Прызрэнская ліга (па-альбанску: Lidhja e Prizrenit, «Альбаская ліга» або «Ліга абароны правоў Альбанскай Нацыі»[1]) — нацыянальная арганізацыя Альбаніі, створаная 10 чэрвеня 1878 году падчас альбанскага нацыянальнага адраджэньня.

Будынак, у якім зьбіралася Прызрэнская ліга, Прызрэн, Косава

Была заснавана ў старым горадзе Прызрэн, які на той час уваходзіў у склад вілаята Косава Асманскай імпэрыі. Мэтай Прызрэнскай лігі было перашкаджаць ажыцьцяўленьню пастановы Бэрлінскага кангрэсу, паводле якога некаторыя прыгранічныя тэрыторыі тагачаснай Асманскай імпэрыі былі перададзены Чарнагорыі, Грэцыі і Сэрбіі[2]. Гэты крок выклікаў хвалю абурэньня на гэтых землях, якія былі заселены этнічнымі альбанцамі.

На зьезьдзе 10 чэрвеня 1878 году прысутнічалі прадстаўнікі фэадальна-патрыярхальнай знаці, чыноўнікі і буйныя гандляры з усіх частак Альбаніі[3], у тым ліку паэт Наім Фрашэры. Першапачаткова арганізацыя была створана пры падтрымцы турэцкага ўраду, аднак у лістападзе 1878 году выказала патрабаваньні аўтаноміі для абласьцей зь пераважна альбанскім насельніцтвам, што пацягнула за сабой разрыў адносін паміж Прызрэнскай лігай і турэцкім урадам.

У 1880 годзе кіраўніком лігі стаў Абдзюль Фрашэры. Пры вялікай падтрымцы з боку народных мас турэцкія ўлады былі выгнаныя з тэрыторыяў, дзе жыло альбанскае насельніцтва. У 1881 годзе Прызрэнская ліга абвясьціла сябе часовым урадам на гэтых тэрыторыях. Але турэцкаму ўраду ўдалося разьбіць дрэнна ўзброеныя атрады альбанцаў і нанесьці Прызрэнскай лізе канчатковую паразу. Барацьба арганізацыі скончылася арыштам яе правадыроў.

Цяпер у будынку, у якім зьбіралася ліга, створаны музэй.

  1. ^ The Albanian League of Prizren (анг.). Prizren Post.
  2. ^ Albanian League (анг.). Britannica.com.
  3. ^ Elsie R. 1878 | The Resolutions of the League of Prizren (анг.)

Літаратура

рэдагаваць
  • Mazower M. The Balkans: A Short History, Modern Library Chronicles. — New York: Random House, 2000. — ISBN 0-679-64087-8