Глей

(Перанакіравана з «Мул»)

Глей, буза́, мул — тонказярністая мяккая горная парода з сумясі мінэральных і арганічных рэчываў, якая адкладаюцца на дне вадасьцёкаў і вадаёмаў.

Глей

Глей у прыродных умовах знаходзіцца ў цякучым стане, пры высушваньні набывае ўласьцівасьці цьвёрдага цела. Утрымлівае вялікую колькасьць вельмі дробных фракцый: ад 30% да 50% часьцінак маюць памер меншы за 0,01 мм.

На дне мораў і кантынэнтальных вадаёмаў (азёр, сажалак) распаўсюджаныя глеі, якія складаюцца з тонказярністых прадуктаў разбурэньня горных пародаў (тэрыгенны, гліністы, вапняны глей) і з мікраскапічных ракавінаў альбо шкілетных парэшткаў марскіх арганізмаў (глобігерынавы, дыяматавы, радыёлярыевы, птэаподава глей). Вылучаюць глеі, узбагачаныя вульканічным попелам (вульканічны глей).

Часам глей узбагачаны арганічным рэчывам (сапрапэль), раскладаньне якога выклікае серавадароднае заражэньне альбо разьвіцьцё гніласных працэсаў (гнілы глей).

Глей зьяўляецца пачатковай стадыяй фармаваньня зьвязаных асадкавых пародаў.

Глей выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы як угнаеньне альбо ў кампоставых кучах. Пэўныя віды глею (азёрны, сажалкавы, лягунны) ужываюць як угнаеньне і для мінэральнай прыкормкі хатніх жывёлаў, а таксама ў мэдыцыне для брудалекаваньня.