Нацыянальная прэмія Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі

Нацыянальная прэмія Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі (па-ўкраінску: Національна премія України імені Тараса Шевченка) — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Ўкраіны ў галіне культуры і мастацтва, названая ў гонар украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі. Пастанову аб прысуджэньні прэміі прымае прэзыдэнт Украіны на падставе прапановаў Камітэту па Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі[1].

Нацыянальная прэмія Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі
Арыгінальная назва па-ўкраінску: Національна премія України імені Тараса Шевченка
Краіна Украіна
Тып Дзяржаўная прэмія
Статус надаецца
Статыстыка
Дата заснаваньня 20 траўня 1961
Першае ўзнагароджаньне 9 траўня 1962 году

Гісторыя ўзнагароды

рэдагаваць

Прэмія была заснавана 20 траўня 1961 году пастановай Савету міністраў УССР як рэспубліканская прэмія імя Тараса Шаўчэнкі. Згодна з пастановай, гэтай прэміяй узнагароджваліся дзеячы літаратуры, мастацтва, музыкі, тэатральнага мастацтва і кінэматаграфіі.

Упершыню прэмія была ўручана 9 траўня 1962 году. Першымі дыплём і званьне ляўрэатаў атрымалі Павал Тычына, Алесь Ганчар і Платон Майбарода. Грашовая прэмія ляўрэата ў тыя часы складала 2500 рублёў.

У 1969 годзе рэспубліканская прэмія была пераназваная ў «Дзяржаўную прэмію УССР імя Т. Г. Шаўчэнкі». А 22 чэрвеня 2000 году прэміі быў прысвоены статус найвышэйшай узнагароды Ўкраіны згодна з указам прэзыдэнта Ўкраіны № 808/2000 з назвай «Нацыянальная прэмія Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі».

Палажэньне аб узнагароджаньні

рэдагаваць

Прэмія прысуджаецца ўказам прэзыдэнта Ўкраіны. Гэтай прэміяй узнагароджваюцца грамадзяне за выдатныя дасягненьні ў галіне літаратуры і мастацтва, публіцыстыкі і журналістыкі і істотны ўклад у разьвіцьцё культуры.

Штогод можа прысуджацца ня больш за дзесяць Нацыянальных прэміяў. Вылучэньне работ для прысуджэньня прэміі ажыцьцяўляецца з моманту іх публікацыі на працягу апошніх пяці гадоў, але не раней чым за паўгоду да іх вылучэньня.

Творы і працы на суісканьне Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі вылучаюць Міністэрства культуры і турызму Ўкраіны, Нацыянальная акадэмія навук Украіны, Акадэмія мастацтваў Украіны, творчыя саюзы Ўкраіны і літаратурна-мастацтвазнаўчыя аб’яднаньні Ўкраіны. Прэмія можа прысуджацца грамадзянам Украіны, іншых дзяржаваў і асобам без грамадзянства.

Нацыянальная прэмія прысуджаецца аўтару або выканаўцу адзін раз на працягу жыцьця. Яму выдаецца дыплём ляўрэата прэміі і Ганаровы знак ляўрэата. Памер грашовай прэміі ўсталёўваецца штогод указам прэзыдэнта Ўкраіны і ў 2010 годзе складаў 130 000 грыўняў.

Указ прэзыдэнта Ўкраіны аб прысуджэньні Нацыянальнай прэміі публікуецца штогод 9 сакавіка ў газэце «Урядовий кур’єр» і абвяшчаецца па радыё і тэлебачаньні.

Дыплёмы і ганаровыя знакі ляўрэатам Нацыянальнай прэміі ўручае прэзыдэнт Украіны 9 сакавіка падчас урачыстага мерапрыемства, прысьвечанага дню нараджэньня Тараса Шаўчэнкі ў Нацыянальнай опэры Ўкраіны (аднак у 2010 годзе прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч правёў ўручэньне Шаўчэнкаўскай прэміі на Чарнеч’яй гары ў Каневе, дзе пахаваны Шаўчэнка)[2].