Мартын Німёльлер

нямецкі пратэстанцкі тэоляг

Мартын Фрыдрых Густаў Эміль Німёльлер (ням. Martin Friedrich Gustav Emil Niemöller; 14 студзеня 1892, Ліпштат, Нямеччына — 6 сакавіка 1984, Вісбадэн, ФРН) — нямецкі пратэстанцкі тэоляг, пастар пратэстанцкай эвангельскай царквы, адзін з самых вядомых у Нямеччыне непрымальнікаў нацызму. Аўтар вядомага выслоўя «Калі яны прыйшлі…»

Мартын Німёльлер у 1952 годзе

Прэзыдэнт Сусьветнай рады цэркваў, ляўрэат Міжнароднай Ленінскай прэміі міру (1967).

Маладосьць

рэдагаваць

Мартын Німёльлер нарадзіўся ў Ліпштаце, Паўночны Рэйн — Вэстфалія, 14 студзеня 1892 году ў сям’і лютэранцкага пастара Гайнрыха Німёльлера і яго жонкі Паўлы Мёльлер. Выхоўваўся ён у кансэрватыўным асяродзьдзі.[1] У 1900 годзе сям’я пераехала ў Эльбэрфэльд, дзе ён скончыў школу, здаўшы экзамэны ў 1910 годзе.

Ён пачаў кар’еру афіцэра ў ваенна-марскім флоце Нямецкай імпэрыі. У 1915 годзе быў прызначаны на падводную лодку «Thüringen», а ў кастрычніку таго ж году перайшоў на падлодку «Вулькан» (ням. Vulkan).

Ваймарская рэспубліка

рэдагаваць

20 ліпеня 1919 году ажаніўся з Эльзай Брэмэр. У гэтым самым годзе ўладкаваўся на фэрму каля Аснабруку, але фэрмерам стаць ня здолеў, на маючы дастаткова грошай на ўласную фэрму. Пазьней ён вярнуўся да сваёй ідэі зрабіцца лютаранскім пастарам і пачаў вывучаць пратэстанцкую тэалёгію ў Вэстфальскім унівэрсытэце Вільгельма ў Мюнстэры (1919—1923).

Высьвечаны ў духоўны сан 29 чэрвеня 1924[2]. Пасьля аб’яднаная эвангельская царква старапрускай уніі прызначыла яго вікарыем мюнстэрскай Царквы Збавіцеля. У 1931 Німёльлер стаў пастарам Царквы Ісуса Хрыста (у кангрэгацыі з Царквой Сьв. Ганны) ў Далеме, багатым прадмесьці Бэрліну[3].

Трэці райх

рэдагаваць

Як і бальшыня пратэстанцкіх пастараў, Німёльлер адкрыта падтрымоўваў правых апанэнтаў Ваймарскае рэспублікі. Ён вітаў прыход Гітлера да ўлады ў 1933 годзе, спадзеючыся, што гэта стане пачаткам нацыянальнага адраджэньня. Аднак ён быў нязгодны з «Арыйскім абзацам». У 1936 годзе ён з групай пратэстанцкіх царкоўных дзеячоў падпісаў пэтыцыю, якая рэзка крытыкавала нацысцкую палітыку і абвяшчала «арыйскі абзац» несумяшчальным з хрысьціянскай дабрадзеяй міласэрнасьці[1]. Нацысцкі рэжым адрэагаваў масавымі арыштамі і абвіначваньнямі супраць амаль 800 пастараў і царкоўных юрыстаў[4].

У 1933 годзе Німёльлер заснаваў Надзвычайны сход пастараў(de) — аб’яднаньне пастараў для «змаганьня з узрастаючай дыскрымінацыяй хрысьціянаў жыдоўскага паходжаньня»[3]. Да восені 1934 Німёльлер разам зь іншымі лютаранскімі і пратэстанцкімі пастарамі, такімі як Карл Барт і Дытрых Банхёфэр, стварылі Спавядальную царкву(de) — пратэстанцкую групу, якая супрацьстаяла нацыфікацыі пратэстанцкіх цэркваў(de)[3]. Пісьменьнік і нобэлеўскі ляўрэат Томас Ман апублікаваў пропаведзі Німёльлера ў ЗША і ўхваліў ягоную мужнасьць[1].

Трэба адзначыць, што Німёльлер абараняў толькі навернутых у хрысьціянства жыдоў, адначасна робячы зьняважлівыя выказваньні ў бок прадстаўнікоў юдэйскай веры. У адной з пропаведзяў 1935 году ён заўважыў: «Якія прычыны [іхняе] відавочнае кары, якая доўжыцца тысячагодзьдзямі? Дарагія браты і сёстры, прычына відавочная: жыды ўкрыжавалі Хрыста!»[5]

Арышт і зьняволеньне

рэдагаваць

Німёльлер быў арыштаваны 1 ліпеня 1937 і 2 сакавіка 1938 прадстаў перад «Асаблівым судом»(de) па падазрэньні ў антыдзяржаўнай дзейнасьці. Ён быў прыгавораны да сямімесячнага зьняволеньня і штрафу 2000 райхсмарак. Паколькі час ягонага знаходжаньня пад вартай пераўзыходзіў тэрмін судовага выраку, ён быў вызвалены з-пад варты ў залі суду, аднак адразу ж па выхадзе зь яго быў затрыманы гестапам. Утрымліваўся ў канцлягерох Заксэнхаўзэн і Дахаў. У канцы красавіка 1945 году быў перамешчаны ў Тыроль разам са 140 іншымі вядомымі вязьнямі, адкуль быў вызвалены 5-й амэрыканскай арміяй 5 траўня[6].

Пасьля вайны

рэдагаваць

Німёльлер ніколі не адмаўляў уласнае віны ў часы існаваньня нацысцкага рэжыму. У 1955 годзе было апублікаванае ягонае вядомае выслоўе «Калі яны прыйшлі…» — у якім ён асуджаў бязьдзейнасьць падчас прыходу да ўлады нацыстаў і паступовага вынішчэньня імі пэўных сацыяльных слаёў. У 1959 годзе, адказваючы на пытаньне Альфрэда Вінэра, жыдоўскага дасьледніка расізму і ваенных злачынстваў нацысцкага рэжыму, Мартын пісаў, што ягонае васьмігадовае зьняволеньне сталася паваротным пунктам у ягоным жыцьці, пасьля якога ён пачаў глядзець на рэчы іначай[7].

У 1947—1961 Німёльлер зьяўляўся прэзыдэнтам пратэстанцкае царквы ў Гесэне і Насаў. Ён быў адным з ініцыятараў «Штутгарцкай дэклярацыі вінаватасьці»(de), падпісанай выбітнымі асобамі нямецкіх пратэстанцкіх цэркваў. Дакумэнт прызнаваў, што цэрквы зрабілі недастаткова высілкаў для супрацьстаяньня нацыстам[8].

Уражаны сустрэчай з Отам Ганам (празваным «бацькам ядзернай хіміі») у ліпені 1954, Німёльлер стаў палкім пацыфістам і ўдзельнікам кампаніі за ядзернае раззбраеньне. У 1959 годзе нават быў прыцягнуты да адказнасьці за тое, што выказваўся пра войска вельмі непахвальным чынам[9]. Ягоны візыт да лідара камуністычнага Віетнаму Ха Шы Міна ў разгары Віетнамскай вайны меў вялікі розгалас[7]. Німёльлер таксама прымаў актыўны ўдзел у пратэстах супраць вайны ў Віетнаме і «Двухшляхавага рашэньня НАТО»(en)[10].

У 1961 годзе Мартын стаў прэзыдэнтам Сусьветнай рады цэркваў[3]. У 1966 годзе атрымаў Ленінскую прэмію міру.

Памёр у Вісбадэне 6 сакавіка 1984 году.

  1. ^ а б в Martin Stöhr «…habe ich geschwiegen». Zur Frage eines Antisemitismus bei Martin Niemöller (ням.)
  2. ^ Current Biography 1943, с. 555
  3. ^ а б в г "Niemöller," 8:698.
  4. ^ https://web.archive.org/web/20110824163850/http://www.dhm.de/lemo/html/nazi/innenpolitik/bekennende/index.html, Нямецкі гістарычны музэй
  5. ^ Тэкст пропаведзі па-ангельску: Martin Niemöller, First Commandment, London, 1937, с. 243–250.
  6. ^ georg-elser-arbeitskreis.de (ням.)
  7. ^ а б Spartacus Educational website
  8. ^ Гаральд Марк’юз (прафэсар гісторыі ўнівэрсытэту Санта-Барбары) «Штутгарцкая дэклярацыя вінаватасьці», уводзіны і пераклад (анг.) Праверана 30 ліпеня 2006 г.
  9. ^ WDR online:"Soldaten sind Mörder!"
  10. ^ Храналягічная шкала Німёльлеравага жыцьця

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Мартын Німёльлерсховішча мультымэдыйных матэрыялаў