Пераварот у Чэхаславаччыне 1948 году

(Перанакіравана з «Путч у Чэхаславаччыне 1948 году»)

Пераваро́т 1948 ро́ку ў Чэхаслава́ччыне (па-чэску: Únor 1948, па-славацку: Február 1948) — назва камуністычнага перавароту ў Чэхаславаччыне 20—25 лютага 1948. Пасьля прыходу да ўлады Камуністычнае партыі адбыўся пераход ад дэмакратыі да таталітарызму і далучэньне да сацыялістычнага блёку краінаў. У ЧССР 25 лютага быў сьвяточным днём.

Перадумовы

рэдагаваць

Яшчэ з ваенных часоў чэхаславацкія камуністы дамагаліся ўлады ў дзяржаве: супрацоўнічалі з СССР, пасьля 1945 намагаліся сарваць дзейнасьць астатніх партыяў, аб’яднаных у г. зв. Народным фронце. На першых паваенных выбарах у 1946 року камуністы атрымалі ў Чэхіі 40% галасоў; у Славаччыне ж перамагла Дэмакратычная партыя з 62% галасоў. Разам з сацыял-дэмакратамі камуністы сфармавалі парлямэнцкую большасьць і паступова атрымалі кантроль над паліцыяй, войскам і работніцкімі арганізацыямі. 2 ліпеня 1946 старшыня КПЧ Клемэнт Готвальд стаў прэм’ер-міністрам.

13 лютага 1948 року з МУС былі звольненыя 8 старэйшых афіцэраў-некамуністаў, што Нацыянальна-сацыялістычная партыя палічыла зачысткай ад непажаданых элемэнтаў і запатрабавала прадаставіць справаздачу пра дзейнасьць МУС. Калі міністэрства адмовілася выканаць патрабаваньні ўраду, міністры ад Нацыянальна-сацыялістычнай, Народнай і Дэмакратычнай партыяў падалі ў адстаўку, каб дабіцца роспуску ўраду. Аднак Сацыял-дэмакратычная партыя і два беспартыйныя міністры адмовіліся падтрымаць гэтае рашэньне. Таму ўрад Клемэнта Готвальда працягнуў працу і запатрабаваў ад прэзыдэнта Бэнэша замяніць 12 выбылых (з 26 чальцоў кабінэту) новымі.

Хада падзеяў

рэдагаваць

Скарыстаўшыся момантам, кампартыя пачала ладзіць па ўсёй краіне масавыя мітынгі і страйкі ў падтрымку свайго пункту гледжаньня. Найбуйнейшым мерапрыемствам стаў мітынг на Старамесцкім пляцы Прагі 21 лютага, калі, нягледзячы на анамальна халоднае надвор’е (-25 градусаў), сышліся болей за 100 000 чалавек[1]. Кампартыя пачала ствараць уласныя ўзброеныя аддзелы — народную міліцыю — і браць пад ахову масты, стратэгічныя аб’екты сталіцы на падставе чутак пра пагрозу «ўзброенага путчу».

З 23 лютага пачаліся арышты сябраў партыяў, да якіх належалі адстаўленыя міністры, і ператрусы ў іхніх хатах. Астатнія партыі Народнага фронту ўсё яшчэ спадзяваліся на разьвязаньне крызісу з дапамогай прэзыдэнта Бэнэша, які абвясьціў, што не саступіць патрабаваньням камуністаў. На ягоную падтрымку ў Праскім Градзе прайшоў дзесяцітысячны студэнцкі мітынг.

На наступны дзень, 24 лютага, адбылася ўсеагульная забастоўка, у якой удзельнічалі болей за 2,5 мільёну чалавек. Заплянаваная сьпярша як маніфэстацыя з сацыяльнымі ды эканамічнымі патрабаваньнямі, яна ператварылася ў акцыю падтрымкі камуністаў. Кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай, Нацыянал-сацыялістычнай і Народнай партыяў было замененае на пракамуністычнае.

25 лютага мітынг у Празе працягваўся, і ў другой палове Эдвард Бэнэш падпісаў адстаўку некамуністычных міністраў і даў згоду на прызначэньне замест іх прадстаўнікоў кампартыі.

27 лютага новы ўрад быў прыведзены да прысягі. Адразу пачаліся ганеньні на апазыцыянэраў, каля 250 000 чальцоў партыяў былі пазбаўленыя працы, вымушаныя былі эміграваць каля 3000 чалавек.

Лютаўскія падзеі 1948 року ў Чэхаславаччыне маюць шырокі спэктар ацэнак:

  • Дзяржаўны пераварот: дзеяньні камуністаў былі супрацьзаконнымі, неадпаведнымі канстытуцыі, адбываліся пад пагрозай узброенага супраціву з маніпуляцыяй грамадзкай думкаю. У тагачасных умовах гэта было адзіным спосабам выйсьця з крызісу, аднак прэзыдэнт Бэнэш прымаў рашэньні пад ціскам.
  • Легальны працэс у рамках тагачасных законаў: пераход улады ў рукі камуністаў быў не пераваротам, а іхнімі ўмелымі дзеяньнямі ў рамках існага заканадаўства, пры гэтым структуры ўлады былі захаваныя. Падтрымка войска, паліцыі і рабочых была выразам іхняй свабоднай волі.
  • Фармальны акт: у рэчаіснасьці адбылося проста фармальнае завяршэньне працэсу прыходу да ўлады камуністаў, распачатага адразу пасьля Другой сусьветнай вайны, у гэтак званай дататалітарнай фазе (1945—1947). Урадавы крызіс, каталізатарам якога стала пытаньне з Управай нацыянальнае бясьпекі, проста паскорыў падзеі, якія былі непазьбежныя раней ці пазьней.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Краткая история Чехословакии. С. 421.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Пераварот у Чэхаславаччыне 1948 годусховішча мультымэдыйных матэрыялаў