Нараджэньне Найсьвяцейшай Багародзіцы
Нараджэ́ньне Прасьвято́й Багародзі́цы (Раство Багародзіцы, Прачы́стая другая, Бага́ч) — восеньскае хрысьціянскае сьвята, якое адзначаецца 8 верасьня:
- у Каталіцкім касьцёле і большасьці іншых хрысьціянскіх канфэсіяў — па новым стылі
- у Праваслаўнай царкве — па старым стылі (па новым стылі — 21 верасьня).
хрысьціянская традыцыя | |
Значэньне | ушанаваньне памяці пра дзень народзінаў Дзевы Марыі |
---|---|
Дата | 8 верасьня [ст. ст. 21 верасьня] |
Праваслаўная традыцыя
рэдагавацьНараджэньне Прасьвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі сьвяткуецца Царквою як дзень сусьветнае радасьці. Гэтая дабратворная падзея адбылася ў невялікім галілейскім горадзе Назарэце. Бацькамі Дзевы Марыі былі праведны Іаакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасьвяшчэньніка Аарона. Яны былі бязьдзетныя, бо Ганна была няплодная. І гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, таму Іаакім і Ганна цярпелі несправядлівыя зьдзекі ад сваіх суайчыньнікаў. Аднак яны не гублялі надзеі на літасьць Божую і далі абяцаньне прысьвяціць Богу для служньня ў храме дзіця, калі яго ім пашле Гасподзь. У адно са сьвятаў старац Іаакім прынёс у Ерусалімскі храм сваё ахвярнае прынашэньне, але першасьвяшчэньнік не прыняў яго, бо Іаакім быццам быў няварты гэтага па прычыне сваёй бясплоднасьці. У вялікім смутку, прыгнечаны горам, сьвяты Іаакім пайшоў у пустэльню, дзе са сьлязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Сьвятая Ганна, дазнаўшыся пра гэтае здарэньне, таксама шмат і шчыра малілася. Гасподзь выканаў іхнае прашэньне. Муж і жонка дасягнулі сталага ўзросту і падрыхтавалі сябе дабрадзейным жыцьцём да высокага званьня — быць бацькамі Прасьвятой Дзевы Марыі, будучай Маці Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось Архангел Гаўрыіл прынёс Іаакіму і Ганьне радасную вестку: малітвы іх пачутыя Богам, і ў іх народзіцца Найблаславёная дачка Марыя, празь якую будзе дараванае выратаваньне ўсяму сьвету. Нараджэньне Багародзіцы наблізіла прышэсьце на зямлю дабратворнага Царства Нябеснага, царства ісьціны і бессьмяротнага жыцьця.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 4
рэдагаваць- Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева,
- радасьць прынесла ўсяму сьвету,
- бо зь Цябе зазьзяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш;
- і зьняўшы пракляцьце, Ён даў благаславеньне,
- і зьнішчыўшы сьмерць, дараваў нам жыцьцё вечнае.
Кандак сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, глас 4
рэдагаваць- Іаакім і Анна ад зьнявагі за бязьдзетнасьць
- і Адам і Ева ад пагібелі сьмяротнай
- вызваліліся, Прачыстая, ў сьвятым Нараджэньні Тваім.
- Яго ж сьвяткуюць і людзі Твае,
- ад віны саграшэньняў пазбавіўшыся,
- усклікаючы да Цябе:
- няплодная нараджае Багародзіцу і Карміцельку жыцьця нашага.
Задастойнік сьвята Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы
рэдагавацьВелічай, душа мая, найслаўнейшае нараджэньне Божае Маці. Чужаснае для маці дзявоцтва і не ўласьціва дзевам дзяцей нараджэньне, на Табе ж, Багародзіца, зьдзейсьнілася тое і другое. Таму мы, усе народы зямныя, несупынна Цябе велічаем.
Народная традыцыя
рэдагавацьБагач — старадаўняе земляробчае сьвята беларусаў, што спраўлялася пасьля заканчэньня жніва. З пашырэньнем хрысьціянства Багач быў прымеркаваны да Другой Прачыстай — сьвята нараджэньня Божай Маці (8 верасьня), якая лічылася заступніцай ураджаю. Сымбаль сьвята Багача — сявенька з жытам ці пшаніцай і ўстаўленай васковай сьвечкай (збожжа вымалочвалі зь першага зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З Багачом абыходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле народнага павер’я, Багач забясьпечваў дому багацьце і шчасьце.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНараджэньне Найсьвяцейшай Багародзіцы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў