Мянчанка Менск
«Мянча́нка» — беларускі жаночы валейбольны клюб зь Менску. Спаборнічае ў Групе А айчыннага чэмпіянату. Уваходзіць у структуру валейбольнага клюбу «Менск».
Мянчанка | |
Галоўны трэнэр | Вольга Пальчэўская |
---|---|
Чэмпіянат | Група А |
2023—2024 | 1 месца |
Спасылкі | |
Афіцыйная бачына | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гісторыя
рэдагавацьКлюб быў утвораны ў 1994 годзе на базе Рэспубліканскай вучэльні алімпійскай рэзэрвы. У 1996 годзе каманда здабыла права выступіць у Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі[1]. Першапачаткова клюб меў назоў «Марыта»[2], з 1998 году менаваўся як «Белбізнэсбанк»-БДЭУ[3]. У 2000 годзе пад кіраўніцтвам Алега Гулевіча менскі клюб упершыню трапіў у прызэры беларускага чэмпіянату. У сэзоне 2000—2001 гадоў каманда дэбютавала ў Кубку ЭКВ і здабыла свой першы чэмпіёнскі тытул у нацыянальным першынстве. У сэзоне 2003—2004 гадоў «Белбізнэсбанк» стаў пераможцам міжнароднага турніру Кубак Балтыі[4] і зноў заваяваў золата чэмпіянату Беларусі. Гульню каманды вызначала дасьведчаная расейская сувязная Алена Кулікова, а нападніцкі зьвяз, у які ўваходзілі Вольга Мароз, Ганна Грабенка і Тацяна Гардзеева, трэнэр Алег Гулевіч называў наймацнейшым у беларускай лізе на той момант[1]. У сакавіку 2005 года каманда абараніла званьне пераможцы Кубка Балтыі, выгуляўшы ў фінальным матчы эстонскі «ТПУ-Картыні»[5].
У чэрвені 2006 году дружына далучылася да структуры навастворанага валейбольнага клюбу «Менск» і атрымала назву «Мянчанка»-БДЭУ. Пасьля двух запар срэбных сэзонаў падапечныя Гулевіча здабылі перамогу ў чэмпіянаце Беларусі, а ў сьнежні 2006 году і сакавіку 2007 году сьвяткавалі перамогу ў розыгрышах Кубка Беларусі. Улетку 2008 году «Мянчанку» ачоліў Генадзь Александровіч, а Гулевіч стаў ягоным асыстэнтам, аднак з прычыны няўдалага пачатку сэзону ўжо ў сьнежні таго ж году Гулевіч вярнуўся на сваю былую пасаду. Узмацніўшы склад Радмілай Берасьневай з Казахстану, «Мянчанка» выправіла турнірны стан у нацыянальным чэмпіянаце і ў выніку дакрочыла да фіналу, у якім саступіла «Атлянту». Пасьпяховым для сталічнай каманды быў сэзон 2009—2010 гадоў. «Мянчанка» была вельмі блізкая да выхаду ў Фінал чатырох Кубка выкліку, але атрымаўшы перамогу на выезьдзе ў першым чвэрцьфінальным матчы над польскай «Гвардыяй» з Уроцлаву, у хатняй гульні ў адказ саступіла зь лікам 1:3[6][7]. У сакавіку 2010 году каманда датэрмінова здабыла чацьвертае ў сваёй гісторыі золата чэмпіянату Беларусі. Найлепшай гульчыхай турніру была названая блякавальніца «Мянчанкі» і нацыянальнай зборнай Ганна Шаўчэнка, якая замяніла ў складзе перад пачаткам сэзону іншую зборніцу — Веру Клімовіч.
У сэзонах 2011—2012 і 2012—2013 гадоў «Мянчанка», перажываючы зьмену пакаленьняў, была трэцяй у беларускай Найвышэйшай лізе і зь фінансавых чыньнікаў нароўне зь іншымі прызэркамі чэмпіянатаў Беларусі не брала ўдзелу ў розыгрышах эўракубкаў. Дэфіцыт міжнародных сустрэчаў гэтыя каманды ў сэзоне 2012—2013 гадоў кампэнсавалі ўдзелам у Балтыйскай лізе. У фінальным матчы, які ладзіўся ў Елгаве, «Мянчанка» зь лікам 2:3 саступіла магілёўскаму «Камунальніку»[8]. Перад вяртаньнем у эўракубкі клюб запрасіў новага галоўнага трэнэра, якім стаў сэрб Браніслаў Мора[9]. Разам зь ім у Менск прыехалі дзьве бакавыя нападніцы, як то сэрбка Катарына Яванавіч і басьнійка Івана Гардавіч. Тым часам каманду пакінулі Настасься Гарэлік і лібэра Вольга Шчарбачэня, якія адгулялі за «Мянчанку» шэсьць сэзонаў, а таксама сувязная Натальля Цупранава, якую замяніла Кіра Астравумава з «Уралачкі». У Кубку выкліку 2013—2014 гадоў «Мянчанка» дакрочыла да 1/8 фіналу, дзе прапусьціла ў наступную стадыю францускі «Лё-Каннэ-Рашвіль», а ў нацыянальным чэмпіянаце прайграла сэрыю за золата берасьцейскаму «Прыбужжу».
У міжсэзоньне 2014 году склад «Мянчанкі» быў значна зьменены. З гарадзенскага «Нёмана» далучыліся Анжаліка Барысевіч, Настасься Канановіч і Кацярына Сіланцьева, з баранавіцкага «Атлянту» прыйшла Сьвятлана Галкіна, а з маладэчанскай «Алімпіі» прыядналася да каманды Вольга Рахман. Пры гэтых склад дружыны ўзмоцнілі Юлія Куцко і Юлія Маркоўская, а настаўнікам зноў стаў Гулевіч. У Кубку выкліку «Мянчанка» нечакана выбыла ўжо ў другім раўндзе, саступіўшы шлях сьціпламу грэцкаму клюбу «Панаксіякосу»[10], а ў фінальнай сэрыі чэмпіянату Беларусі анічога ня здолела зрабіць з мазырскай «Жамчужынай Палесься». У 2016 годзе каманда праз шэсьць гадоў вярнула сабе чэмпіёнскі тытул. У канцы сэзону Гулевіч засяродзіўся на адміністрацыйнай працы ў клюбе, а галоўным трэнэрам быў прызначаны ягоны памочнік Віктар Дубіцкі. Узмацнілі склад каманды гульчыхі нацыянальнай зборнай Ганна Каліноўская, Алена Федарынчык, Тацяна Серык і ўкраінская бакавая нападніца Тацяна Літвіноўская, а адкрыцьцём сэзону была прызнаная 16-гадовая Ганна Грышкевіч, якая ўпэўнена гуляла ў стартавым складзе[11].
Перад пачаткам сэзону 2016—2017 гадоў «Мянчанку» ачоліў Віктар Ганчароў, які раней ужо працаваў у структуры клюбу, а таксама быў галоўным трэнэрам зборнай Беларусі. Адной з найбольш прыкметных падзеяў міжсэзоньня быў пераход з турэцкага «Бэшыкташу» дасьведчанай спартоўкі Аксаны Кавальчук. У лістападзе 2016 году каманда дэбютавала ў Лізе чэмпіёнаў, дзе прабілася ў вырашальны трэці раўнд кваліфікацыі і прывезла ў Менск аднаго з грандаў жаночага валейболу — стамбульскі клюб «Эджзаджыбашы». Двойчы зазнаўшы паразу ад турчанак, менскія валейбалісткі працягнулі выступы ў Кубку ЭКВ, дзе прабіліся ў 1/8 фіналу[12]. У красавіку 2017 году каманда шосты раз заваявала тытул чэмпіёна краіны. У сэзоне 2017—2018 гадоў да шыхтаў каманды вярнулася Вольга Пальчэўская. Як і годам раней, падапечныя Віктара Ганчарова дакрочылі ў трэці раўнд Лігі чэмпіёнаў і ў барацьбе за трапленьне ў асноўны турнір эўракубка каманда саступіла яшчэ аднаму турэцкаму гранду — «Вакыфбанку», які быў дзейным пераможцам Лігі чэмпіёнаў. Здабыўшы перамогі ўва ўсіх матчах чэмпіянату, сталічныя спартоўкі заваявалі трэці раз запар залатыя мэдалі айчыннага першынства. Галоўным жа дасягненьнем быў цудоўны выступ каманды ў Кубку ЭКВ[13]. Пасьлядоўна выбіўшы з турніру сэрбскае «Адзінства» (3:1, 3:0), францускі «Бэзье» (2:3, 3:1), расейскую «Ўралачку» (3:1, 3:0) і нямецкі «Альянц» (3:2, 2:3 і 15:8 у залатым сэце), «Мянчанка» ў фінальных матчах першынства саступіла толькі «Эджзаджыбашы» (1:3, 0:3) і ў выніку стала срэбраным прызэрам турніру.
У 2018 годзе была падпісанае пагадненьне, паводле якога «Мянчанка» пачала спаборнічаць у чэмпіянаце Расеі, сумяшчаючы гэты з выступамі ў чэмпіянаце Беларусі. У міжсэзоньне Анжаліка Барысевіч выправілася гуляць у Італію, Вольга Пальчэўская атрымала цяжкую траўму, а за час новага сэзону цяжкасьці са здароўем вывелі з ладу Ганну Грышкевіч. У расейскім першынстве каманды спынілася на 10-м радку, а ў Лізе чэмпіёнаў менская каманда ня здолела выйсьці з групы, выйграўшы толькі адзін матч. Выступ у беларускім чэмпіянаце дзеля «Мянчанкі» абмежаваўся фінальнай сэрыяй, у якой каманда здабыла перамогу над берасьцейскім «Прыбужжам». Па заканчэньня сэзону Пальчэўская завяршыла гульнявую кар’еру, склад менскай дружыны таксама страціў Грышкевіч, Каліноўскую, а таксама расейку Веры Салікавай і ўкраінку Багдану Анісаву. У сэзоне 2019—2020 гадоў «Мянчанка» адмовілася ад удзелу ў Лізе чэмпіёнаў і згуляла ў Кубку ЭКВ, дзе дакрочыла да чвэрцьфіналу. Вырашальныя матчы беларускага першынства праз каранавірусную інфэкцыю былі згуляныя толькі ў верасьні 2020 году і завяршыліся чарговым золатам «Мянчанкі», якую да гэтаму часу ачоліў Станіслаў Салікаў. У наступныя гады клюб таксама здабываў залатыя мэдалі айчаннага першынства.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Путь «Белбизнесбанка»: из низов на трон. «Прессбол».
- ^ Удача с минским именем. Советская Белоруссия.
- ^ Волейбол дешевле хоккея примерно в 12 раз. БелГазета.
- ^ Балтийская отдушина. «Прессбол»
- ^ Рижские пограничники командуют в Балтии. Sportsnews.lv
- ^ Сказка с несчастливым концом. «Прессбол»
- ^ Опыт — сын ошибок. Советская Белоруссия.
- ^ Наш пьедестал. «Прессбол»
- ^ Смотрите кто пришёл. Университеты Моро. «Прессбол»
- ^ НакSOS. «Прессбол».
- ^ Юбиляры. «Прессбол»
- ^ Сорвали с петель. «Прессбол».
- ^ Девушки из высшего общества. Советская Белоруссия.