Мае дзевяностыя
«Мае́ дзевяно́стыя» — аўтабіяграфічны раман беларускага пісьменьніка сучаснай эпохі Альгерда Бахарэвіча, выдадзены ў 2018 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч». Бескампрамісная кніга пра маладосьць і свабоду, пра ідэальны час для памылак і экспэрымэнтаў. Бахарэвіч піша пра сябе, але расказвае пра краіну і людзей у той час.
Мае дзевяностыя | |
па-беларуску: Мае дзевяностыя | |
Жанр: | аўтабіяграфічны раман |
---|---|
Аўтар: | Альгерд Бахарэвіч |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 2018 |
Публікацыя: | 2018 |
Выдавецтва: | Янушкевіч |
Колькасьць старонак: | 312 |
Папярэдні твор: | Сабакі Эўропы |
ISBN: | 978-985-7165-89-6 |
Сюжэт
рэдагавацьГэта найноўшая гісторыя краіны праз гісторыю сталеньня асобы. Дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя: такія нядаўнія і такія далёкія. Ці заслугоўваюць яны настальгіі? Якім быў горад Менск у тую раніцу беларускай незалежнасьці? Што нас захапляла і што палохала, як мы адкрывалі сябе, як біліся, пілі, як любілі — і аб чым марылі? Вядомы пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, маладосьць якога прыпала акурат на гэты «ліхі» час, спрабуе рэканструяваць яго ў сваёй новай, шчырай і наскрозь аўтабіяграфічнай кнізе. Апошнія канвульсіі СССР вачыма вучня сярэдняй школы, вольнае студэнцтва, літаратурная рэвалюцыя, беларускі панк-рок, драмы і камэдыі прыватнага жыцьця.
Дзевяностыя аўтар сустрэў школьнікам Алегам у менскіх Шабанах, а разьвітаўся зь імі пісьменьнікам Альгердам. Паміж усім гэтым было навучаньне ў пэдінстытуце, галасаваньне за Пазьняка, праца карэспандэнтам у шматтыражцы трактарнага завода, заснаваньне і заняпад уласнага панк-гурту «Правакацыя», літаб’яднаньне «Крыніца», Бум-Бам-Літ. А ў краіне праходзілі мітынгі, выбары, забастоўкі, галадоўкі.
Цікавыя факты
рэдагаваць- У 2019 годзе Альгерд Бахарэвіч адмовіўся ад ўдзелу ў Прэміі Гедройца. Выдавецтва «Янушкевіч», якое выдала кнігу, ня вылучыла яе на прэмію. Сябры журы маюць права самастойна намінаваць кнігі, таму яны прапанавалі сакратарыяту ўзнагароды зьвярнуццца да выдаўца і аўтара з просьбай прадаставіць электронную вэрсію выданьня, каб усё ж такі намінаваць раман. У выніку праведзеных перамоваў сакратарыят атрымаў ліст ад Альгерда Бахарэвіча з адмовай удзельнічаць у сёлетняй Прэміі Гедройца. Такім чынам, кніга «Мае дзевяностыя» не была ўключаная ў агульны сьпіс намінантаў.[1]
Узнагароды
рэдагаваць- Паводле вынікаў прэміі «Кніга году 2018» кніга «Мае дзевяностыя» набрала 19 галасоў журы і падзяліла 2 месца з раманам Ільлі Сіна «Libido».[2]