Робэрт Котан

брытанскі антыквар, палітык

Робэрт Брус Котан (па-ангельску: Robert Bruce Cotton; 1571—1631) — ангельскі бібліяфіл і антыквар, які сабраў найбуйнейшую прыватную кніжную калекцыю свайго часу. У 1753 годзе зь ягонай бібліятэкі нарадзіўся рукапісны аддзел Брытанскага музэю, пазьней вылучыўшыся ў Брытанскую бібліятэку. Котан зацікавіўся старадаўнімі манускрыптамі падчас навучаньня ў Кембрыджы, дзе трапіў пад уплыў Ўільяма Кэмдэна. Прыцягнутыя ягонымі кнігамі, у Ўэстмінстэрскі асабняк Котана імкнуліся патрапіць многія навукоўцы Ангельшчыны. Кароль Якаў I прызначыў яго ў рыцары, а потым і ў баранэты. Фактычна ён стаў першым баранэтам Новага часу.

Партрэт Котана ў 1626 годзе

У 1601 годзе Котана абралі ў парлямэнт і ён пачаў даваць свае кнігі іншым дэпутатам. Радыкалы накшталт Джона Піма сталі зьбірацца ў ягонай хаце й выкарыстоўваць ягоныя пазнаньні для напісаньня антыўрадавых трактатаў. Некаторыя зь іх цыркулявалі пад імем Котана. Асяродзьдзе Карла I, будучы ўстрывожана дзейнасьцю Котана, пастанавіла канфіскаваць ягоную бібліятэку, а самога яго заключыць пад варту ў 1629 годзе. Яго неўзабаве выпусьцілі, аднак бібліятэку змог вярнуць сабе толькі ягоны сын.

Сярод жамчужынаў Котанаўскай бібліятэкі — Эвангельле зь Ліндысфарну й адзіны сьпіс «Бэўвульф». Котаны працягвалі пашыраць сваю калекцыю на працягу ўсяго XVII стагодзьдзя, а ў 1700 годзе ахвяравалі яго дзяржаве.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Робэрт Котансховішча мультымэдыйных матэрыялаў