Партрэт Дарыяна Грэя
Партрэт Дарыяна Грэя — раман Оскара Ўайлда, апублікаваны ў 1890 годзе. У гэтым рамане аўтар зьвярнуўся да праблемы суаднесенасьці мастацтва і рэчаіснасьці, мастацтва і маралі. Задума была падказана яму сустрэчай у майстэрні знаёмага мастака, якому пазіраваў для партрэта дзіўнай прыгажосьці малады чалавек. Прататыпам Дарыяна Грэя быў паэт Джон Грэй, сябра Ўайлда, але сучасныя камэнтатары не падтрымліваюць гэтай вэрсіі.
Партрэт Дарыяна Грэя | |
The Picture of Dorian Gray | |
Вокладка першага выданьня | |
Жанр: | Гатычны раман |
---|---|
Аўтар: | Оскар Ўайлд |
Мова арыгіналу: | ангельская |
Публікацыя: | 1890 |
Асобнае выданьне: | 1891 |
Выдавецтва: | Ward, Lock, and Company |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Партрэт Дарыяна Грэя» друкаваўся першапачаткова ў 1890 годзе ў часопісе «Lippincott’s Monthly Magazine» (бел. Часопіс Ліпінкотс), які здолеў у тую пару прыцягнуць цэлы шэраг выбітных аўтараў — Стывэнсана, Уайлда, а за імі — Кіплінга, Конан Дойля, Гэрбэрта Ўэлза. Пурытанская прэса сустрэла раман у багнеты, знаходзячы яго «амаральным». Ўайлд абараняўся, і калі адзін з рэцэнзэнтаў папракнуў яго ў тым, што ён усяго толькі карыстаецца «небясьпечным» матэрыялам, падобна таму як гэта робіць у «Крэйцаравай санаце» Талстой, Ўайлд адказаў, што падобнае параўнаньне толькі лісьлівіць яму.
Але спрачаліся з Ўайлдам не адны ханжы й невукі. У аповесьці крытычна адзначалі эстэцкае любаваньне «штучкамі», якое выяўляецца да таго ж вельмі просталінейна; аднастайнасьць фарбаў і прадметаў, абавязкова яркіх, дарагіх; нагрувашчваньне імёнаў, нязьменна арыстакратычных, гучных; празьмерную стракатасьць склада.
Разнастайная «эрудыцыя», якой шэраг старонак аповесьці перагружаны, носіць характар дэкаратыўна-вонкавы. Ўайлд і не чакаў ад чытачоў, каб яны дэталёва разьбіраліся ва ўсіх дадзеных ім зьвестках. Хутчэй ён жадаў асьляпіць іх, напрыклад, тым фэервэркам з цытат, гістарычных фактаў і дарагіх камянёў, якіх ён уладкоўвае ў частцы адзінаццатай. Пры гэтым раман шэксьпіраўскага сучасьніка Томаса Лоджа «Маргарыта Амэрыкі» цытуецца амаль даслоўна, а вытрымку з хронікаў Эдварда Хола прыводзіць ужо зусім вольна, што, зрэшты, дазваляў сабе Шэксьпір, які чэрпаў матэрыял з тых жа хронікаў; гэтак жа паступае Уайлд і зь іншымі крыніцамі.
Галоўныя пэрсанажы
рэдагаваць- Дарыян Грэй — юнак, нададзены неверагоднай прыгажосьцю. Трапляючы пад уплыў ідэй новага геданізму, якія дэкляруе лорд Генры, прысьвячае сваё жыцьцё смазе асалоды й заганы. Гэта постаць дваістая. У ім спалучаюцца тонкі эстэт і нават рамантык і заганны, бязьлітасны злачынец. Гэтыя два процілеглыя бакі яго характару знаходзяцца ў сталай барацьбе адзін з адным. Дадзеная дваістасьць героя характэрна для шматлікіх гатычных раманаў.
- Бэзіл Холуорд — мастак, які напісаў партрэт Дарыяна Грэя. Ад іншых герояў яго адрозьнівае крайняя прыхільнасьць да Дарыяна Грэя, у якім ён бачыць ідэал прыгажосьці й чалавека.
- Лорд Генры — арыстакрат, прапаведнік ідэй новага геданізму, «Прынц Парадоксаў». Яго парадаксальнае, супярэчлівае мысьленьне прасякнутае крытыкай на ўсё віктарыянскае ангельскае грамадзтва. Зьяўляецца своеасаблівым Мэфістофэлем для Дарыяна Грэя.
- Сібіла Вэйн — акторка, адзін з самых дзіўных выяў рамана. Да сустрэчы з Дарыянам жыла ў сваім выдуманым сьвеце, сьвеце тэатра, была таленавітай акторкай. Каханьне паказала ёй усю штучнасьць яе свету, дзе яна не жыла, а толькі гуляла. З каханьнем у яе душы зьнікне талент, бо яна спрабуе вырвацца са сьвету ілюзій у сьвет сапраўдны. Але менавіта гэта і прыводзіць яе да згубы.
- Джэймс Вэйн — брат Сібілы, марак.