Праўнік (часопіс)
Праўнік — юрыдычны часопіс, які задзіночвае беларускамоўных студэнтаў-праўнікаў і практыкуючых юрыстаў і тэарэтыкаў права, што імкнуцца спрыяць паўставаньню нацыянальнае школы права ў Беларусі. Часопіс мае сваёй мэтай запачаткаваць і працягнуць традыцыю беларускамоўнае юрыдычнае аналітыкі, асабліва ў тых галінах, дзе выкарыстаньне беларускае мовы да гэтага часу было фрагмэнтарным (цывілістыка, гаспадарчае, працоўнае права й д.п.).
Праўнік зьмяшчае артыкулы як беларускіх праўнікаў і палітолягаў, так і перакладзеныя праўныя артыкулы выбітных прадстаўнікоў замежных праўных сыстэм. Праз актыўнае абмеркаваньне ды стварэньне арыгінальнага аўтарскага Інтэрнэтавага слоўніка паступова распрацоўваецца й папулярызоўваецца сучасная беларуская юрыдычная й паліталягічная тэрміналёгія.
Гісторыя стварэньня
рэдагавацьЮрыдычны часопіс «Праўнік» первясткова паўстаў як on-line праект у лістападзе 2004 году зь ініцыятывы шэрагу студэнтаў, магістрантаў ды асьпірантаў права Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, што імкнуліся такім чынам хаця б неяк запоўніць нястачу якаснай праўнай інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове. Аднак ужо праз паўгады функцыянаваньня ўэб-бачынкі часопіса выявілася відавочнай неабходнасьць пашырэньня праекту коштам выпуску друкаванага выданьня, першы нумар якога зьявіўся ў лістападзе 2005 году. Пасьля 1995 году назіралася ўстойлівая тэндэнцыя скарачэньня колькасьці праўных курсаў у дзяржаўных і прыватных ВНУ, што чытаюцца па-беларуску. Працэс распрацоўкі ўласнае юрыдычнае тэрміналёгіі быў замаруджаны, цягам апошніх 10-і год не было выдадзена ніводнага беларускамоўнага юрыдычнага слоўніка.
Другая прычына — імкненьне пераадолець скалянізаванае мысьленьне вялікае часткі сваіх старэйшых калегаў. Генэрацыя праўнікаў, заангажаваных у працу над гэтым часопісам, мысьліць сябе нашчадкамі й прадаўжальнікамі «ліцьвінска-беларускае» праўніцкае традыцыі.
Удзельнікі часопіса прытрымліваюцца думкі, што традыцыя гэта ёсьць эўрапейскай каранямі (кантынэнтальнае права, рымскі цывілістычны фундамэнт, ідэі канстытуцыяналізму) ды нацыянальнай па форме (беларуская мова й кшталтаваньне ўласных праўных дактрынаў, закліканых спрыяць пасьпяховай дэмакратызацыі дзесяцімільённага эўрапейскага народу). Стваральнікі часопіса не падзяляюць падыходаў, што атаясамліваюць «тэарэтыкаў савецкага права» з «айчыннай школай», а таксама не вітаюць «інтэграцыі» беларускага й расейскага заканадаўстваў.