Прыбужжа Берасьце

беларускі жаночы валейбольны клюб

«Прыбу́жжа» — беларускі жаночы валейбольны клюб зь Берасьця. Спаборнічае ў Групе А айчыннага чэмпіянату. Уваходзіць у структуру валейбольнага клюбу «Берасьце». Свае хатнія матчы ладзіць на пляцоўцы спартовага комплексу «Алімп»[1] ці ў залі ўнівэрсальнага спартовага комплексу «Вікторыя».

Прыбужжа

Заснаваны 1991
Галоўны трэнэр Натальля Мелянюк
Чэмпіянат Група А
2023—2024 4 месца
Спасылкі
Афіцыйная бачына
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

Клюб быў утвораны ўвосень 1991 году. За камандай стаяў валейбольны трэнэр Валеры Зароўскі, які з ініцыятывы дырэктара берасьцейскага дывановага камбінату, што пазьней стаў менавацца ААТ «Дываны Берасьця», Сяргея Федарука. Першай назвай каманды была абраная «Дываноўшчык». Ужо адразу каманда ўзяла ўдзел у чэмпіянаце Беларусі, аднак першыя вынікі прыйшлі крыху пазьней. Ужо вынікаў сэзону 1995—1996 гадоў «Дываноўшчык» здабыў бронзавыя мэдалі айчыннага чэмпіянату. Цягам наступных трох сэзонаў берасьцейскі нязьменна ўздымаліся на п’едыстал гонару, здабываючы срэбныя і бронзавыя мэдалі. Першы зорны час у гісторыі каманды цягнуўся з 2000 па 2004 гады, калі валейбалісткі зь Берасьця заваявалі чатыры Кубкі Беларусі і двойчы станавіліся чэмпіёнкамі краіны. У 2011 годзе каманда зьмяніла назоў на «Прыбужжа»[2]. Новым галоўным трэнэрам зь лета 2013 году стаў Пётар Хілько, а Зароўскі заняў кіроўную пасаду ў клюбе[2].

Наступны выніковы этап пачаўся ў 2013 годзе. Каманда Хілько ў чэмпіёнскі сэзон 2013—2014 гадоў пракрочыла да фіналу, выбіўшы «Алімпію» і «Жамчужыну Палесься»[2]. У фінальнай сэрыі берасьцейскі саступілі ў першым матчы сталічнай «Мянчанцы», але ў другой сустрэчы здолелі выратаваць матч, калі зь ліку 2:0 не на сваю карысьць, зьмянілі яго на 2:3. У двух наступных матчах, якія ладзіліся ў Берасьці, «Прыбужжа» з аднолькавым лікам 3:0 гарантавалі сабе тытул чэмпіёнак краіны[2]. Не зважаючы на вялікі посьпех, гульчыхі з кастрычніка мелі цяжкасьці з атрыманьнем заробкаў у клюбе[2][3]. У тым жа сэзоне каманда стала ўладальніцай Кубка Беларусі, гэтак жа як у наступным. У 2015 і 2016 гадах дружына брала бронзавыя мэдалі чэмпіянату. У 2016 годзе каманду ачоліла Натальля Мелянюк.

У 2017 годзе клюб увайшоў у структуру навастворанай установы валейбольнага клюбу «Берасьце», куды яшчэ ўлучылі мужчынскі клюб «Заходні Буг». З гэтага часу адбылася перабудова каманды, якая з 2018 па 2023 гады штогод здабывала мэдалі чэмпіянату краіны. Пры гэтым «Прыбужжа» пяць разоў саступала ў фінальнай сэрыі «Мянчанцы». Шмат у чым добрыя вынікі былі павязаныя зь лідэркай каманды Аксанай Кавальчук, якая некалі была ў складзе залатой дружыны 2014 году ды вярнулася ў берасьцейскі клюб у 2020 годзе. Тым ня менш у 2022 годзе берасьцейскія валейбалісткі перарвалі гегемоніі сталічнага клюбу ў Кубку Беларусі, сэнсацыйна разграміўшы іх зь лікам 3:0[4]. Сэзон 2023—2024 гадоў скончыўся горш за папярэднія, нават не зважаючы на тое, што клюб скончыў рэгулярны сэзон на першым месцы[5]. Аднак каманда ў паўфінале была выбітая гарадзенскім «Камунальнік»-ГрДУ[6], а ў матчах за бронзавыя мэдалі саступіла магілёўскаму «Камунальніку»[7].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць