Пакаленьне Y

(Перанакіравана з «Пакаленьне Ы»)

Вызначэньне пакаленьне Y (па-ангельску: generation Y), як варыянт пакаленьне міленіюму ці пакаленьне Інтэрнэту адносіцца да суполкі тых асобаў, што нарадзіліся ў пэрыяд, паводле розных клясыфікацыяў, прыкладна з пачатку 1980-х і да сярэдзіны 1990-х гадоў[1][2][3][4].

Пакаленьне называецца менавіта Generation Y, каб падкрэсьліць пасьлядоўнасьць — пасьля пакаленьня Х. Тэрмін «пакаленьне X» паходзіць ад выдумкі канадзкага пісьменьніка Дугласа Куплана (па-ангельску: Douglas Couplan). Але панятак пакаленьне X (1965—1977) напачатку выкарыстоўваўся для вызначэньня брытанскай панкаватай моладзі, што наадрэз адмаўлялася прымаць каштоўнасьці папярэдніх пакаленьняў[5]. Адсюль крыху адмоўныя асацыяцыі, што дае нагоды выкарыстоўваць іншыя тэрміны: MyPod Generation (ад спалучэньня MySpace i iPod), Millenials, the Net Generation (з намёкам на важную ролю інтэрнэту ў жыцьці ўзгаданай групы), Google Generation, Echo Boomers (другая хваля нараджальнасьці пасьля пакаленьня бэбі-буму пасьляваенных гадоў) і іншыя.

Тыповы вобраз міленіяла, мужчына на скутэры.

Асаблівасьці

рэдагаваць

Гэтая група расава і культурна разнастайная. Пакаленьне Y валодае ярка выражаным адчуваньнем уласнай свабоды. Яно таксама добра падкаванае ў сфэры кампутаровых тэхналёгіяў, і гэта ўзмацняе іх упэўненасьць у сабе. Ім ня менш за іх папярэднікаў характэрны цынізм, але Gen Y мае вельмі прагматычны падыход да жыцьця і яшчэ на пачатку кар’еры задумваецца пра схемы пэнсійнага забесьпячэньня. Акрамя таго, Generation Y зьяўляецца найбольш адукаваным пакаленьнем і імкнецца да пастаяннай самаадукацыі.

Характарыстыкі супрацоўніка тыпу Gen Y паводле Bruce Tulgan of RainmakerThinking[6]:

  • Высокія патрабаваньні да сябе: яны ставяць перад сабой мэту працаваць хутчэй і лепей за іншых супрацоўнікаў.
  • Высокія патрабаваньні да працадаўцаў: яны хочуць справядлівых мэнэджараў, якія адказваюць непасрэдна за іх і дапамагаюць ім прафэсійна разьвівацца.
  • Пастаяннае навучаньне: яны імкнуцца да атрыманьня складаных задачаў, што патрабуюць крэатыўнага падыходу і ставяцца да калегаў, як да крыніцаў атрыманьня ведаў.
  • Прамая адказнасьць: яны хочуць вынікаў ужо ў першы дзень.
  • Мэтанакіраванасьць: ім неабходна ставіць бачныя мэты з блізкімі дэдлайнамі, каб даць ім адчуць сваю ўласную адказнасьць.

Таксама яго прадстаўнікоў адрозьнівае фінансавая практычнасьць. Так, 37% прадстаўнікоў пакаленьня Y зьбіраюцца пачаць назапашваньне пэнсіі раней, чым ім споўніцца 25 гадоў, і 46% тых, хто ўжо працуе, робяць гэта.

У адрозненьне ад сваіх бацькоў, якія схільныя рабіць кар’еру прыярытэтам, самыя юныя працаўнікі зацікаўленыя ў тым, каб праца не перашкаджала сям’і і асабістаму жыцьцю.

Прадстаўнікі «пакаленьня Y» не імкнуцца надоўга затрымоўвацца на адной працы — і нават у адной сфэры дзейнасьці.

Беларускі кантэкст

рэдагаваць

Тэрмін «пакаленьне Y» быў уведзены напачатку датычна моладзі ЗША і іншых краінаў англамоўнага асяродку. Але навукоўцы прыйшлі да згоды, што ў сёньняшнім глябальным сьвеце яго можна выкарыстоўваць і адносна іншых частак сьвету. Таму першае пакаленьне, што вырасла ў незалежнай Беларусі, можна з упэўненасьцю назваць пакаленьнем Y. Да таго ж шмат зь пералічаных вышэй характарыстыкаў Generation Y належыць у такой жа ступені і маладым беларусам.

Як адзначаюць навукоўцы, на зьмену пакаленьню Y прыйдзе пакаленьне Z, ці глябальнае пакаленьне. Гэта людзі, якія нарадзіліся ўжо пасьля 2000-ага году і пачатак жыцьцёвага шляху якіх супаў з глябальнай вайной з тэрарызмам.

Таксама варта адзначыць існаваньне тэрміна «пакаленьне C», межы якога вызначыць надта цяжка, але яны прыкладна супадуць з часам пакаленьня X i Z, бо галоўная яго характарыстыка — камунікацыйныя магчымасьці[7].