Палеская седлавіна

Палеская седлавіна, Пінская седлавіна — буйная тэктанічная структура на паўднёвым захадзе Беларусі.

Разьмяжоўвае Падляска-Берасьцейскую ўпадзіну на захадзе й Прыпяцкі прагін на ўсходзе. На поўначы й поўдні сучляняецца зь Беларускай антэклізай і Ўкраінскім шчытом, аддзяляецца ад іх больш паніжанай паверхняй падмурку. Мае слабавыразнае субмэрыдыянальнае распасьціраньне. Даўжыня седлавіны складае 150 кілямэтраў, шырыня да 135 кілямэтраў.

Глыбіня заляганьня крышталічнага падмурку занходзіцца на 300—500 мэтраў ніжэй за ўзровень мора. Усходні схіл больш стромкі, чым заходні. Падмурак ускладнены рэгіянальнымі разломамі паўночна-ўсходняга кірунку: Стаходзка-Магілёўскім і Выжаўска-Менскім. Яны перасечаныя больш дробнымі парушэньнямі — зрухамі пераважна субшыротнага й паўночна-заходняга распасьціраньня. Плятформавы чахол магутнасьцю да 650 мэтраў складаюць сярэднерыфэйскія, вэндзкія, крэйдавыя, палеаген-нэагенавыя і чацьвярцічныя адклады. Утварэньне Палескай седлавіны пачалося ў раньнім палеазоі ў сувязі з разьвіцьцём Падляска-Берасьцейскай упадзіны, усходні схіл акрэсьліўся ў позьнім дэвоне, калі фармаваўся Прыпяцкі прагін.

Літаратура

рэдагаваць
  • Клімовіч І. Палеская седлавіна // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн., 2000.