Матор Люблін

польскі футбольны клюб зь Любліна

«Матор» (па-польску: Motor) — польскі футбольны клюб з гораду Любліну. Заснаваны ў 1950 годзе. Традыцыйнымі колерамі клюбу зважаюцца жоўты, белы і сіні.

Матор
Поўная назва Motor Lublin Spółka Akcyjna
Заснаваны 1950
Горад Люблін, Польшча
Стадыён Арэна Люблін
Умяшчальнасьць: 15 247
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Экстракляса
 · 2023—2024 Першая ліга, 4 месца (падвышэньне)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
motorlublin.eu (пол.)

Гісторыя

рэдагаваць

Гісторыя «Матору» пачалася ў сьнежні 1950 году, калі група аматараў спорту пастанавіла стварыць футбольную каманду пры падтрымцы Люблінскай аўтамабільнай фабрыкі[2]. Першапачаткова клюб меў назву «Сталь», а ягоная каманда пачала гуляць у ніжніх лігах польскага футболу. Праз год каманда перайшла ў з клясы Б у клясу А, які быў эквівалентам чацьвертага дывізіёну. Увесну 1953 году «Сталь» дэбютавала ў трэцім дывізіёне, у гэтак званай Люблінска-Рэшаўскай міжваяводзкай клясе, але праз год апусьцілася ў лігу ніжэй[3].

«Сталь» вярнулася ў трэці дывізіён у 1955 годзе, а ў 1957 годзе клюб зьмяніў назву на «Матор». Поўная назва гучала як «Рабочы спартовы клюб „Матор“». У 1960 годзе польскія лігі перайшлі на восенька-веснавую сыстэму, а ў жніўні 1961 году «Матор» атрымаў паразу ў плэй-оф за выхад у другі дывізіён ад лодзеўскага «Старту»[4]. У сэзоне 1963—1964 гадоў «Матор» атрымаў перамогу ў сваёй падгрупе, а таксама здолеў апынуцца наймацнейшым у плэй-оф, выгуляўшы ў клюбаў «Улокняж», «Варшавянка», «Мазур» і «Вармія»[2]. Аднак, да падвышэньня каманда не была дапушчаная, бо дзьве ейныя гульні былі ануляваны праз тое, што адзін з гульцоў «Матору» ня быў афіцыйна зарэгістраваны[4]. Ужо праз сэзон люблінская дружына паўтарыла посьпех і здабыла месца ў другім дывізіёне[2], але там не дала рады, вярнуўшыся праз сэзон у трэці дывізіён. У 1968 годзе «Матор» здолеў прабіцца ў другі дывізіён яшчэ раз, затрымаўшыся там да 1972 году[4].

 
Футбалісты «Матора» ў сэзоне 1989—1990 гадоў.

У 1973 годзе Польскі футбольны зьвяз рэфармаваў другі дывізіён, стварыўшы дзьве групы па 16 клюбаў у кожнай. Гэтая рэформа дапамагла «Матору», які атрымаў месца ў лізе, а ў сэзоне 1973—1974 гадоў каманда зь Любліну амаль прасунулася ў Экстраклясу[2]. Цягам астатняй часткі 1970-х гадоў «Матор» быў адным зь лідэраў лігі, нарэшце, здабыўшы ў сэзоне 1979—1980 гадоў з трэнэрам Браніславам Валігурам падвышэньне ў найвышэйшы польскі дывізіён[4]. Люблінцы скончылі сэзон Экстраклясы 1980—1981 гадоў на 10-м месцы, а ў наступны сэзон спыніліся на апошнім месцы[2]. Пасьля страты месца ў эліце большасьць гульцоў засталася ў Любліне. «Матор» таксама браў удзел у Кубку Інтэртота 1982 году, спаборнічаючы зь «Люнгбю», «Дуйсбургам» і «Люцэрнам»[5].

У сэзоне 1982—1983 гадоў галоўным супернікам «маторцаў», якіх ачольваў Леслаў Цмікевіч, быў рэшаўскі клюб «Рэсовія». Пасьля 28 гульняў «Рэсовія» апярэджвала «Матор», маючы ўсяго адзін пункт перавагі. 19 чэрвеня 1983 году ў Любліне пры 30 тысячаў заўзятараў на трыбунах «Матор» перамог «Рэсовію» зь лікам 4:0 і зноў атрымаў падвышэньне ў Экстраклясу, дзе заставаўся да чэрвеня 1987 году[2]. Каманда хутка вярнулася ў эліту, але зь сярэдзіны 1990-х гадоў спартовыя паказьнікі як і фінансавы стан значна пагоршыўся. Клюб апусьціўся ў чацьверты дывізіён, а таксама быў вымушаны прайсьці рэарганізацыю. Новы ўздым клюбу пачаўся з 2020 году.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць