Меская дэлегацыя
Ме́ская дэлега́цыя (па-польску: Delegacja Miejska) — камітэт, заснаваны 27 лютага 1861 году ў Варшаве з мэтай забесьпячэньня грамадзкага парадку пасьля крывавага здушэньня расейскімі войскамі польскай патрыятычнай маніфэстацыі на Кракаўскім прадмесьці.
У склад камітэту ўвайшлі 14 чальцоў, што прадстаўлялі ўсе станы места: банкір Леапольд Кронэнбэрг, пісьменьнік Юзэф Ігнацы Крашэўскі, лекар Тытус Халубінскі, фатограф Караль Бэер, купец Францішак Ксавэры Шленкер, рабін Доў Бэр Мэйзэльс і інш. Дэлегацыя прызначала службу парадку, г. зв. канстэбляў, задачай каторых зьяўлялася заспакаеньне настрояў і недапушчэньне чарговай канфрантацыі з расейскімі войскамі.
28 лютага разам з прадстаўнікамі Сельскагаспадарчага таварыства дэлегацыя склала ліст імпэратару Аляксандру II, прапанаваны намесьніку Царства Польскага Міхаілу Гарчакову. 2 сакавіка 1861 году дэлегацыя забясьпечыла мірную працэсію пахаваньня палеглых на Павонзкаўскіх могілках. 17 сакавіка чальцы дэлегацыі дамовіліся пра вызваленьне большасьці палітычных вязьняў з Варшаўскае цытадэлі.
На царскі загад дэлегацыя сьпярша была перайменаваная ў Грамадзянскі аддзел, а 3 красавіка фармальна распушчаная.
Літаратура
рэдагаваць- Stefan Kieniewicz, Andrzej Zahorski, Władysław Zajewski. Trzy powstania narodowe. — 2006.
- Stefan Kieniewicz. Warszawa w powstaniu styczniowym. — Warszawa: 1983.
- J. Komar. Warszawskie manifestacje patriotyczne 1860—1861. — Warszawa: 1970.
- Franciszka Ramotowska. Rząd carski wobec manifestacji patriotycznych w Królestwie Polskim w latach 1860—1862. — Wrocław: 1971.
- Franciszka Ramotowska. Tajemne państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864. Struktura organizacyjna, cz. 1-2. — Warszawa: 1999—2000.