Лянок (танец)

беларускі народны танец

„Ляно́к“ — беларускі народны ілюстрацыйна-выяўленчы танец[1]. Вядомы па ўсёй Беларусі. Музычны памер — двухдольны. Тэмп — ад павольнага да ўмерана хуткага[2].

Належыць да групы карагодаў, якія адлюстроўваюць чалавечую дзейнасьць. Удзельнікі карагоду суправаджалі сьпеў ілюстрацыйнымі, пераймальнымі рухамі — пра сяўбу, праполку, уборку, сушэньне, мяцьце, прадзеньне льну[3].

Асноўны малюнак „Лянка“ — кола, у цэнтры якога салістка запявала, а ўдзельнікі карагоду падпявалі. Удзельнікі хадзілі парамі па коле, прытупваючы. Салістка паказвала, як сеяла, прыбівала лён і інш. У гэтай частцы тэмп сярэдні, рухі мяккія, строгія. Пасьля працэсу апрацоўкі льну да танцу далучаюцца хлопцы, тэмп нарастае[3]. Зафіксаваны й іншы варыянт карагоду: юнакі становяцца ў шэраг насупраць дзяўчат. Першымі рухі пачынаюць дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць. У наступным куплеце ролі мяняюцца[2].

Варыянты сьпеваў[2]
Магілёўшчына Віцебшчына Куранец Вялейскага раёну

Як пасею я лянок
Пры дарозе, пры лужку.
Ой лі, о ха-ха,
Пры дарозе, пры лужку.*

Мне сказалі, што мой лён,
Ён прыбіт і прывалён.
Як была я малада,
Танкапраліцай была…

Ох, я сеяла, сеяла лён,
Я сеяла, прыгаварывала,
Чобатамі прыкалачывала.
Ты ўдайся, ўдайся, мой лён,
Ты ўдайся, мой беленькі…

Урадзіўся на полі наш лянок,
Наш шаўковы кужалёк.
Ах, мы сеялі, сеялі лянок.

Потым сьпявалі пра тое, як лянок палолі, рвалі, малацілі, церлі, трапалі, пралі, снавалі, бялілі. Песьню сканчалі словамі:

Сшыла Ганна**
Сабе кашульку.

* У кожным куплеце паўтараецца другі радок. ** Тут можна падставіць любое імя.

У 1939 року ўпершыню пастаўлены на сцэне, у балеце Міхаіла Крошнэра(d) „Салавей“ (пастаноўка Аляксея Ермалаева(d))[3].

  1. ^ Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў. — Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с. — ISBN 5-33801097-8
  2. ^ а б в В. А. Мяжэвіч, настаўнік Смалянскай сярэдняй школы Аршанскага раёна „Ой, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты!“ // Беларуская мова і літаратура. — 2006. — № 4.
  3. ^ а б в Танцы, отображающие трудовые процессы и бытовые явления (рас.) Лаптем об пол Праверана 5 кастрычніка 2022 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.