Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага
Літарату́рны музэ́й Максі́ма Гарэ́цкага — філія Амсьціслаўскага раённага гісторыка-археалягічнага музэю. Заснаваны 15 студзеня 1993 року ў вёсцы Багацькаўка Амсьціслаўскага раёну паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і рашэньня Мсьціслаўскага раённага Савету народных дэпутатаў.
Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага | |
Месцазнаходжаньне | Багацькаўка, Беларусь |
---|---|
Тэматыка калекцыі | гісторыка-археалягічная |
Створаны | 15 студзеня 1993 г. |
Хата, дзе М. Гарэцкі нарадзіўся і пражыў палову жыцьця, згарэла. Засталіся толькі пляцоўка, падворак і частка саду. Узнаўленьне мэмарыяльнай сядзібы адбылося з ініцыятывы пісьменьніка У. Караткевіча. Музэй разьмясьціўся ў адноўленай хаце, якая ўяўляе вясковую жылую пабудову ў традыцыях канца XIX стагодзьдзя і складаецца з 3 частак: цёмнай (цёплай) хаты, сьветлай (халоднай) і сеняў.
Экспазыцыйная плошча 79,1 м². Разьмешчаная ў 2 залях экспазыцыя раскрывае складанасьць жыцьцёвага і творчага лёсу Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Крыніцамі дакумэнтальных зьвестак для яе стварэньня зьявіліся ўспаміны брата М. Гарэцкага Гаўрылы, дачкі пісьменьніка Галіны, ягонай жонкі — дзіцячай пісьменьніцы Л. Чарняўскай-Гарэцкай і малодшага брата Парфірыя.
У 2007 пачалося абнаўленьне літаратурнай часткі экспазыцыі з удзелам Р. Гарэцкага, пляменьніка М. Гарэцкага. Экспазыцыя музэю складаецца зь літаратурнай часткі, якая прадстаўляе асноўныя этапы творчай біяграфіі пісьменьніка, і этнаграфічнай — з увядзеньнем у інтэр’ер дакумэнтальнага матэрыялу. Паказаныя пэрыяды жыцьця і творчасьці М. Гарэцкага: багацькаўскі і першы горацкі (1893—1913) — дзяцінства ў Багацькаўцы, вучоба ў Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні, літаратурны дэбют пісьменьніка; першы віленскі (1913—1914) — праца каморнікам на Віленшчыне, потым I сусьветная вайна, служба ў царскай арміі, выданьне першага зборніка «Рунь»; смаленскі пэрыяд (1917—1919) — выданьне «Расейска-беларускага слоўніка», сустрэчы зь Я. Купалам; другі віленскі (1919—1923) — выкладаньне беларускай мовы і літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі, праца над «Гісторыяй беларускае літаратуры», драматычнымі абразкамі, стварэньне вострапраблемных артыкулаў, Лукіская турма; першы менскі (1923—1925) — праца ў Інбелкульце, выкладаньне беларусазнаўства на рабфаку БДУ; другі горацкі пэрыяд (1926—1928) — праца ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках; другі менскі (1928—1930) — праца ў Акадэміі навук БССР, арышт, менская турма; вяцкі (1931—1935) — праца ў высылцы; кіраўскі (1935—1937) — выкладаньне, арышт, расстрэл. У экспазыцыі дэманструюцца арыгінальныя матэрыялы і копіі, у тым ліку пачатку мінулага стагодзьдзя: фатаздымкі, дакумэнты, рукапісы твораў («У лазьні», «Жалобная камэдыя» і інш.), кнігі, газэтныя нататкі, паштоўкі, лісты. Сярод экспанатаў кнігі М. Гарэцкага «Рунь», «На імпэрыялістычнай вайне», «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка», «Дзьве душы», «Гісторыя беларускае літаратуры» і інш., літаратуразнаўчыя дасьледаваньні спадчыны братоў Гарэцкіх XX — пачатку XXI ст., зборнікі Міжнародных Гарэцкіх чытаньняў, успамінаў і інтэрвію, фатаздымкі.
Літаратура
рэдагаваць- Ліўшыц, Уладзімір. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Кароткі даведнік. — Орша: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 1997. — 69 с. — ISBN 985-6120-13-6