Беларуская антэкліза

Беларуская антэкліза — вялікая геалягічная структура на захадзе Рускай пліты з высокім заляганьнем крышталічнага падмурку.

Займае цэнтральную й паўночна-заходнюю часткі тэрыторыі Беларусі і паўночна-ўсходняй Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 мэтраў у падэшве, у скляпеністай частцы па ізагіпсе -300 мэтраў. Выцягнутая з усходу на захад на 350 кілямэтраў, пры шырыні 40—120 кілямэтраў. Абмежаваная на поўдні Падляска-Берасьцейскай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на ўсходзе й паўночным усходзе Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на поўначы Латыскай седлавінай, на паўночным захадзе Балтыйскай сынэклізай, на захадзе Варшаўскай упадзінай.

Фармавалася ад позьняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпеньні крышталічны падмурак залягае на абсалютных адзнаках -50 — +87 мэтраў, на сьхілах апушчаецца на глыбіню 500—700 мэтраў, на захадзе 1500—2000 мэтраў. Ён складзены з архэйскіх і ніжнепратэразойскіх мэтамарфізаваных, ультрамэтамарфізаваных і вывержаных пародаў. Плятформавы чахол утвораны зь верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і мэза-кайназойскіх пародаў. Найбольш прыўзьнятая частка вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім разьвітыя толькі нэагенавыя й чацьвярцічныя адклады. На Беларускай антэклізе вядомыя падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы падмурку (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вялейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабэн (Валожынскі) і манакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская).

У крышталічным падмурку выяўленыя Навасёлкаўскае радовішча ільмэніт-магнэтытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская антэкліза // БЭ ў 18 т., т. 2. Мн., 1996.