Першая Прачыстая (Успленьне, Багародзіца, Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленьне, Успленье, Талака, Дажынкі[1]) — старажытнае земляробчае сьвята ўраджаю і падрыхтоўкі да сяўбы. Адзначаецца 28 жніўня.

Першая Прачыстая
Значэньне завяршэньне ўборкі злакаў, пачатак сяўбы азімых
Дата 28 жніўня
Дажынкі ў вёсцы Глыбокім. Заходняя Беларусь. 1934
К. Альхімовіч. Дажынкі. XIX ст.
М. Стаховіч. Дажынкі. XIX ст.

Славянскія звычаі

рэдагаваць

Асьвячалі апошні снапок, насеннае зерне, якім пасьля Прачыстай пачыналі засеўкі азімых, а таксама зёлкі і гародніну. Наладжвалі Сьвята Сьвечкі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасьцявалі. На Палесьсі рыхтавалі кашу з проса новага ўраджаю. Назіралі за бусламі, якія зьбіраліся на зжатых палях і рыхтавалі малады вывадак да далёкага пералёту ў цёплыя краі.

Прымаўкі гэтага дня: «Прыйшла Прачыстая — стала поле чыстае», «Прачыста — сяўба чыста, а касьба не чыста», «Гаспажа — хлеба дзяжа» (Берасьцейскі павет)[2]; «Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая» (Ігуменскі павет); «Надышло Ўспленьне — цягні бульбу за карэньне» (Столінскі раён); «Прачыстая не глядзіць бяла, а глядзіць, каб паляніца была» (Клічаўскі раён).

У народных песьнях гэты дзень згадваецца ў сувязі з разнастайнымі сельскагаспадарчымі работамі: «Прачыста снапкі падае», «на восець носіць», «папары мяшае», «пчолак ладзіць, кадкі мёдам налівае»[3].

Прачыста маці ішла зажынаці
У чыстае поле з пшонным пірагом.
З пшонным пірагом, з залатым сярпом.
У левай руцэ пшонны піражок,
У правай руцэ залаты сярпок:
Я раз разну — я сноп нажну,
Я і два разну — я капу нажну!
Сноп ад снапа — на валовішча,
Капа ад капы — паўтараста шагоў!
(Магілёўская губ.)[4]

Прачыста жытцо сеець,
А меншая ў помач стала,
Жытцо скора запахала,
(Мёрскі раён)

У некаторых раёнах лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца «маладое бабскае лета», якое заканчваецца на Галавасека 11 верасьня[4].

Этнографамі зафіксавана вялікая колькасьць звычаяў, абрадаў і павер’яў, што датычаць гэтага моманту, ад якога ў многім залежаў будучы ўраджай. Першыя зьвязаны з такімі магічнымі атрыбутамі, як «поўня», «яйка», «сякера», «ахвяраваньне зямлі», «сустрэча», «чысьціня» і іншымі, што суправаджаюцца рознымі і шматлікімі павер'ямі, другія — з асьвечаным зернем, малітвай. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што 28 жніўня зьяўляецца агульнаславянскім сьвятам ураджаю[5].

На Палесьсі Прачыстую называлі Зельнаю, бо асьвячалі разам са збожжам «усялякія зельля».

У 1930-х гадах у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у верасьні праходзілі фэстывалі «Дажынкі», прысьвечаныя сабранаму ўраджаю.

У незалежнай Беларусі штогод праходзіў фэстываль «Дажынкі».

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Усачёва В. В. Обжинки // Славянские древности: Этнолингвистический словарь в 5-ти томах / Под ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М.: Международные отношения, 2004. — Т. 3. — С. 448-452. — ISBN 5-7133-1207-0.
  2. ^ Крачковский Ю. Ф. Очерки быта западнорусского селянина. — Масква, 1874
  3. ^ Жыцьця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 2. — Мн., 1998. — С. 513-515
  4. ^ а б Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 8. Быт белоруса. — Вильно, 1912
  5. ^ Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002. — С. 162.

Літаратура

рэдагаваць
  • Лозка А. Беларускі народны каляндар. — Мінск: Полымя, 2002.