічна загінулі на Вялікай Айчыннай вайне / аўт. тэкста В. Бечык. — Мінск : Полымя, 1986. — С. 31-32.